Сэрца на далонi, частка 3

Тарасаў зразумеў, чаму ён вагаецца. Пажартаваў: - Не бойся. Маралi чытаць не буду. Ужо ў кабiнеце, скiнуўшы пiнжак i расслабляючы гальштук, спытаў: - Каго там з тваiх блiзкiх аперыравалi? Мне Ларыса Пятроўна сказала. I Шыковiч пачаў расказваць усё з яшчэ большымi падрабязнасцямi, чым ранiцой расказваў Сербаноўскаму, - пра Савiчаў, бацьку i дачку, пра падпольшчыкаў, iмёны якiх раней нiдзе не ўпамiналiся, пра свае здагадкi, меркаваннi, пра суб"ектыўнасць кнiгi Гукана. "Вось яно што, - падумаў Тарасаў, прыгадаўшы, як Гукан выступаў на бюро. - Зразумела. "Старому" нялёгка адмовiцца ад старых поглядаў. Яму здаецца, што ён адзiн усё сказаў. I хочацца любымi сродкамi збiць з тропу гэтага няўрымслiвага чалавека, свайго сааўтара, якi можа ўсё перавярнуць дагары нагамi. Метад той. Але час не той, Сямён Парфёнавiч". - Я тут чалавек новы, Кiрыла Васiльевiч. Але ведаю, што пасля вайны гарком разы чатыры, здаецца, займаўся падполлем. - I кожны раз у спiс падпольшчыкаў заносiлi дзесяткi новых iмён. Хiба гэта не доказ таго, якi размах мела барацьба нашых людзей? Хiба для выяснення i ўслаўлення гэтай барацьбы не варта папрацаваць? - Шыковiчу здалося, што Тарасаў супраць таго, каб яшчэ раз вяртацца да падполля, i ён выказаў гэта горача, з наступальным запалам. - Але, для гэтага варта папрацаваць, - задумлiва згадзiўся сакратар гаркома, шукаючы ў спiсе пад шклом нумар тэлефона. - Першапачаткова нават iмя Яраша нiдзе не ўпамiналася. А ён выконваў спецзаданнi гаркома. Тарасаў павярнуўся да столiка з тэлефоннымi апаратамi i набраў кароткi нумар. - Ало. Вагiн? Добры дзень. Тарасаў. Многа шпiёнаў злавiў? Што? Вывелiся, кажаш? Глядзi, як бы мы не прытупiлi пiльнасць. То-та. Андрэй Астахавiч, што гэта ў цябе баяцца паказаць дакументы часоў вайны нашаму пiсьменнiку? Чалавек цiкавую працу задумаў. Трэба памагчы. Што? - Тарасаў змоўк i слухаў даволi доўгае тлумачэнне, кiдаючы час ад часу кароткае: "Ыгы". Кiрыла заўважыў, што ў нейкi момант ён шчыльней прыцiснуў слухаўку да вуха. Сакрэт. Кiрыла падняўся з крэсла i адышоў да акна. Неба зрабiлася шэра-попельным. Сонца рассеяла свае праменнi ў гэтых сухiх i высокiх аблоках. Не пякло больш. Але нерухомае паветра не астывала, яно як бы згушчалася, ад чаго духата нават мацнела - ажно цяжка рабiлася дыхаць. "Але, паедзем з Парэчкам на луг. Пад навальнiцу. Станем на беразе i будзем гукаць грому: о-го-го! Некалькi гадзiн першабытнага жыцця. Васiль умее арганiзаваць яго. Каб нi пра што не думаць..." - Добра. Давай у чатыры. Шыковiч схамянуўся, узрадаваны, што гэта яму назначае Вагiн сустрэчу на чатыры. Глянуў на гадзiннiк: было без чвэрцi тры. Тарасаў паклаў слухаўку. - Днi праз два яны пакажуць табе, Кiрыла Васiльевiч, патрэбныя дакументы. У такiх органах нельга без некаторых фармальнасцей. "Два днi, якiя, напэўна, расцягнуцца ў тыдзень!" - нецярплiвы даследчык расчаравана ўздыхнуў. Сакратар нiбы прачытаў яго думкi. - Не бойся, гэта не будзе праз два тыднi. У чатыры Вагiн будзе ў мяне, i я яшчэ раз напомню яму. Жадаю поспеху. На трэцi дзень пасля аперацыi Яраш нарэшце пакiнуў бальнiцу i прыехаў на дачу. З"явiўся гадзiн у пяць дня на таксi, акуратна паголены, у новай чэшскай тэнiсцы (дома ведалi, што пасля ўдалай аперацыi ён заўсёды нешта купляе), з шампанскiм, цукеркамi, падарункамi. Быў уважлiвы, далiкатны, ласкавы, быццам не бачыў сям"ю i суседзяў цэлы год. Галiна Адамаўна ўмела сустрэць яго ўрачыста. Калi ён затрымлiваўся ў бальнiцы на суткi, на двое пасля такiх вось аперацый, у яе не ўзнiкала нiякiх дурных думак. Нiшто не псавала настрою, i яна сама радавалася, што страчае мужа з чыстай душой. Пра аперацыi яна звычайна не любiла распытваць. Але на гэты раз выпадак быў асаблiвы.