Сэрца на далонi, частка 1

"Саша. Пакуль што проста Саша". Тады нават крыху пакрыўдзiла, што мне, падпольшчыку, якi выканаў ужо не адно баявое заданне, не давяраюць. Але канспiрацыя ёсць канспiрацыя, гэта я разумеў. I ўсё-такi цяпер мне шкада, што я так мала ведаў Аляксандра Якаўлевiча Дубецкага - другога сакратара гаркома. Ды i другiх таксама... Тады там, у пажарнай, помню, балюча было, што я не ведаю нават прозвiшчаў сваiх таварышаў. Не, я ўсё яшчэ лiхаманкава думаў, як памагчы iм, перашкодзiць пакаранню. Няхай бы лепш i я i яны, асуджаныя, загiнулi ад куль, у барацьбе, чым на шыбенiцах. Але што я мог зрабiць? Адзiн мой рух - i мяне знiшчылi б. Вязняў было больш чым чатырнаццаць. Я палiчыў - дваццаць тры чалавекi. Шэсць жанчын... Але, жанчын было шэсць. Яны трымалiся разам, у цэнтры групы. Фургоны адышлi. На iх месца стаў грузавiк з адкiнутымi бартамi, з прымацаванымi ззаду ўсходцамi. Па ўсходцах гэтых у кузаў паднялiся два чалавекi - тоўсты гестапавец-кат, якi вешаў вяроўкi, i малады фашыст у форме армейскага афiцэра. Юрыст. Ён пачаў чытаць прыгавор крыклiвым голасам. Але дрэнна ён вывучыў расейскую мову, каверкаў словы, i толькi асобныя з iх я разбiраў. Звычайнае фашысцкае абвiнавачванне ў бандытызме, забастоўках, дыверсiях. I раптам... усё гэтае з нямецкай дакладнасцю адрэпетаванае прадстаўленне было паламана. Звонкi i ясны жаночы голас заглушыў словы прыгавору песняй. Якой песняй! Той, якую я спяваў дагэтуль толькi аднойчы, шэптам, на кватэры ў Паўла. I слоў яшчэ ўсiх не ведаў. Але музыка яе жыла ў маiм мозгу, у сэрцы. Пусть ярость благородная Вскипает, как волна, Идет война народная, Священная война. Шыковiч адчуў нешта накшталт прыступу астмы: з шумам выдыхнуў паветра. Яраш на момант змоўк, падняўся з зямлi i, стоячы, паўтарыў словы песнi, цiха, пранiклiва: - "Идет война народная, священная война". I песню падхапiлi ўсе асуджаныя. Матыў яе, без слоў, перакiнуўся ў натоўп рабочых. Начальнiк СД закрычаў, адарваўся ад свiты, падбег да асуджаных, пагражаючы пiсталетам. Гестапаўцы прыкладамi аўтаматаў глушылi песню. Бронетранспарцёр пасунуўся на рабочых, ледзь не задавiўшы палiцаяў. Даў чаргу кулямёт. Кулi прасвiсталi каля нашага акна. Хiндэль баязлiва адсунуўся за сцяну. А я глядзеў... Я глядзеў... Знiк з кузава "пракурор". Застаўся адзiн кат. I вось гестапаўцы за рукi паднялi туды першага асуджанага. Яны спяшалiся. Яны бiлi яго. Бiлi Паўла. Гэта быў ён. Павел не iшоў пакорлiва. Ён так iрвануўся, што два дужыя гестапаўцы звалiлiся з кузава на зямлю. Павел закрычаў у натоўп: "Таварышы! Браты нашы i сёстры! Адпомсцiце за нас! Бiце праклятых фашыстаў! Каб духу iх не было на нашай зямлi. Мы памiраем з верай у перамогу! За Радзiму! За партыю нашу! За народ!" Не ўсё, безумоўна, удалося яму сказаць. Яны бiлi яго, шматгалосым гоманам глушылi яго словы. Але ён крыкнуў менавiта гэтыя словы. Я пачуў iх сэрцам. I яшчэ ўбачыў, як да машыны падбег Лучынскi, доўгi, сутулы. Гэты панок, подлы нацыяналiст, заўсёды хадзiў з нагайкай. Войт, прыслужнiк. Ён ударыў гэтай нагайкай Паўла па твары. Заварушыўся натоўп. Загаласiлi жанчыны. Я не помню, што я зрабiў: застагнаў, заскрыгатаў зубамi?.. Але Хiндэль схапiў мяне за руку i пацягнуў ад акна. "Адыдзi! Дурань! Iдыёт! Ты чуеш? Пачуюць". Ён лаяўся па-расейску, па-нямецку, у яго выцягнуўся, пабялеў твар i дзiўна трэслася барада. Я адпiхнуў яго. Але ў гэты мiг, калi я адвярнуўся, Паўла павесiлi. Машына адышла, i цела яго сутаргава курчылася ў паветры.