Сэрца на далонi, частка 3

- Я вам прынясу супу, Пятро Савелевiч, - прапанаваў Косця, калi сакратар падсеў да iх стала. - Дзякую. Няма калi. Тысяча спраў. Я пазней паабедаю. "Калi ў сталоўцы не будзе рабочых?" - хацеў уедлiва спытаць Славiк, але стрымаўся. - Хлопцы, пасля змены правядзём мiтынг. Скажам наша рабочае слова аб Праграме. Трэба, каб хто выступiў ад вашай брыгады. - Тарас. - Ды ну, хлопцы, няёмка! Усё я ды я. - Правiльна. Лепш, каб хто з сябраў брыгады. - Тады Iван. Ён народжаны прамоўца. - Значыцца, дамовiлiся: Ходас, - звярнуўся сакратар да рабочага. Iван кiўнуў галавой. - Падумайце, што вы можаце яшчэ зрабiць да з"езда, - сказаў сакратар да Тараса. - Паглядзiце свае абавязацельствы. Тады Славiк гучна, здзеклiва i зларадна хмыкнуў: - Хэ! А што ён скажа, Ходас? Ён жа газеты ў вочы не бачыў. Iван падскочыў, твар яго ўмiг налiўся крывёю. - А ты бачыў? - Я не толькi бачыў. Я чытаў! А ты ўпершыню ў Тараса пабачыў. А збiраешся выступаць. Балбатун ты! - Сам ты балбатун! Большага за цябе... - Ах, я балбатун? Тады скажы шчыра i сумленна - чытаў ты? Ага, маўчыш! Ты ж з Валькай на пляжы пракачаўся. - Ну, ты! - Iван сцiснуў кулак. - Слава! - Што "Слава"? А я выкрываю няшчырасць i ханжаства. Славiк знарок амаль крычаў, каб пачулi другiя рабочыя, каб прыцягнуць iх увагу. Ён бачыў, як Тарас i ўсе хлопцы стараюцца "спусцiць на тармазах" гэтую непрыемную размову. Тарас пацягнуў за палу пiнжака Iвана, прымусiў яго сесцi, сцiснуў локаць i сказаў да сакратара: - Мы абмяркуем, Пятро Савелевiч... Выступленне ад брыгады будзе. Гарачкiн стаяў i моўчкi слухаў, пiльна разглядаючы Славiка. Пранiклiвы позiрк сакратара i бянтэжыў i яшчэ больш раздражняў няўрымслiвага юнака. - Славiк, дай папяросу, - працягнуў руку Лапацiн. - "Люблю грозу в начале мая", - дэкламаваў у талерку Генрых. - Што вы загаворваеце зубы? - не сцiхаў Славiк, яшчэ больш павышаючы голас. - Вам хочацца быць добранькiмi? Чаму ты змоўк, прамоўца? Няма чаго сказаць? Дэмагогi! Гарачкiн раптам ляпнуў далоняй па стале. - Даволi мiтынгаваць, Шыковiч! Абед канчаецца, - сказаў сярдзiта i пайшоў у другi канец залы. Славiк, як бы дэманстратыўна выконваючы загад сакратара, пачаў на поўны рот есцi катлеты. За сталом усталявалася цяжкая цiшыня. Нават жавалi бясшумна. Не ўзнiмалi вачэй. Толькi Генрых, разглядаючы шклянку з рэдкiм ружовым кiсялём, цiха дэкламаваў: Дорогая, сядем рядом, Поглядим в глаза друг другу. ...Сакратар парткома выклiкаў Тараса. - Але i экземплярчык ты прыцягнуў. Мне казалi - я не верыў. Развалiць ён табе брыгаду. - Калi ён можа развалiць брыгаду, то грош нам цана. Чаго мы варты? - Ты самакрытычны. Але май на ўвазе, Славiк твой не такi наiўны, як табе здаецца. У яго даволi цвёрдыя перакананнi. Не Ходасу ён крычаў, а ўсiм, хто абедаў. Хацеў памiтынгаваць раней... Ходас - зачэпка... Тараса здзiвiў такi нечаканы паварот у разважаннях сакратара. Баяцца Славiка? Смешна. - Ты чуў, што ён крычаў? "Дэмагогi!" Хто - дэмагогi? Хто не прачытаў. Шмат хто не паспеў прачытаць. - Але не меў Ходас маральнага права згаджацца выступаць! - запярэчыў Тарас. - Тут Шыковiч праўду сказаў. Iншая рэч, як ён гэта сказаў. Непрыязь у iх адзiн да аднаго - вось што дрэнна. - Што ж, глядзi. На тваю адказнасць. Калi што - будзеш адказваць перад парткомам. Мiтынг уразiў Славiка перш за ўсё сваёй масавасцю. Звычайна пасля змены рабочыя спяшаюцца хутчэй дадому. Асаблiва жанчыны. Iх цяжка затрымаць на пяць - дзесяць хвiлiн. Славiк знарок працiснуўся да прахадной, каб пабачыць, як рабочыя будуць уцякаць, сварыцца з вартаўнiком. Але нiчога гэтага не было. Тыя ж самыя жанчыны, наадварот, цiснулiся блiжэй да трыбуны, выкарыстоўваючы сваё жаночае права быць наперадзе. Людзi засяроджаныя, сур"ёзныя, уважлiвыя - i старыя i моладзь. I, што дзiўна, не было нудных прамоўцаў. Гэта таксама ўразiла Славiка. Усе гаварылi з такой палымянасцю, што ў хлопца зноў з"явiлася тое пачуццё захаплення, якое ён адчуў учора, калi чытаў праект. Толькi выступленне Тараса яго насцярожыла. Брыгадзiр гаварыў пра маральны кодэкс будаўнiка камунiзму. Славiку здалося, што гэта знарок для яго. А ён страшэнна не любiў, калi хто-небудзь пачынаў чытаць яму мараль з мэтай перавыхаваць. Тады ў яго з"яўлялася жаданне зрабiць усё наадварот. Разам з насцярожанасцю ён адчуваў задавальненне, што не даў Ходасу пакрасавацца перад народам. Хацелася глянуць пераможанаму ворагу ў твар. Славiк пачаў прабiрацца наперад. На яго зашыкалi, каб не перашкаджаў слухаць. I ён не адважыўся хваляваць цiхае людское мора застыў на месцы. Ён адчуў, усвядомiў велiч гэтага мора, яго магутную сiлу. Разумную сiлу, якая не разбурае, а стварае. I, можа, упершыню адчуў сябе часцiнкай гэтай сiлы. Аднак разуменне таго, што ён - часцiнка вельмi маленькая яшчэ, на гэты раз не здалося яму зневажаючым яго чалавечую годнасць.