Сэрца на далонi, частка 1

"Ай-яй, храпе на ўсе застаўкi". Я не верыў сваiм вушам. З месяц назад пасялiўся гэты пажылы ўжо, гадоў пад пяцьдзесят, чалавек у доме насупраць, цераз вулiцу. Назар Авяр"янавiч Дымар. Яго шмат хто ведаў. Закройшчык, працаваў да вайны ў цэнтральным атэлье. А ў акупацыi трымаў маленькую майстэрню тыпу "амерыканкi": "Рамонт верхняй вопраткi. Хутка. Танна". У яго быў свой дом у раёне таварнай станцыi. Але згарэў, калi нашы самалёты бамбiлi скапленне ваенных эшалонаў. Пры бамбёжцы загiнула жонка. Так ён расказваў мне i ўсiм на вулiцы. Мы з iм амаль штодзённа сустракалiся. Сядзелi на лавачцы каля яго кватэры. Да гэтага пажару ён не палiў. А цяпер пачаў. Прызнаваўся, што i да чаркi цягне. Расказваў пра жонку плакаў. Але нашых не вiнавацiў. Уздыхаў: "Вайна. Што зробiш. На вайне няма вiнаватых". Гэтай фiласофii ён прытрымлiваўся ў разважаннях на многiя тэмы, звязаныя з вайной, з дзейнасцю гiтлераўцаў. Я разумеў яго: асцярожнасць. А я чалавек, блiзкi да палiцыi. Мне нават здалося, што ён сувязны нейкай падпольнай групы; для гэтай мэты i майстэрня арганiзавана. I вось гэты чалавек з"явiўся ў такi вечар, каб праверыць, дзе я. Заглядвае ў пакой. Раней ён нiколi не заходзiў да мяне вось так, папросту. Куды знiкла яго далiкатнасць. Гаспадыня запытала, навошта я яму. "Табачку хацеў пазычыць, цэлы дзень не палiў. Ажно вушы напухлi". Няўжо ён? Цi гэта выпадковасць? Стары чалавек. Акуратны. Спакойны. Я ляжаў i ўспамiнаў, аналiзаваў усе сустрэчы i размовы з iм. Прыгадалася, што разы два я сустракаў яго нечакана на далёкiх ускраiнных вулiцах. Але цi мала спраў магло быць у краўца, якi паўжыцця працаваў тут i ведаў паўгорада людзей... Праз гадзiну ён з"явiўся зноў. "Спiць усё яшчэ?" "Спiць". "Ай-яй... А я думаў, прачнуўся. У мяне сотачка спiрту ёсць. Пахмялiцца пасля такога перабору - найлепшае лякарства. Асаблiва чысты спiрт. Адразу здымае боль галавы". I зноў заглянуў у мой пакой. Цяпер, бадай што, можна было не сумнявацца. Шпiён нерваваўся: я збiў яго з панталыку. Ён яўна не выконваў нейкага вельмi пэўнага задання. Ох i ўзлаваўся я на яго, на гэтага старога здраднiка! Рукi свярбелi - устаць i прыдушыць, як паганага шчанюка. Няма нiчога больш агiднага за здраднiка i шпiёна. Але мая злосць была падвоеная: як магло здарыцца, што я з першага дня раскусiў мацёрага агента СД Лотке i больш за месяц вадзiў за сабой такога нiкчэмнага "прылiпалу"? Але самае дзiўнае, ведаеш што? Гаспадыня мая, расказаўшы ранiцай, як двойчы прыходзiў Назар Авяр"янавiч, нечакана заключыла: "Не падабаецца мне, Кузя, гэты чалавек". З Паўлам я сустрэўся на другi дзень, у нядзелю. Не вельмi ўпэўнены, што Лотке не ведаў, ад каго я атрымаў запрашэнне на iмянiны, я не пайшоў да яго на кватэру, хоць належным чынам i застрахаваў сябе i ад краўца i ад любых другiх "хвастоў". Я пайшоў на Балотную да цёткi Любы, каб гэтая "пранырлiвая гандлярка" схадзiла на Каштанавую да Паўла i звяла нас. I там сустрэў Паўла. Ён прыйшоў туды з тым жа намерам - выклiкаць мяне. Як заўсёды, ён быў iнтэлiгентна апрануты - у капелюшы, у добрым касцюме, у гальштуку. Палiў цыгарэты. Як належала работнiку ўправы. У любых абставiнах ён трымаўся надзвычай спакойна i ўпэўнена i не надта асцярожна. Часам нават парушаў тыя правiлы канспiрацыi, якiя сам устанаўлiваў. Неяк на зборы нашай пяцёркi мы сказалi яму пра гэта. Ён адказаў, што ў падпольнай рабоце нельга вынайсцi правiлаў, прыгодных на ўсе выпадкi, што часам людзей выдае звышасцярожнасць.