Трывожнае шчасце, частка 2

Саша ўсё зразумела. Дзіўныя пачуцці ахапілі яе: страх, што Данік, хлапчук, дзіця яшчэ, забіў чалавека, і не чужога, не немца, а стрыечнага брата, і ў той жа час бязмерная ўдзячнасць яму, бо зрабіў ён гэта, каб уратаваць яе, Ленку, каб пакараць здрадніка. I яшчэ сорам за тое, што пагана думала аб ім... Аён вось які... I ўсё шэпча, нібы хоча апраўдацца, астудзіць жар душы:— Яму не трэба было ехаць у воласць. Навошта ён ехаў? Так паспешліва. Проці ночы. Помніш, цётка Хадоска расказвала: цыганка ў іх некалі варажыла і сказала Кузьму, што яго смерць будзе ад вады... Каб ён асцерагаўся... Вось бачыш... Ад вады...Саша сціснула яго рукі і, дрыжучы сама амаль гэтак жа, як ён, прашаптала:— Не трэба, Данік, родны. Не трэба... Я ўсё разумею... Супакойся.Яны доўга маўчалі, цяжка дыхаючы адно аднаму ў твар. У цемры і цішыні было чуваць, як Данік дробна ляскае зубаМі, Саша абняла яго, каб сагрэць.— Ты лазіў у рэчку? — прашаптала яна.— Не... Я не лазіў... — адказаў ён так, што стала ясна: нехта ўсё ж лазіў.— А хто? — хутка спытала Саша.— Ты не павінна пра гэта пытацца! — сказаў ён сурова, патрабавальна, перастаўшы нават дрыжаць і заікацца.— Я разумею. Даруй мне, Данік. За ўсё... што я ўдарыла цябе, што думала так...— Нічога... Я не крыўдзіўся. Я радаваўся, што ты такая. Але мне цяжка было.— I мне цяжка...— Ты думала, я спалохаўся, калі аддаў Кузьму вінтоўку без затвора. А ў нас іх, можа, дваццаць схавана, і кулямёт, і гранаты... Новенькія... Трэба было заткнуць яму горла ламаччам, каб не думаў нічога, не дакопваўся. I хадзіў я да іх таму... А заадно вучыўся, як зброяй карыстацца... У нас ніхто добра не ўмеў.«У нас... Значыцца, іх некалькі чалавек... Відаць, усе такія, як ён, Данік. Але якія смелыя і разумныя! Хто ж там яшчэ?» Саша прыгадала ўсіх Данілавых сяброў, і ўсе яны зусім не былі падобныя на герояў, ва ўсіх іх яшчэ дзіцячы вецер у галаве.Аднак нехта ж ёсць... Яны змагаюцца. Яны пакаралі здрадніка Кузьму, які хацеў забіць партызана, выдаць немцам яе, Сашу.— Мы самі рыхтаваліся вызваліць партызана. Ночы чакалі. Ты нам крыху напсавала. Нам гэты чалавек вельмі спатрэбіўся б...Саша слухала, што казаў Данік, як цудоўную казку, ад якой робіцца святлей на душы і з"яўляецца моцнае жаданне самой стаць такой, як героі гэтай казкі...Яна раптам ціха папрасіла, здзівіўшы брата:— Данік... Вазьміце мяне ў сваю групу. Я вам таксама спатрэблюся... Я — фельчар.Ён доўга думаў. Яна чакала, стаіўшы дыханне. Нарэшце ён паабяцаў: — Добра. Я параюся з хлопцамі.Саша прыгарнула яго да сябе і прыціснулася губамі да яго ўжо гарачай шчакі.I вось яна першы раз ідзе на збор падпольнай групы.Позні вечар. У вёсцы дзе-нідзе мільгаюць агеньчыкі: гараць у хатах каганцы ці тлее на прыпечку лучына — такое святло прынесла «цывілізаваная Еўропа». Гэтыя агеньчыкі — адзіныя арыенціры, бо без іх легка можна было б заблудзіцца ў такой цемры.Саша крадзецца на пальчыках, стараючыся ступаць як мага ці-шэй. Але зямлю скаваў мароз, і боты грукаюць на ўсё наваколле. Яна спыняецца, слухае. Сэрца стукае так, што робіцца горача ў грудзях і балюча ў скронях, у вушах. Магчыма, праз гэта шум бору далятае хвалямі, як у дзіцячай гульні, калі вушы заціскаеш далонямі: шум — цішыня, шум — цішыня. I чым больш яна стаіць, узіраецца і слухае, тым робіцца горш: пачынае здавацца, што наперадзе хістаюцца постаці, а ззаду чуюцца крокі і шэпт. Можа, за ёй сочаць, ідуць? Не, гэта толькі здаецца... Няўжо ёй так страшна? Яна не харобрыцца залішне. Так, страшна. Няма чаго таіцца. Вельмі. Але не за сябе, апраўдвае яна свой страх. За Даніка, за яго сяброў, якія паверылі ёй і