Сэрца на далонi, частка 3

- Не будзь ты такiм пеўнем. Не прыдзiрайся да слоў. Свае ж хлопцы, усе. I, як ты кажаш, жывыя, здаровыя. Не гаварыць жа нам з рэверансамi. - Хлопцы! Кампрамiснае рашэнне: у сталоўцы чыгуначнiкаў п"ём пiва, прапанаваў Вася Лапацiн. - А як ты абыдзеш свой дом? Вера даўно пiльнуе, - засмяяўся Косця. Размова пайшла ў другiм кiрунку, i Славiк хутка забыў сваю крыўду. А вось сёння пасля новай сутычкi з Ходасам успомнiў усё да драбнiц, пачынаючы з першай сваркi за сталом на дачы. "Чаму ён чапляецца? Што яму трэба? Кiну да д"ябла! Ну iх!.. Не, так лёгка я не кiну. Я вам наладжу салодкае жыццё. А пайду - дык з музыкай", - пагражаў ён усёй брыгадзе. Але падышоў Тарас. Паглядзеў, як ён працуе. Сказаў па-сяброўску шчыра: - Слава, ты няправiльна трымаеш ключ, таму ён у цябе зрываецца. Вось так трэба, - i паказаў, як трэба. Маленькая ласка - i знiкла злосць на ўсiх, засталася на аднаго хiба Ходаса. Панядзелак, кажуць, "цяжкi дзень". Але той панядзелак быў незвычайны, пачынаўся ён амаль святочным настроем, асаблiва ў Тарасавай брыгадзе. Сам Тарас, Генрых i Косця прыйшлi на завод з газетамi i вiталiся словамi: - Чытаў? - Ага. - А ты, Косця? - Усяго не паспеў. - А я, браткi, да цешчы ездзiў. Галава балiць, - шчыра прызнаўся Лапацiн, вiнавата зморшчыўшыся. - Няхай жывуць цешча i шчырасць! - весела выгукнуў Славiк. - Нават я пра галаву не прызнаўся б. - I гарэзлiва аглянуўся: - Ша! Каб нiхто не пачуў. - Не блазнуй, калi гавораць пра такiя рэчы, - асек яго Iван. Ужо тады Славiку хацелася счапiцца з iм. Але размова сапраўды iшла занадта сур"ёзная. Славiка яна таксама цiкавiла, праўда, больш з iншага боку-усё з таго: шчыра хлопцы так зацiкаўлены i так блiзка бяруць да сэрца ўсё, што запiсана ў надрукаваным учора праекце Праграмы, цi па звычцы выказваюць "газетныя пачуццi"? Гэтае пытанне ўзнiкла ў яго яшчэ ўчора ў адносiнах да бацькi i Яраша. "Класiк" (так Славiк называў бацьку ў яго адсутнасць) прылiп да дачы; калi не трэба на работу, яго немагчыма сiлком выпiхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулi i грыбах, абы не ехаць лiшнi раз. А тут раптам у добрую спякотную нядзелю паляцеў пасярод дня - знарок па газеты. А Яраш адмовiўся нават пайсцi на раку - так нецярплiва чакаў гэтых газет. Яны абодва зачынiлiся ў пакоях i чыталi да самага вечара. А потым да позняй ночы спрачалiся каля кастра. Славiк спачатку паставiўся да павышанай цiкавасцi бацькi i Яраша даволi скептычна. Ён чуў размовы, што ў Праграме будзе запiсана наконт прыватнай уласнасцi - дач, машын. Цi не гэта пагнала старога па газеты? Адвячоркам бацька загадаў яму катэгарычна i не дужа прыязна: - Прачытай! Можа, паразумнееш. Ён разгарнуў "Правду" i ўпотай свiснуў: гэтулькi чытаць, дзесяць газетных палос! Але асобныя раздзелы прачытаў. I адразу ж, з першых радкоў, зразумеў, якое ў яго было вузкае i прымiтыўнае ўяўленне аб будучай Праграме, пра якую многа гаварылi. Партыйны дакумент захапiў юнака незвычайнай шырынёй фiласофска-палiтычных i эканамiчных палажэнняў, грандыёзнасцю практычных планаў. Быў яшчэ адзiн нечаканы вынiк азнаямлення з Праграмай: бадай, упершыню Славiк зразумеў, як мала ў яго, "тэарэтыка новай маралi", ведаў. Да ўсяго ён ставiцца скептычна, нiгiлiстычна. А сам што ведае? Што адкрыў? Што зрабiў? Па-свяцiў на тэлестудыi? Завiнцiў сотню гаек? Гэтыя думкi спалохалi i засмуцiлi. "Э-э, пачынаю здаваць пазiцыi. Уступаю пад напорам прапаганды", падумаў ён i акуратненька, без паказной, а з сапраўднай пашанай згарнуў газету. Мацi, якая не спускала з яго вачэй, сказаў: