1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

Непаўторная вясна

Звычайна сарамлівы з незнаёмымі жанчынамі, Пятро праз пяць хвілін адчуваў сябе з гаспадыняй, як з сястрой.Люба вярнулася з бутэлькай вішнёвага лікёру - лепшае, што знайшлося ў краме. Яны ўтраіх сядзелі за сталом, Пятро, як госць, на самым покуце, і пілі гэты лікёр невялічкімі чаркамі з тоўстага жоўтага шкла - такія чаркі рабілі яшчэ да рэвалюцыі.Гаспадыня, весела падміргваючы Любе, гаварыла тосты:- Давайце вып"ем за вашу сустрэчу. Каб не апошняя яна была, каб Пеця быў частым госцем за гэтым сталом...І Пятро піў, не надаючы асаблівага значэння яе словам...Пасля вячэры яны гулялі па беразе Сожа. У вадзе трапяталі далёкія зоркі і агеньчыкі бакенаў, зялёныя і чырвоныя. Трывожна шапталіся лазнякі. На тым, лугавым, беразе гарэў вялікі касцёр, і каля яго віхляліся фантастычныя постаці. Над затокай плыў халодны туман.Люба тулілася да хлопца, уздрыгвала ад холаду і ўсё скардзілася, што ёй адной сумна жыць у гэтай глухамані. Пятро, крыху ап"янелы ад выпітага лікёру, абнімаў яе і цалаваў у вусны, у гарачыя шчокі, у прарэз плацця на грудзях. Яна млява шаптала: «Пеця... Пецечка...» Але рабілася сапраўды холадна, росна, і Пятро, шкадуючы свае чаравікі, прапанаваў вярнуцца. Яны пасядзелі на лавачцы каля хаты, пагаварылі ўжо без пацалункаў. Спаць ён папрасіўся ў гаспадыні пайсці на сенавал. Сена было на вышках у хляве. Унізе рохкала патурбаваная свіння, сонна ўздыхала карова, і да прыемнага водару лугавога сена прымешваўся пах гною. Але Пятро не заўважаў гэтага. Ён думаў пра падзеі пражытага дня, пра Сашу. Задаволены сабой, ён дакараў яе: «А што, бачыла? Думала, калі табе не падабаюся, то ніводная дзяўчына не гляне на мяне?.. Не, памылілася...» Ён, як і ўсе мы ў юнацтве, вымяраў уласную вартасць тым, наколькі падабаўся дзяўчатам. Але такі ўзняты настрой цягнуўся нядоўга. Напалі блохі. Так, так, чытач, звычайныя блохі, якія часта псуюць нам самы добры настрой. Пятро варочаўся, чухаўся, стараўся глыбока аб чым-небудзь задумацца, успомніць што-небудзь прыемнае. Але прыемныя думкі зніклі. Зрабілася брыдка ад блох, ад пацалункаў Любы, успомнілася, якія тоўстыя і мокрыя яе губы і якая сама яна тоўстая і мяккая, як пампушка. Ён паставіў іх побач - яе і Сашу, убачыў Сашыны ясныя вочы, і яму стала сорамна, ён сам сабе зрабіўся брыдкім.«Які я гадкі!.. Яшчэ не астыў Сашын пацалунак... Яе пацалунак... Не, не мог ён быць апошні... Яна проста сказала гэтым: «Да новай сустрэчы...» Яна ні ў чым не вінавата... Усё гэта праз гаспадыню. Яна шчыра хацела, каб я заставаўся надоўга... А настаўнік - глупства. Хіба мала людзей, з якімі яна сустракаецца? Хіба можна раўнаваць да кожнага? Ды і наогул, што такое рэўнасць?.. Трэба, каб была шчырасць, вера... А я... Пабег, як хлапчук... А потым раскіс перад першай сустрэчнай дзяўчынай... Сорам!»Ён доўга лаяў сябе. Падумаў нават аб тым, што, можа, яму варта ўцячы зараз жа, пасярод ночы, каб насаліць Любе - няхай не прываблівае! - і пакараць сябе: блукай уначы па незнаёмых дарогах, калі такі дурань!.. Але ў хаце застаўся партфель з дзённікамі. Нікому, акрамя Сашы, ён не мог іх пакінуць. Добра, што ў самым пачатку зачыніў партфель на замок і ключык схаваў у кішэню. Пятро знайшоў у цемры свой пінжак і памацаў, ці там ключык. Аднак і пасля таго, як пераканаўся, што ключык на месцы, супакоіцца доўга не мог: прычапілася думка - а раптам яны, Люба і гаспадыня, па жаночай цікаўнасці ўсё-такі адкрыюць як-небудзь партфель і прачытаюць дзённік?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34