Сэрца на далонi, частка 4

- Гуканаў ход канём! - адразу здагадаўся ён. - Але ж гэта не яго сфера. - Ты наiўны чалавек, доктар. - Навошта яму? - Даць нам лiшнi клопат, выбiць з нармальнай каляiны, адцягнуць увагу, абвiнавацiць у прыватна-ўласнiцкiх тэндэнцыях. Зусiм нядрэнна прыдумана. Заадно паказаць сваю прынцыповасць i непрымiрымасць да перажыткаў... - Але як маглi прыняць такое рашэнне, не пагаварыўшы нават з намi? Быццам мы з табой дармаеды нейкiя, - перажываў Яраш. Яны хадзiлi ў выканком. Iх ветлiва прымалi, выслухоўвалi, спачувальна пацiскалi плячамi. Здавалася, нiхто нiчога не ведае. Толькi намеснiк старшынi Мухля чамусьцi ўзлаваўся: - А што вы хацелi, таварыш Шыковiч? Будаваць асабнякi, калi людзi не маюць яшчэ звычайных кватэр? Вам волю дай - палову калгаснай зямлi захопiце... Кiрыла таксама ўзлаваўся. - Ясна. Значыцца, ты хапуга i спекулянт, доктар Яраш! - сказаў ён сябру, якi панура маўчаў, барабанячы па замку партфеля. Мухлю стала няёмка перад Ярашам. - Нiхто так не думае. Не кiдайцеся словамi, Шыковiч. Мы абавязаны былi паправiць райвыканком. - Iншым чынам гэта нельга зрабiць? - Падумаем. Пастановы часам адменьваюцца. Але пастанова не адмянiлася. У той дзень яны атрымалi напамiнак з раёна, на зямлi якога стаяла дача. Райвыканком скасаваў сваё, трохгадовай даўнасцi, рашэнне аб адводзе iм зямельнага ўчастка. Абжытая будынiна не мела права стаяць на зямлi. Ад злосных жартаў Кiрыла паступова перайшоў да менш злоснай сур"ёзнасцi i разважлiвасцi: - Днямi бюро гаркома займалася майстэрнямi для мастакоў. Абавязалi гарсавет знайсцi патрэбныя памяшканнi. А я сам, за сумленна запрацаваныя грошы збудаваў сабе майстэрню. Мне не дача патрэбна! Мне трэба цiшыня! Ён гаварыў гучна, размахваў рукамi. Прахожыя азiралiся на яго, як на п"янага. Захапiўшыся, ён не заўважыў, што той, каму ён усё гэта гаворыць, бадай не слухае яго. Яраш раптам страцiў цiкавасць да гэтай дачнай праблемы, i яму стала ўсё адно, што будзе з iх дачай. Няхай хоць сапраўды Кiрыла распальвае там касцёр. Калi падыходзiлi да дома, дзе жыла Зося, Антона Кузьмiча апанавала незразумелае хваляванне. Такога пачуцця ён не ведаў ужо даўно, магчыма, з гадоў юнацтва. Было радасна i боязна. Амаль страшна, аж халадзела пад сэрцам. Ён прыслухаўся да сябе, каб зразумець, што гэта. I не мог зразумець. Боязь жонкi? Але адкуль гэтая радасная нецярплiвасць? Як у юнака перад першым спатканнем. Дзiўна. Можа, яму няёмка перад Машай, якая, напэўна, будзе там? Не, няпраўда, што пачуцця такога ён не ведаў сто год. Яно ўжо неяк з"яўлялася i, здаецца, зусiм нядаўна. Калi? З якой прычыны? Нешта знаёмае, блiзкае i адначасова далёкае, забытае. Пэўна, адно - парушана душэўная раўнавага. Кiм? Цi чым? Многа год ён меў той спакой, упэўненасць, што нараджаюцца ад веры, ад пераканання ў карыснасцi сваёй дзейнасцi, ад пазнання людзей i з"яў ва ўсёй iх дыялектычнай складанасцi. Былi, безумоўна, хваляваннi: перад цяжкiмi аперацыямi, перад нараджэннем дзяцей, у часе iх хваробы, пасля сварак з жонкай, ад яе беспадстаўнай рэўнасцi. Але ўсё гэта было проста i ясна як божы дзень, яно ядналася адным акрэсленым паняццем - быццё. А гэтае хваляванне не падобна нi на адно з тых, ранейшых. Ён спытаў у Кiрылы: - Ты не баiшся, што наш вiзiт падмацуе плёткi? - А ты баiшся ўсё-такi? - Баюся, - прызнаўся Яраш, каб хоць чым-небудзь вытлумачыць свой душэўны стан. - Ты ведаеш Галiну. - Ты проста дрэнна выхаваў яе. Iдэалiст - вось ты хто. Хiрург-iдэалiст унiкальная рэдкасць. Мае сталiчныя калегi, якiя пiшуць слязлiвыя вершы, у сто разоў больш практычныя i зацвярдзелыя... Каб я напiсаў, што былы падпольшчык, славуты хiрург так зацiснуты жончыным абцасам...