1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

Непаўторная вясна

- Пеця? Ты?! - узрадавана, быццам убачыла вельмі блізкага чалавека, закрычала Люба. - Што ты тут робіш?- Я? - Ён прыдумаў некалькі варыянтаў, каб растлумачыць, чаму ён ходзіць тут, але ўсе яны прызначаліся для незнаёмых, а таму на момант сумеўся. - Я... проста хаджу... падарожнічаю... Цікава, ведаеш...- А-а, я забылася, ты ж - паэт. Табе трэба ўсюды хадзіць і ўсё бачыць...- А ты?- А я працую тут. У гэтай хаце кватарую. Заходзь. Я вельмі рада, Пеця, што сустрэла цябе. Ой, Пецечка! Тут такая сумота, такая сумота. Ніводнага культурнага чалавека. Няма з кім словам перакінуцца. Я так рада... Хадзем жа ў хату!Яна гаварыла бясконца, не даючы яму ні запярэчыць, ні падзякаваць. У кватэру ўвяла яго пад руку і адразу закрычала маладой гаспадыні:- Маруся! Глядзі, каго я прывяла! Мой школьны таварыш... Мы разам вучыліся некалі... А цяпер вось ходзіць, падарожнічае... Я выходжу на вуліцу, а ён стаіць - хатай нашай любуецца. Як адчуваў...- Ды ўжо ж адчуваў! - засмяялася гаспадыня.- Не, Маруся, не думай, што ён шукаў мяне. Ён і не ведаў, што я тут, а проста так ішоў. Але я так рада, што мы сустрэліся... Так рада...- А хто госцю не радуецца! - сказала гаспадыня, спрытна выціраючы крэсла і ветліва запрашаючы сесці. Пятру яна здалася такой добрай, такой ласкавай, што ён адразу ўспомніў другую гаспадыню, з-за якой павінен быў пакінуць любую дзяўчыну, і сэрца яго зноў балюча сціснулася.««А хто госцю не радуецца!» Сапраўды, хто госцю не радуецца? А вось жа там не ўзрадавалася, ведзьма прагная! Я ўсё жыццё буду праклінаць цябе!»Зморанага пасля душэўных пакут, яго вельмі расчуліла і пакарыла ласкавасць Любы і гаспадыні.- Пецечка! Ты будзь тут як дома, умывайся!.. А я на хвіліначку выскачу... - Люба бегала па хаце, уздымаючы падолам сукенкі вецер.«Пецечка».Пятро ўспомніў, што Саша ні разу не назвала яго так пяшчотна, нават «Пеця» яна казала яму вельмі рэдка, усё неяк абыходзілася безназоўна. Чаму? Чаму яна пазбягала яго імя? Зноў успыхнула падазронасць. У жыцці яго амаль ніхто так не называў - памяншальна-ласкава. Дома маці, сёстры, суседзі чамусьці з самага маленства, як ён і помніць, называлі Пятро ці Пятрок, што, ён лічыў, адно і тое ж, бо «к» гэтае большасць людзей неяк глытала. У тэхнікуме - усе сябры і настаўнікі - звярталіся толькі па прозвішчу - Шапятовіч. Неяк ужо так здараецца, што аднаго называюць толькі па імі і да гэтага ўсе прывыкаюць, нават у афіцыйных абставінах, другога ж - толькі па прозвішчу, нават у самай інтымнай сяброўскай кампаніі.А таму Люба сваёй хітрай ласкавасцю закранула адну з тых тоненькіх струн душы, якую вельмі нялёгка знайсці, але, знайшоўшы, даволі лёгка зайграць на ёй. Свядома яна гэта рабіла ці несвядома - хто ведае. Магчыма, што яна ў свае дзевятнаццаць год мела ўжо нейкі вопыт, як прывабіць хлопца. Ва ўсякім разе, на рамантычнага, узнёслага ў сваіх марах юнака такі зварот яе зрабіў моцнае ўражанне, ён быў удзячны Любе, і яму захацелася адплаціць ёй такой жа ўвагай і ласкавасцю. Адчуванне цеплыні і сардэчнасці дапаўняла гаспадыня сваёй ветлівасцю. Люба пайшла, а гаспадыня памагла яму ўмыцца - узлівала на рукі, дастала з куфра чысты, вышываны пеўнікамі ручнік. А потым адразу ж распаліла на прыпечку і пачала смажыць яечню. Спрытна ўвіхаючыся, Маруся даверліва расказвала пра сябе. Маладая салдатка, муж служыць у арміі, яна жыве са свякрухай, але старой дома няма - пайшла да дачкі, і добра, што няма яе, бо старая хоць увогуле і добрая жанчына, але, як усе старыя, бурклівая: цяжка ёй зразумець маладых. А з Любай яны жывуць, як сёстры, - усё давяраюць адна адной.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34