Сэрца на далонi, частка 2

Асноўныя работы ў аперацыйнай былi закончаны. Апошнiя днi поркалiся з тэлевiзiйнай апаратурай. Яраша доўга не задавальняла яркасць адбiтка на экране, i ён выгнаў з iнжынера, з рабочых i з самога сябе сем патоў, пакуль дамогся, каб дарагая навiнка гэтая давала належны эфект i карысць. Калi тэхнiкi пайшлi "замочваць" добрую справу за яго прэмiяльныя, Яраш застаўся адзiн. Ён яшчэ раз агледзеў сваю гаспадарку, якой употай ганарыўся. Усюды - нiкеляваная сталь: безлiч блiскучых iнструментаў у шкляных шафах, дэталi апаратаў. Сталь, якая ў разумных руках хiрурга прыносiць людзям ратунак, жыццё. О, ён ведаў вартасць сталi! Але не дзеля таго, каб лiшнi раз агледзець аперацыйную, ён застаўся. Хацелася самому, без спецыялiстаў, праверыць тэлеапаратуру. Быў у яго непахiсны закон - усё ўмець рабiць самому. Ён палажыў на аперацыйны стол разгорнуты падручнiк па анатомii, навёў на старонку тэлевiзiйную пушку, якая была ўманцiравана ў бясценевую лямпу. Нацiснуў кнопкi. Засвяцiўся экран, задрыжалi на момант звiлiстыя нiткi кадраў. А потым застыў павялiчаны адбiтак каленнага сустава. Ён гартаў старонкi i бачыў на экране свае рукi. Чалавеку старонняму магло б здацца, што ён забаўляецца, як дзiця, цешыцца новай цацкай, назначэнне якой у аперацыйнай не кожнаму лёгка зразумець. На экране з"явiлася сэрца. Яраш перастаў гартаць старонкi падручнiка, выпрастаўся i ўважлiва пачаў разглядаць адбiтак, быццам убачыў гэтае дзiва першы раз у жыццi. У той мiг ён падумаў пра Зосю. I яго ўласнае сэрца дало пачуць сябе. Такiя нечаканыя штуршкi ён адчуваў ужо некалькi разоў. Няўжо гэта боязь будучай аперацыi? Яраш выключыў устаноўку i бясценевыя лямпы i адышоў да шырачэзнага - на ўсю сцяну - акна. Вечарэла. Сад пакрыўся ценем ад будынкаў. Сонца заходзiла з другога боку, за бальнiчнымi карпусамi. Адзiны прамень яго прабiўся памiж муроў i асвяцiў верхавiны таполяў, маладых, але самых высокiх дрэў. Яраш прыгадаў, што таполевая алея гэтая была пасаджана ў вясну Перамогi. I вунь якiя вымахалi дрэвы! У садзе гулялi хворыя. Адны сядзелi, другiя хадзiлi. Санiтарка ў белым халаце гушкала дзiця, загорнутае ў такi ж шэры бальнiчны халат, якiя былi i на дарослых. Яраш ненавiдзеў форму i колер гэтых халатаў i ўжо колькi год вёў вайну, каб замянiць iх. З iм згаджалiся, а пасля - ён ведаў - кпiлi, ацэньваючы яго дамаганнi як дзiвацтва таленавiтага чалавека, якi ва ўсiм хоча быць арыгiнальным. Амаль пад самым акном аперацыйнай пад яблыняй сядзелi трое маладых людзей: адзiн у бальнiчным халаце з падвязанай рукой, двое ў майках. Хлопцы разлiвалi вiно. Хворы быў яго, Ярашаў, рабочы-будаўнiк з пераломам рукi. Але як трапiлi сюды ў такi час наведвальнiкi? "Хаця б схавалiся. А то расселiся на вачах усёй бальнiцы. Вось жа лайдакi!" - з нязлосным дакорам падумаў хiрург. Ён мог адчынiць акно i накрычаць на хлопцаў. Але замест гэтага далiкатна адступiў у глыб аперацыйнай, каб не спугнуць iх. I самому яму захацелася хутчэй апынуцца на дачы. Сесцi вось так на траву, каля свайго ўлюбёнага вогнiшча. А потым ляжаць, глядзець у неба i слухаць крыху блытаныя, але цiкавыя разважаннi Шыковiча пра палiтыку, мараль i лiтаратуру. Пра адно толькi падумаў з непрыемнасцю: зноў трэба тлумачыць Галiне, дзе так затрымаўся. Але не ўзлаваўся на жонку, а пашкадаваў яе: яна варта жалю за сваю неразумную рэўнасць. Павярнуўся, каб пайсцi, i ў адчыненых шкляных дзвярах убачыў Машу. Яго трохi спалохала, што сястра магла доўга назiраць за iм. I ён спытаў амаль груба: