Сэрца на далонi, частка 2

- Вось гэта зямная мара! - i яшчэ нешта сказаў. Але Маша не пачула. У вуха ёй горача дыхнуў Славiк: - Хочаш, я зраблю табе дзiця? - i зноў дакрануўся рукой да калена. Цынiчны шэпт яго i дотык абразiлi дзяўчыну, i яна здзейснiла сваю пагрозу - пляснула яму па твары. Не моцна. У другiх абставiнах магло б сысцi за жарт. Але ў той момант аплявуха прагучала, як гарматны стрэл. Аглушыла i сталых i маладых. На мiг усе застылi. Першая падхапiлася Iра. Крыкнула брату: - Хам! - i выскачыла з-за стала. Пагрозлiва павольна падняўся Шыковiч. Жонка паспрабавала стрымаць яго, ён тузануўся ўсiм целам, як бы вырываючыся. Але сказаў спакойна, амаль весела: - Хадзем, Уладзiслаў, пагаворым, - i рушыў да дачы. Не азiраўся, цi iдзе Славiк за iм, не чуў, як той, весела падмiргнуўшы хлопцам, кiнуў: "Iду на эшафот", не бачыў будынка, лесу, неба i сонца, усё кiпела ў яго грудзях. Калацiлася сэрца, млелi ногi... Толькi ў пакоi Кiрыла павярнуўся i ўбачыў, што Славiк стаiць на парозе, засунуўшы рукi ў кiшэнi штаноў. Такая нахабная пастава яшчэ больш абурыла. - Падыдзi блiжэй! - працадзiў ён праз зубы. Славiк, iранiчна ўсмiхнуўшыся, не ступiў тры крокi, а, здавалася, павольна прасунуўся, як на лыжах. Магчыма, каб не такая яго ўсмешка, усё было б, як многа разоў дагэтуль: успыхнуў бы феерверк гнеўных слоў i... патух. Нi разу Кiрыла не падымаў на сына руку. Не мог, бо любiў яго. Але тут сарвалася апошняя кропля цярпення. - Рукi з кiшэняў! - грымнуў ён i, не дачакаўшыся, пакуль сын выканае загад, схапiў за адварот тэнiскi, iрвануў на сябе. - Ты! - I з усяго размаху садануў правай рукой у скiвiцу. Славiк адляцеў да дзвярэй, ударыўся спiной аб вушак, споўз на падлогу, войкнуў, схапiўся за шчаку. У той жа мiг у дзвярах з"явiлася мацi. Загарадзiла сабой сына, замалiла да мужа: - Што ты робiш, дурны? Пасаромейся! - Змоўкнi! - у страшэнным гневе закрычаў Кiрыла. - Абаронца! Ты бачыш, да чаго давяла твая абарона? Шчанюк! Ты доўга будзеш ганьбiць добрае iмя бацькi, мацi, сястры? Хто цябе выгадаваў такога?! - Не крычы! Людзi, - зморшчылася Валянцiна Андрэеўна, заклапочана схiлiўшыся над Славiкам, якi сядзеў нерухома, рукамi закрыўшы твар. - Табе сорамна людзей, калi я крычу? А за яго табе не сорамна? Пашкадуй, пашкадуй яго, вытры соплi, ён табе не адну яшчэ пiлюлю падсуне. Герой! На што ты здатны? Што ты ўмееш? Толькi можаш, што паскудзiць, як шалудзiвы кот. - А сам ты што ўмееш? Бiцца? - праенчыў пiсклiва Славiк. - Стары конь! Недарэчнае пытанне i яшчэ больш недарэчная мянушка прагучалi надзвычай па-дзiцячаму, вырвалiся ад бяссiльнай злосцi i крыўды. Гэта расчулiла Шыковiча. Стала шкада сына i брыдка за свой учынак. Нiкога ў жыццi ён не бiў, нават калi быў хлапчуком, пазбягаў боек, часцей бiлi яго. А тут - выкiнуў з кабiнета Рагойшу, ударыў сына... Што здарылася? Нервы? Аднак, каб не раскiснуць, ён пагразiў: - Я табе пакажу "конь"! Iдыёцкi жаргон! Разбэшчаныя шчанюкi! - Злосна да жонкi: - На рукi яго вазьмi! Пакалышы. Соску дай. Пе-да-го-ог! I выйшаў. На верандзе адчуў, як дрыжаць рукi, ногi, "сiгналiць" сэрца. Падумаў: "Так iнфаркт нядоўга схапiць". А Славiк, пачуўшы, што бацька выйшаў, уткнуўся тварам у матчыны рукi, якiя хацелi падняць яго з падлогi, i... заплакаў. Зусiм па-дзiцячы, усхлiпваючы. Хлопцы ляжалi на беразе ракi, на пясчанай касе. Грэлi спiны на стомленым ласкавым сонцы. Слухалi, як ззаду цiха плешчацца i журчыць вада, а наперадзе, на адхоне, шалясцiць лазняк. Вецер сцiхаў - i ўсё сцiхала, лагаднела, утаймоўвалася: вада i лес, птушкi i чалавечыя страсцi. Нават ластаўкi, што гняздзiлiся ў абрыве, лёталi без заўсёднай сваёй трывогi. Хлопцы займалiся адным: лянiва падграбалi пад сябе цёплы, вымыты ракой да белiзны пясок i сачылi, як у чыстым небе над лугам плавае коршак. Гэтак жа лянiва i спакойна, не палюе - адпачывае. Калi коршак раптам куляй упаў унiз, у кусты, яны, як па камандзе, апусцiлi галовы на рукi i праз сухi пясок удыхалi вiльготныя пахi ракi. Пасля iх увагу прыцягнула маленькая, у залатой манiшцы i блакiтным фартушку птушачка: яна села за паўкроку ад Косцевай галавы i, вiхляючы зялёным хвосцiкам, праскакала мiма ўсiх, як бы правярала, цi жывыя гэтыя голыя нерухомыя людзi. Яе не спалохаў i голас Генрыха: