Сэрца на далонi, частка 2

- Хто такiя Доктар, "Хiрург", Маруся, Насця? Вось што мяне цiкавiць. Шыковiч iшоў, збiраючыся перадаць расказ Яраша, асаблiва тую частку, што тычылася Савiча. Сказаць, што жывая дачка доктара. Гукан адарваўся ад папер, пранiклiва паглядзеў на пiсьменнiка праз акуляры, потым паверх iх. Пакачаў галавой, уздыхнуў. - Не помню, брат. Марусь сувязных у нас быў добры дзесятак. Каторая з iх? Бачыш, што я табе скажу, Кiрыла Васiльевiч. Варава быў цiкавы чалавек. Але ў яго было многа дзiвацтваў. Не ў дакор нябожчыку. Была ў яго схiльнасць да розных прыгод, часам проста-такi авантурнага характару. Помню, яго на абкоме яшчэ прабiралi за нейкую рызыкоўную аперацыю. Ён стварыў такую заблытаную агентуру, навыдумляў столькi самадзейных кодаў i шыфровак, што пасля мы не маглi разабрацца, што да чаго. I разам з тым, я табе скажу, быў даверлiвы, як дзiця. Яго агенты потым правальвалi нашых людзей. Ды i сам ён загiнуў праз гэтую сваю залiшнюю даверлiвасць. Хацеў прыручыць ваўка. Пайшоў на сустрэчу з начальнiкам палiцыi. А той гад замест трох чалавек аховы, як дамовiлiся, узяў трыццаць. Зрабiў засаду. Яны ўжо сышлiся, пачалi гутарыць, як iх абкружылi. I Пракоп, каб не трапiць у iх лапы, узарваў гранату. У кiшэнi. Самога насмерць. Начальнiку палiцыi адарвала нагу... Пра гэта Шыковiч ведаў. I пiсаў. Нiчога новага i нiчога такога... зняважлiвага для кагосьцi Гукан не сказаў. Аб"ектыўная спакойная ацэнка людзей i фактаў, якiя сталi ўжо гiсторыяй. Але, вiдаць, менавiта праз тое, што Гукан гаварыў пра Вараву, пра невядомых падпольшчыкаў i сувязных, як пра нейкiх далёкiх гiстарычных асоб, а ён, Кiрыла, апошнi тыдзень жыў з iмi, як з блiзкiмi i дарагiмi людзьмi, Шыковiчу расхацелася расказваць пра Савiча i Зосю. Забiраючы ад Сямёна Парфёнавiча паперы, ён таксама ўздыхнуў: - Нялёгка, вiдаць, дакапацца цяпер да iсцiны. Гукан зняў акуляры, працiраў пальцамi вочы, быццам вельмi стамiў iх, прачытаўшы тры запiскi. Спытаў: - Дык, значыцца, сядзiш у архiве? - Сяджу. - Такiх дробных загадак там многа. I ўвогуле, Кiрыла Васiльевiч, - Гукан ускiнуў галаву, усмiхнуўся, - няўжо цябе не хвалююць праблемы сённяшняга дня, што ты залез у склеп да Сыраквашкi? Такiя падзеi! Да з"езда iдзём. Ды да якога з"езда! Чытаеш - дух займае. - А гэтыя праблемы, - Кiрыла ляпнуў па згорнутых копiях, - па-вашаму, трэба пахаваць назаўсёды? - У голасе яго прагучала раздражнёнасць. Старшыня чамусьцi адразу ўспомнiў пра ўчынак сына гэтага дапытлiвага даследчыка партызанскiх архiваў. "Навошта чалавек прытвараецца, што яго больш за ўсё цiкавiць сёння Варава, доктар i справы падпольшчыкаў?" - Чаму пахаваць? Няхай капаюцца гiсторыкi, iх хлеб. А ў нас з табой даволi надзённых задач. Заняўся б ты сынам лепш. Во праблема!.. - А што з маiм сынам? - Як што? Ты не ведаеш? Ай-вой-вой! Вось табе i на! Бачыш, да чаго давёў архiў. Дарожкi ў парку падмятае твой сын. Шыковiч хацеў падняцца i не здолеў: невядомая сiла прыцiснула яго назад да крэсла. Ён адразу зразумеў, што значыцца "падмятае дарожкi". У той час калi ён з чыстымi думкамi i iмкненнямi робiць святую справу - уваскрашае справу герояў, што загiнулi за гэты вось ясны мiрны дзень, сын, яго любiмы сын, учынiў нешта бруднае, недастойнае. У першы мiг з"явiлася адчуванне, быццам на галаву вылiлi памыi, не, пляснулi нечым смярдзючым, слiзкiм, гiдкiм. Гукан зразумеў, што ўдарыў у самае балючае месца. Ён не злараднiчаў, у яго таксама ёсць сыны, праўда, ужо самастойныя людзi. Паспрабаваў нават змякчыць: