Трывожнае шчасце, частка 5

I раптам Панасавы словы прымусілі і на тэты даўні, амаль забыты выпадак глянуць з нейкага зусім другога боку, як бы з тылу. Яму не хацелася гэтага. Ён не жадаў, каб душу тачылі, як караеды дрэва, сумненні. Хацелася, каб усё было проста і ясна. Пасля такой перамогі! У такую вясну! Паслаць яго к чорту, гэтага мужыка, з яго развагамі.— Я табе, Андрэевіч, скажу,— зноў азваўся Грамыка.— Я так думаю: мелі б права ў рэспубліцы, у вобласці падумаць разам, калектыўна, параіцца з народам, з табой, са мной, і каб я не баяўся выказацца...— А чаго ты баішся?— Самога сябе баюся,— дзіўна ўсміхнуўся Панас.— Сам сабе не веру... Праўда. А каб мы паверылі сабе і адзін аднаму, то грамадой нешта прыдумалі б. Падказалі б бацьку... А то мы маўчым і чакаем, што скажа ён. А раптам ён нічога ўжо не можа такога сказаць, а? Што тады?— Яго не чапай, Панас. Ён...— А я не чапаю... Ты бачыў — ён у мяне ў хаце на тым месцы, дзе раней абразы віселі, і я штодня малюся на яго. I дзяцей вучу маліцца. Адну цешчу ніяк прымусіць не магу. Не прызнае, старая качарга.— Ён засмяяўся, выскаліўшы свае буйныя, жоўтыя ад махоркі зубы. Так ён смяяўся часта, гэты пракураны трактарыст і танкіст. Пятро любіў такі яго смех. I ў той міг вясёлы смех ягоны даў палёгку. Смехам старшыня як бы руйнаваў сур"ёзнасць усяе размовы, як бы казаў: намалоў я лухты, пазабавіўся трохі тут, у сасонніку, а цяпер — хопіць, забудзем, зоймемся справамі.Пятро падумаў з філасофска-інтэлігенцкай разважлівасцю: «Мужык ёсць мужык, ён заўсёды скептык, і ўвесь час яму хочацца новай эканамічнай палітыкі».Усё напачатку было так, як Пятро марыў, несучы бульбу. Саша недзе затрымалася на візітах. Ён сам наабіраў бульбы і варыў болыітычыгунок, чым звычайна. Можна нарэшце дазволіць такую раскошу.Трашчалі ў грубцы сухія тонкія галінкі, языкі полымя з вясёлым гудзеннем аблізвалі закапцелы чыгунок. Вада яшчэ не кіпела, але на паверхні яе плавалі ўжо шматкі пены. Апякаючы руку, Пятро знімаў пену лыжкай.Пакуль яны ішлі з Грамыкам і той нёс мяшок, пакуль абіраў бульбу, сек галлё і распальваў у грубцы, у душы яшчэ трымаўся нейкі нядобры асадак — рэштка той трывогі, што з"явілася падчас размовы, рэштка незадавальнення сваім маўчаннем: не да твару гэта сакратару! А запалаў агеньчык — і як бы выпаліў усё, панёс з дымам у комін. А закружыла ў чыгунку вада — і зусім стала весела.Безумоўна, шмат што робіцца не так, шмат што незразумела. Але чаму ён так балюча павінен браць усё да сэрца? Хіба ўсе гэтыя праблемы — толькі яго ці Панасаў клопат? Думае ўвесь народ, і працуе ўвесь народ. I няпраўда, што ўсе чакаюць, што скажа адзін чалавек. Сам жа ён, Грамыка, не чакае гэтага — працуе ад цямна да цямна, каб лепш і больш насеяць і сабраць ураджай. Вяртаюцца салдаты. Яшчэ шэсць узростаў звальняецца. З якой прагнасцю яны накінуцца на працу! А будуць працаваць людзі — будзе плён працы. Нешта зробяць, каб і ў сяле больш аставалася, у калгасах. Галоўнае — што перамаглі, хоць і вялікай крывёй. А калі мір, то ўсё наладзіцца. Народ — такая сіла, што ўсё адужае.«З мяне будзе правільны гісторык: я ўжо добра засвоіў, што рухаючая сіла гісторыі — народ»,— жартам падумаў Пятро, кідаючы ў грубку, у полымя, сухія палачкі. Седзячы на перакуленым табурэце, ён узяў дроў, не азірнуўшыся, і разбурыў нейкую даччыну гульню.Ленка закрычала:— Тата! Блаць не!Ён павярнуўся. Малая паспела збудаваць з кароткіх сукаватых палачак клеткі, розныя па форме.