Трывожнае шчасце, частка 1

— Не дам Ленку! Забі — не дам! Ты хочаш загубіць яе? Чым ты яе карміць будзеш? У цябе ж няма малака! Ды і куды ты пойдзеш цяпер? Чула, што сказаў капітан?..Саша каля стала паспешліва складала ў старую хустку дзіцячыя рэчы; пры словах сястры яна выпрасталася, застыла са старэнькай, засціранай пялёнкай у руках, са страхам і здзіўленнем паглядзела на сястру, якая трымала Ленку.— Як людзі, Саша, так і мы,— зноў па-філасофску разважліва зазначыў брат.— Не будзем адрывацца ад людзей...Саша перавяла позірк на пялёнку і... раптам, закрыўшы ёю твар, упала грудзьмі на стол, на дзіцячыя рэчы. Плечы яе затрэсліся ад плачу. Поля і Даніла кінуліся да яе.— Саша, родная, супакойся.