Трывожнае шчасце, частка 1

Можна ўявіць, што ён адчуваў, калі ішоў па пыльнай дарозе, цераз пустое асенняе поле, да Дняпра. Але самая страшная думка прыйшла на высокім крутым беразе, з якога ён аглядаў шырокія прасторы прыдняпроўскіх лугоў, густа застаўленыя стагамі. Чаму з"явілася такая думка? Магчыма, ад вострага адчування далечыні. Калі мы адчуваем даль — азіраемся з вышыні, едзем стэпам, — заўсёды прыходзяць самыя нечаканыя думкі. Яна прыйшла раптоўна, з нейкім вельмі балючым штуршком сэрца: а што, калі яе пацалунак — гэта развітанне назаўсёды, апошняе «бывай»? Чым больш ён думаў пра гэта, успамінаў падрабязнасці, тым больш пераконваўся, што гэта так. І адразу пацямнелі для яго і сонца, і яснае неба, і сіняя дняпроўская вада... Калі стары рыбак перавозіў яго цераз Дняпро, Пятру хацелася, каб вузкі човен, які ў народзе называюць душагубкай, перакуліўся. Не... загінуць зусім яму не хацелася, хоць і вялікая роспач была ў душы. Хацелася, каб рыбаку здалося, што ён утапіўся, а ён у сапраўднасці каб неяк непрыкметна выплыў. Гэта трэба было яму для таго, каб потым як-небудзь падглядзець употайкі, як сустрэне вестку пра ягоную смерць Саша. Ці засталася ў яе сэрцы хоць кропля былога кахання? Калі не — тады справа іншая, тады можна тапіцца і назаўсёды, бо жыццё яму здавалася немагчымым без яе, без яе кахання...Мабыць, у яго быў вельмі засмучаны выгляд, бо рыбак клапатліва спытаў:— Ты не хворы, хлопец? Ён схамянуўся:— Не. Я здалёк ішоў і стаміўся.І зноў так задумаўся, што калі пераехалі, то забыўся разлічыцца з рыбаком, хоць той у самым пачатку запрасіў за перавоз два рублі. Рыбак таксама змаўчаў, відаць, адчуўшы, што з хлопцам робіцца нешта нядобрае.Не распытваючы дарогі, Пятро рушыў па першай, што трапілася яму і вяла ад Дняпра на ўсход, у глыб лесу.У адрозненне ад правага берага, высокага і бязлеснага, левабярэжжа, ды і наогул увесь гэты куток у міжрэччы Дняпра і Сожа, — край лясоў, балот і пяскоў. Глеба тут неўрадлівая, пустая, і калгасы слабыя з самага свайго заснавання. Раённыя кіраўнікі, калі размова ідзе пра гэтыя калгасы, махаюць рукамі: «У міжрэччы? Што вы! Нічога там не зробіш! Пустэча! Туды і прыемна толькі з"ездзіць рыбку палавіць... »І, мабыць, сапраўды ездзілі ў гэтыя калгасы толькі «рыбку палавіць», раз назаўсёды пераканаўшы сябе, што ўзняць гаспадарку там немагчыма.Да вайны новага чалавека здзіўляў знешні выгляд вёсак у гэтым месцы: сярод лесу стаялі пахіленыя хаткі з беднымі агародамі, у той час калі ў вёсках стэпавых, за дваццаць-трыццаць кіламетраў ад лесу,хаты былі адна ў адну — вялікія, новыя, і навокал — багатыя сады. Пасля вайны выгляд вёсак перамяніўся. Гэта былі гады, калі ўсе будаваліся — і той, хто пагарэў, хто не меў дзе жыць, і той, у каго быў добры дах над галавой; усіх ахапіла гарачка будаўніцтва, і кожны лез са скуры, каб зрабіць дах большы і лепшы. Натуральна, што тыя, у каго лес быў пад бокам, адбудаваліся хутчэй і лепш. Калі яшчэ ўлічыць, што на правабярэжжы зніклі сады, то выгляд вёсак у бедным міжрэччы цяпер стаў значна прыгажэйшы. Ды і не такі ўжо ён бедны, гэты край! Недарма тут даволі густа сяліліся нашы продкі. Пясчаныя глебы, але затое колькі іншых выгод! Шырокія сенажаці, лясы, рэкі і азёры — старыкі. Трава і дрэва, рыба і звер — усё ёсць. З даўняга часу вёскі тут славяцца рыбаловамі, паляўнічымі, цеслярамі, бондарамі, кашарамі і іншымі майстрамі... Цікавая яшчэ адна акалічнасць. У гэтым кутку міжрэчча некалькі вёсак маюць назву Рудня: Рудня Марымонава, Рудня Каменева... І гэта не проста назва. Каля гэтых вёсак знаходзяць вялікія залежы «жужалю» — шлаку ад плавак. Некалі даўно-даўно вольныя казакі Багдана Хмяльніцкага ці, магчыма, нават раней яшчэ завозілі па Дняпры і Сожы з Крывога Рога руду ці, можа, знаходзілі яе дзе-небудзь бліжэй, а лесу на вугаль тут заўсёды хапала. І вось у гэтым лясістым кутку беларускай зямлі выплаўлялі яны зброю, каб біць ёю ворагаў.