Сэрца на далонi, частка 3

"Чаму ў яго такiя рукi?" - падумаў Шыковiч. Вагiн сам пачаў выкладаць сутнасць просьбы нечаканага наведвальнiка. Кiрыла здзiвiўся, што падпалкоўнiк адразу запомнiў прозвiшчы людзей. "Зайздросная памяць". Капiтан, здавалася, не слухаў - думаў пра нешта сваё, абыякавы да ўсяго на свеце. Разы два падняў вочы, але былi яны халодныя - нiводнай iскры цiкаўнасцi. Шыковiч ведаў гэтага чалавека, хоць знаёмы не быў. Нехта некалi яму сказаў, што гэты сiвы капiтан працаваў у iх горадзе яшчэ ў трыццаць сёмым годзе. I Кiрыла адчуў цяпер непрыязнасць да яго. Перапынiўшы начальнiка, Шыковiч сказаў: - З тых, што супрацоўнiчалi з акупантамi, мяне больш за ўсё цiкавiць Савiч. Капiтан падняў вочы i кароткiм позiркам вопытнага следчага як бы прасвяцiў Шыковiча. - У якiм сэнсе? - Ёсць у мяне ўпэўненасць, што доктар памёр сумленным савецкiм чалавекам. - Доказы, здагадкi? - I тое i другое. Трэба дакументальнае пацвярджэнне. - Вы думаеце пiсаць раман цi займацца пасмяротнай рэабiлiтацыяй? - А вы лiчыце, што гэта несумяшчальна? - спытаў Шыковiч. - Я хачу напiсаць аповесць, якая была б праўдзiвым дакументам... Народ павiнен ведаць i герояў i здраднiкаў. Капiтан паглядзеў на свайго начальнiка. Той хораша ўсмiхнуўся. - Вы ведаеце, што ў горадзе жыве дачка Савiча? - спытаў пасля паўзы капiтан. - Ведаю. - Кiрыла хацеў быў расказаць, што яна ў бальнiцы i ёй будзе зроблена вельмi складаная аперацыя, якая можа скончыцца трагiчна; нават Яраш не дае гарантыi. Але капiтан раптам падняўся, звяртаючыся да свайго начальнiка ўжо больш афiцыйна, па-вайсковаму: - Зраблю, таварыш падпалкоўнiк, усё, што можна. I на развiтанне зноў толькi кiўнуў галавой. У той мiг Шыковiч падумаў пра яго iнакш. Калi Сербаноўскi гэтулькi год у органах i, як вiдаць, карыстаецца павагай маладога начальнiка, то вельмi можа быць, што гэта адзiн з сапраўдных чэкiстаў. Шыковiч званiў Сербаноўскаму два разы. Той адказваў: "Пакуль што нiчога цiкавага няма". Кiрыла не стаў больш званiць, а проста з бальнiцы рушыў у камiтэт. Капiтан сядзеў адзiн у даволi вялiкiм ценявым пакоi - старыя лiпы засланялi шырокiя закратаваныя вокны. Калi Шыковiч увайшоў, Сербаноўскi спачатку паклаў у вялiзны сейф нейкiя паперы, з якiмi, вiдаць, працаваў, i толькi тады прывiтаўся за руку. Хоць прайшло ўсяго нейкiя паўтары гадзiны рабочага дня, у яго быў выгляд стомленага i абыякавага да ўсяго чалавека. Шыковiча ён пачаў цiкавiць сам па сабе. Як жыве гэты чалавек? Чаму ў яго мазолiстыя рукi? Чым яго разварушыць, выклiкаць на шчырую размову? Яшчэ нават не сеўшы, Кiрыла паведамiў: - Учора Соф"i Савiч зрабiлi аперацыю. На сэрцы. Яраш аперыраваў. Капiтан неяк устрапянуўся i ўпершыню ў прысутнасцi Шыковiча выявiў сапраўдную чалавечую цiкавасць: абапёршыся ўпалымi грудзьмi на стол, ён неяк па-дзiцячы падпёр кулаком шчаку, гатовы слухаць, i вочы яго засвяцiлiся. - Я толькi што з бальнiцы. Яны ўсю ноч змагалiся за яе жыццё. Яраш радуецца: перамаглi! Будзе жыць! - I будзе здаровая? - Яраш кажа, што восемдзесят працэнтаў такiх аперацый даюць добрыя вынiкi. - Восемдзесят? - Гэта нямала, калi ўлiчыць, што аперыруецца. Сэрца! - Але. - А ведаеце, я прысутнiчаў на аперацыi. - Сур"ёзна? - Праўда, для мяне гэта скончылася трагiчна. - У якiм сэнсе? - Я самлеў. - Проста там? - Не. Паспеў выйсцi ў перадаперацыйную. - I што? - Упаў. - Так нiчога i не пабачылi? - Бачыў. Як раскрывалi грудную клетку. Як Яраш трымаў яе сэрца ў руках... - У руках? - Але, на далонi. Ведаеце, яно маленькае, сэрца. З жаночы кулачок. Ён узяў яго на далонь, а яно бiлася, спалохана так...