Сэрца на далонi, частка 4

- Сентыментальная лухта. Рэакцыя Iры была зусiм нечаканая. Яна паглядзела на брата зняважлiва i на поўны голас, пры мацi, сказала: - Падонак ты! Што ты разумееш? Так, я люблю яго! - Але ж ён цябе, дурнiцу, не любiць. - Ну i няхай. I няхай. А я люблю! Люблю так, як ты, цынiк няшчасны, не палюбiш нiколi. I мне хораша!.. I ты не чапай!.. Не лезь сваiмi бруднымi лапамi! - Ёй было так "хораша", што слёзы палiлiся ў яе з вачэй. Славiку стала сорамна. Дурань! Надумаў здзекавацца... З каго? I з чаго? Сам такi. Нiколi ён яшчэ не прасiў у сястры прабачэння. А тут збянтэжана папрасiў: - Я не хацеў цябе пакрыўдзiць. Даруй. Гэта да слёз кранула Валянцiну Андрэеўну. Прызнанне дачкi, трагедыя яе першага кахання, нечаканая чуласць сына - як усё гэта адгукнулася ў мацярынскiм сэрцы! Адначасна - i болем i радасцю. Папракнула сябе: мала займаецца дзецьмi. Прыкмецiўшы, як за апошнi час Славiк пасталеў, пасур"ёзнеў, Валянцiна Андрэеўна радавалася i сачыла, каб хто незнарок не абразiў яго напамiнкам пра мiнулае цi яшчэ чым-небудзь, што магло б зрабiць душэўную траўму. Жадаючы замацаваць мiр памiж дзецьмi, улагодзiць, яна дала кожнаму з iх прыемнае даручэнне. - Я не веру, што бацька прывязе елку з ляснiцтва. Ён тыдзень абяцае i не можа выбрацца. Ды, кажуць, леснiкi i мiлiцыя затрымлiваюць усiх елачных браканьераў. Славiк, разбiся, а знайдзi добрую елку. Што гэта за такая абыякавасць да Новага года? Зрабiце прыемнае мне, калi не хочаце рабiць сабе. Iра, сходзiш у краму, купiш цацкi. Каб да вечара ў нас стаяла елка. Будуць госцi. Славiк узрадаваўся, што ёсць прычына пабадзяцца па горадзе, нечым заняцца. Абы забыцца на ўчарашняе. Каб можна было забыцца! А што, уласна кажучы, здарылася? Нiчога. Яго ж не выгналi з завода. Ён можа працаваць. Не, чорта з два! Як ён можа вярнуцца, калi не пайшоў сёння? Ён хацеў прымусiць сябе на ўсё махнуць рукой з цынiчнай абыякавасцю чалавека, вольнага ад усiх умоўнасцей. Такiм яму хацелася некалi быць. Але цяпер гэта не атрымоўвалася. Адбылося нешта незразумелае для яго. Каб раней яму сказалi, што здарыцца так, што яму будзе цяжка расстацца з брыгадай, то ён, напэўна, засмяяўся б. А цяпер, калi ён так прыжыўся там, нават з Ходасам, здаецца, паладзiў, набыў прафесiю i палюбiў яе!.. Крыўдна, шкада. I ён не саромеецца гэтых "банальных пачуццяў". Застацца на заводзе? Але тады трэба iсцi ў другi цэх, зноў вучнем, зноў пачынаць усё спачатку, могуць нават паставiць рознарабочым. Разгружаць вугаль цi вывозiць з цэха стружку разам з тымi дзяўчатамi, што толькi ўчора прыйшлi на завод з вёскi. Праўда, цяпер ён не думаў са знявагай пра гэтых дзяўчат. Нi да каго - якую б чорную работу нi рабiў чалавек! - ён не ставiўся цяпер з вышынi сваёй выключнасцi. Якая там, да д"ябла, выключнасць! Таксама знайшоўся звышчалавек! Ён скептычна ўсмiхаўся з ранейшых думак пра свае таленты, незвычайнасць, са сваёй гульнi ў расчараванасць, незадаволенасць. Не, цяпер яму хочацца аднаго быць звычайным, звычайным слесарам-зборшчыкам, такiм, як Косця, як хiтрун i насмешнiк Варэнiк, як Лапацiн, як Тарас, як нават Ходас. Як усе яны разам i кожны паасобку - з усiм тым добрым, што ў iх ёсць, i з усiмi чалавечымi слабасцямi. I мець звычайнае шчасце - Машына каханне. Больш нiчога не трэба. Але, пэўна, ён горшы за ўсiх: Маша з iм не хоча нават сустрэцца, i з брыгады яго выгналi... Славiк спынiўся пасярод шырокай i пустой плошчы. У далёкiм канцы яе, каля паркавай агароджы, прадавалi елкi. Углыбiўшыся ў развагi, ён зусiм быў забыўся, чаго iшоў сюды. Убачыў елкi - успомнiў i адчуў, што нiшто яго не цiкавiць: нi елка, нi Новы год.