Глыбокая плынь, частка 1

— Стараста пойдзе з намі.Генрых Візэнер сам настойліва і патрабавальна пастукаў у акно хаты Івана Маеўскага. 3 хаты пачуўся жаночы голас:— Хто там?Афіцэр злосна вылаяўся па-нямецку, добра ведаючы з практыкі, што гэта найлепшы адказ на знаёмае рускае пытанне.Сапраўды, у хаце адразу засвяцілі маленькую газнічку і праз хвіліну загрымела засаўка. Візэнер груба піхнуў дзверы нагой, але сам не зайшоў першым, а прапусціў спачатку трох салдат.Стараста зайшоў апошні і спыніўся каля дзвярэй. Па хаце спалохана мітусілася старая Маеўская. Іван Маеўскі падняўся на печы і, звесіўшы свае доўгія высахшыя ногі, хваравіта кашляў. Адкашляўшыся, ён перагнуўся праз запечак і паглядзеў на старасту. Бугай не вытрымаў яго дакорлівага погляду і апусціў вочы. «Хутчэй бы скончыўся вобыск...»Вера ляжала на ложку са сваім маленечкім. Яна падняла галаву з высокіх белых падушак, спакойна, абыякава паглядзела на немцаў і зноў лягла, пяшчотна пацалавала дзіця ў лобік.Візэнер падышоў да ложка і ўтаропіўся на яе. Яна зноў падняла галаву, спаткалася з яго позіркам, і ёй зрабілася жудасна. Яна закрыла твар далоняй і спалохана крыкнула:— Мама!Маці памкнулася да яе. Але ў гэты момант Візэнер загадаў:— Курт, бегінн!Стаяўшы поплеч з ім малады салдат з прыгожым тварам накіраваў маленькі пісталет на Веру. Ляснуў кароткі ціхі стрэл.— Ма-а... — не скончыла Вера таго слова, якое было першым у яе жыцці і якое яна марыла хутчэй пачуць ад свайго сына.Маці, відаць, не ўправілася зразумець, што здарылася. Фашыст павярнуўся і стрэліў у яе. Яна схапілася рукамі за грудзі і павольна пачала хіліцца набок. Але Іван Маеўскі ўсё зразумеў з першага стрэлу, нібы чакаў гэтага. 3 жудасным крыкам: «Што вы робіце? Звяры!» — ён скочыў з печы і сваімі кастлявымі рукамі ўчапіўся за забойцу. Гітлеравец стрэліў яму ў твар і ўдарыў нагой у жывот. Высокі, худы, ва ўсім белым, ён упаў адразу, моцна стукнуўшыся патыліцай аб падлогу. Галава яго ледзь не дастала да ног старасты.Толькі тады Ларывон Бугай усё зразумеў. Ён убачыў чорную пляму на падушцы каля галавы Веры, і яна, гэтая пляма, пачала расплывацца ў яго вачах чырвоным туманам.«Дык вось што яны робяць! — як у страшным сне, падумаў ён і пералічыў сем"і, хаты якіх паказаў: — Лубян... Зайчук. Хто ж яшчэ? Хто...»Ён не мог успомніць іншых і бездапаможна аглянуўся навокал. I раптам яго ўвагу прыцягнуў нож. Ларывон схапіў нож і, пераступіўшы труп старога Маеўскага, размахнуўся і, напружыўшы ўсю сваю магутную сілу, усадзіў лязо ў шыю фашыста, які страляў. Гэта здарылася так нечакана, што аглушыла астатніх. Яны застылі, нібы заварожаныя. Застыў і стараста, не выпускаючы з рук нажа. I толькі тады, калі забіты немец бразнуўся на падлогу, а стараста застаўся стаяць з акрываўленым нажом, Візэнер закрычаў і адступіў да сцяны. Ларывон рушыў да яго, але салдат збоку ўдарыў дулам аўтамата па руцэ і выбіў нож. Тады і Візэнер падняў табурэтку і ўдарыў яго па галаве. Колькі хвілін ён стаяў моўчкі пад градам гэтых удараў, а потым ірвануўся на аднаго з салдат і сваім пудовым кулаком з усяе сілы штурхануў яму ў твар. Салдат зваліўся. У гэты момант пырснула аўтаматная чарга. Ларывон Бугай узмахнуў рукамі і ўпаў тварам на ложак, на грудзі забітай Веры. Па ім яшчэ стралялі, але ён ужо больш нічога не чуў. Не чуў і таго, як раптам закрычала дзіця і як Візэнер стрэліў у маленькі, яшчэ зморшчаны, ружовы тварык.