Трывожнае шчасце, частка 2

У алешніку над ракой нешта хруснула. Саша замірае на месцы. Што там — чалавек ці звер? Цішыня. Шуміць бор, журчыць рэчка, змагаючыся з ільдом, што наступав ад берагоў. Мароз мацнее. Але інею няма. Зямля чорная. На небе з"явілася прасветліна і выглянула адзіная зорачка. Ад гэтай маленькай, страшэнна далёкай зорачкі неяк адразу пасвятлела навокал. Каб не палохацца грукату ўласных ботаў, Саша нахіляецца, скідае і бяжыць далей па мёрзлай, калючай зямлі ў адных працёртых панчохах.Каля млына яе сустрэў брат. Ён вынырнуў нечакана, як з-пад зямлі.— Ты, Саша?Падышоў, убачыў у яе руках боты, здзівіўся:— Босая? Вось дурная. Абувайся хутчэй, ногі памарозіш.Саша меркавала, што хлопцы збіраюцца ў старым млыне. Але Данік перавёў яе па разбуранай плаціне, па слізкіх, абмёрзлых кладках на другі бок рэчкі. Саша здзівілася, што ідзе ён даволі смела, не баючыся грукаць ботамі. Яны падышл! да самага лесу, і толькі тады Саша здагадалася, дзе яны збіраюцца.Гады тры назад кал гас пачаў разводзіць трусоў. Тут была ферма: абгароджаны драцяной сеткай участак і невялікая будыніна — кухня, дзе варылі корм. Сетку і клеткі разам з трусамі парасцягалі, але будыніны пакуль што ніхто не чапаў: яна стаяла на былым, дакалгасным, надзеле, гаспадар якога цяпер служыў за старасту.Зямля тут была, магчыма, самая кепская, адзін пясок, але многія з вяскоўцаў заяўлялі, што з іх даволі той зямлі, якой яны карысталіся да калгаса, на што большае яны не прэтэндуюць. Людзі не верылі ў трываласць «новагапарадку».Ні печы, ні катлоў у былой кухні ўжо не было, вокны забіты шалёўкай. Гэта, напэўна, зрабіў стараста. Але шчыліны паміж шалёўчынамі старанна пазатыкаў нехта, безумоўна, другі. Куча саломы ляжала ў адным куце, у другім — гарэла самаробная васковая свечка.Саша абвяла позіркам хату і ўбачыла толькі аднаго чалавека.Пачуццё расчаравання, нават крыўды спыніла яе каля парога. Каля свечкі ляжаў жыватом на падлозе суседскі сын, Данікаў равеснік, яны разам кончылі сёмы клас,— Цішка Матыль. Але калі Данік выглядаў як сталы хлопец, то Ціхан гэты здаваўся яшчэ зусім дзіцянём: нізкарослы, рудзенькі, з прышчаватым тварам, ціхі і сарамлівы — нейкі зусім непрыкметны. Праўда, Цішка быў лепшы вучань, выдатнік. Але Саша не помніла, каб Данік асабліва сябраваў з ім.Ён глянуў на Сашу і сарамліва апусціў вочы.«Дык гэта ўся іх арганізацыя? Дзеці»,— падумала яна.Але раптам з-за кучы саломы пачуўся голас невядомага; голас належаў больш сталаму чалавеку.— Сядайце! — уладна загадаў ён.Саша паслухмяна апусцілася на калені побач з Ціханам.— Ці ведаеце вы, куды ўступаеце? — спытаў голас.— Ведаю,— адказала Саша; гэтая таямнічасць не спадабалася ёй. «Як у секце якой». Голас невядомага здаваўся крыху знаёмым, але ўспомніць, хто гэта, яна не магла.— Падумайце, ці адчуваеце вы ў сабе сілы мужна сустрэць любую небяспеку на тым шляху, на які ўступаеце?— Каб не адчувала, то не прыйшла б сюды. Мяне ніхто не цягнуў.— У голасе яе пачулася крыўда, і чалавек за саломай збянтэжана кашлянуў і памаўчаў больш, чым трэба.— Дайце руку вашым сябрам і паўтарайце за мной словы прысягі.Даніла і Ціхан працягнулі свае рукі і сціснулі моцна яе маленькую, але загрубелую ўжо ад цяжкай працы руку.— Я, грамадзянін Савецкага Саюза...— Я, грамадзянка Савецкага Саюза...— удакладніла Саша. Невядомы зноў кашлянуў.— Член Ленінскага камсамола...