Сэрца на далонi, частка 4

- Божа мой! Шаснаццаць год жыла з гэтым чалавекам! Аддала яму ўсё. А ён... Яму мала было гэтай тоўстай шлюхi, "залатой сястры", усiх баб, якiх ён меў... Яму трэба яшчэ зблытацца з пацыенткай. Якi жах! Якая ганьба! - Яна адкрыла твар i вельмi нядобра ўхмыльнулася. - Але што я хацела ад таго, хто мог забiць, зарэзаць з большай лёгкасцю, чым я вырываю зуб. Гэта было ўжо занадта. Нават з яго нервамi i разважлiвасцю вытрымаць такое нялёгка. I ён грымнуў на ўсю кватэру: - Вы хаця падумалi б, якая яна жанчына! Лекары задрыпаныя! - i вылаяўся груба, злосна, як не лаяўся яшчэ пры жонцы нiколi. Ён не ведаў, што дома Наташа. Яна сядзела ў кабiнеце, дзе заўсёды рыхтавала ўрокi, калi бацькi не было дома. Яна бачыла, у якiм стане вярнулася дадому мацi. Калi з"явiўся бацька i адразу накiраваўся ў спальню, дзяўчынка насцярожылася. Не, яна не стала падслухоўваць iх размову. З малых год бацька вучыў яе, што гэта нядобра. Але калi ён закрычаў, Наташа не вытрымала. Яна з"явiлася ў дзвярах спальнi ў чорным фартушку, з банцiкам у косах, стройная, высокая (у бацьку пайшла), з ласкавай усмешкай на твары. - Добры дзень, тата. Мы не бачылiся сёння, - падбегла, паднялася на пальчыках, чмокнула ў шчаку. - Твой тата падлюга! - не вытрымала Галiна Адамаўна, каб не шыбануць у мужа самы цяжкi камень. Яна не чакала, што камень можа паляцець у яе. Наташа адступiла ад бацькi, агледзела яго, потым - мацi. I зноў да бацькi. Абняла за шыю, закрычала: - Няпраўда! Няпраўда! Няпраўда! Ён добры, ён разумны. А ты... ты... неразумная... ты - раўнiвая. Ты атручваеш яму жыццё. - Наташа! Наташка! Хiба можна! Сцiхнi! - Антон Кузьмiч сварыўся на яе, але прыцiскаў да сябе. Гладзiў худзенькiя плечы i адчуваў, што сам захлынаецца слязамi. Дачка вырвалася, выбегла з пакоя. Галiна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ. Валянцiна Андрэеўна атрымала ананiмнае пiсьмо. Немагчыма растлумачыць, чаму Гаецкая жанчынам, якiя сябравалi памiж сабой, паведамiла па-рознаму: адной - яўна, другой - ананiмна. Нельга сказаць, што Валянцiна Андрэеўна нiколi не раўнавала Кiрылу. Усё было ў жыццi. На тое яно i жыццё. Але яна нiколi не трацiла розуму i здольнасцi разважаць, аналiзаваць. Быў у яе вопыт i добрая жаночая мудрасць. Калi нiводзiн лекар не задумаўся, колькi патрэбна часу, каб пасля такой аперацыi чалавек вярнуўся да нармальнага, не, ненармальнага, вясёлага жыцця, то яна адразу ж падумала пра гэта i першаму, чаму не паверыла, - сувязi Яраша з Зосяй. Кiрыла i Маша?.. Прыпiсалi б яе мужу любую другую жанчыну, у Валянцiны Андрэеўны, магчыма, яшчэ ўзнiклi б нейкiя падазрэннi: не бывае дыму без агню. Але Маша... Яна бачыла дзяўчыну адзiн раз, ведала, што яна сустракалася з Тарасам i Славiкам. I раптам - Кiрыла. Не, не, не! Яна з агiдай, з нянавiсцю да ананiмшчыка адганяла гэтую брудную плётку. Яна палюбiла Машу, паверыла ў яе розум, у яе дзявочую сумленнасць i чысцiню, iнтуiтыўна, чуццём педагога, адчувала, што такая натура нiколi не зробiць подласцi. Валянцiна Андрэеўна любiла людзей i верыла iм. Увечары яна паказала пiсьмо Кiрылу. Пакуль ён чытаў, яна ўважлiва сачыла за выразам яго твару. Спачатку ён пачырванеў, потым пабляднеў, спацеў. Як бы вытлумачыла гэта тая ж Галiна Адамаўна! Валянцiна Андрэеўна ўбачыла iншае: здзiўленне i абуранасць. Дачытаўшы да канца, ён разгублена паглядзеў на жонку. - Чорт ведае што такое! Падумай толькi, якая душа павiнна быць у чалавека, каб з усiх гэтых фактараў зрабiць такiя высновы. Вырвалi мы ёй кватэру, куплялi мэблю, прывезлi яе з бальнiцы, былi яшчэ разы два. Ты чытала яе расказ... Але, прыязджалi яны з Антонам па грыбы... Ну i што? Гэта - яна, Гаецкая. Недарэмна Антон так не любiць гэту бабу.