Трывожнае шчасце, частка 3

Рынак зрабіў на Сашу дзіўнае ўражанне. Нельга сказаць, што ён быў малалюдны. Не, людзей было нямала. I — на першы погляд — шмат што прадавалася, асабліва з апраткі. Але купляць... купляць гэтым людзям не было чаго, бо не было ні кароў, ні свіней, як у даваенны час, ні мукі, ні сала, ні мяса, ні бульбы, ні цыбулі. Нічога не было з таго, што патрэбна чалавеку ў першую чаргу. Саша з болем падумала: як жа жывуць гарадскія людзі? «Галадае народ»,— успомніліся словы Дразда. У вёсцы хоць бульбіна якая-небудзь ды капуста ёсць.I яшчэ адно ўразіла яе: вялікая колькасць людзей, неяк па-старамоднаму апранутых. Адкуль яны ўзяліся? Да вайны рэдка калі сустракаўся чалавек у такім адзенні. А тут быццам усе яны выйшлі з фільмаў аб дарэвалюцыйным жыцці: у чорных шалях, доўгіх спадніцах, у паліто з аксамітавымі каўнерыкамі і вузкіх штоніках. I ўсе гэтыя людзі нешта прадавалі, шпарка бегаючы з канца ў канец, прытанцоўваючы на марозе. Сашы здалося, што ад іх саміх і ад рэчаў, якія яны прадаюць, вельмі пахне нафталінам. Пакупнікоў на бочкі, як і на ўсё гэтае рыззё, было нямнога. Але бочкі, прынамсі, выклікалі цікавасць. Каля іх тоўпіліся, мацалі клёпкі, ляпалі па звонкім дрэве, нюхалі яго прыемны пах. Ды і саміх прадаўцоў — Лялькевіча і Сашу — разглядалі з цікавасцю: што за людзі, што прывезлі такі нязвыклы для гэтага часу тавар? Уладзіміру Іванавічу не падабалася такая цікавасць да яго асобы: ён баяўся, што раптам знойдзецца хто-небудзь знаёмы і пазнае яго. Не так далека ад горада да раёна, дзе ён настаўнічаў. Таму ён вельмі ўзрадаваўся, калі нейкі камерсант, відаць, гандляр мясам ці, можа, іншым чым, запрапанаваў купіць усе яго бочкі, цэбры, вёдры оптам.— Даю пуд солі.Соль! Каб гэта было што іншае, любое, самае каштоўнае, Лялькевіч, напэўна, аддаў бы за тое, што прапанавалі,— абы хутчэй з плеч. Але соль... Значыцца, у гэтага прайдзісвета ёсць даволі солі, без якой яны ядуць страву ўжо каторы месяц, якой так просяць да бульбы дзеці тых салдатак, якія аддалі яму, Лялькевічу, клёпку. Таму ё н пачаў таргавацца — запрасіў тры пуды. Гандляр махнуў рукой і адышоў, але хутка вярнуўся і самаўпэўнена сказаў:— Падумаў? — Ён добра ведаў цану сваёй солі.— Двапуды.— Не будзь дурнем. На тваё калецтва надбаўляю.— I перайшоў з пудоў на кілаграмы.— Дваццаць кілё.Дваццаць кілаграмаў солі. Сашы здавалася гэта цэлым багаццем, яна ледзь стрымлівала сябе, каб не сказаць на правах жонкі: «Аддавай, Пеця». Але Лялькевіч зразумеў, што тыпу гэтаму бочкі вельмі патрэбны, і ўпарта змагаўся за кожны кілаграм.— Дваццаць пяць,— узлавана абвясціў гандляр, чырванеючы ад гневу.— Дваццаць восем.— Я скажу паліцыі, каб канфіскавала твае бочкі. Не забывай, што лес цяпер належыць нямецкай дзяржаве. А ты накраў...Сярод цікаўных, якія акружылі іх, пачуліся нясмелыя галасы абурэння: таргуйся сумленна, не палохай! Але Лялькевіча цяжка было запалохаць. Ён пачціва адказаў:— Ваша справа, пан. Але няхай шаноўны пан зразумее, колькі мне, калеку, прыйшлося пастаяць на адной назе, каб вось так выгабляваць кожную клёпачку.— Ён стукаў кулаком па самай большай, дубовай, бочцы, і яна гудзела на ўвесь рынак.Нарэшце сышліся на дваццаці шасці кілаграмах...— Нам яўна пашанцавала,— сказаў Лялькевіч, калі яны, пасля шматлікіх праверак, выехалі з горада і дабраліся да лесу, дзе адчулі сябе бяспечна і ўтульна. Уладзімір Іванавіч быў задаволены, вясёлы. Яму хацелася гаварыць, магчыма, гэтак жа, як учора ёй.— Чаму вы такая панурая, Саша? Вас усхваляваў гэты дом? Далібог жа, забабоны! Выкіньце з галавы! Больш таго, я хачу, каб вы зразумелі... Мы вядзём бязлітасную барацьбу са страшным ворагам... У такіх умовах нельга даваць волю сваім пачуццям. Трэба ўмець імі валодаць. Трэба, кажучы груба, заціснуць іх вось так.— Ён паказаў кулак.— Інакш мы пачнём забываць пра галоўнае.