Трывожнае шчасце, частка 2

— Дзе? — Мабыць, Лёня па сваёй прастаце хацеў спытаць: «Як будзем хаваць?»— Тут! У нашым лесе,— адказаў за Анатоля Данік, крыху ўзлаваны наіўнасцю навічка.— А чым выкапаць магілу? — спытала Саша. Данік не падумаў пра гэта і цяпер сумеўся.— Я пайду да лесніка. Скажу, што ад партызан. I папярэджу... Будзе маўчаць. Пасля смерці ляснічага яны навучыліся маўчаць. Не пікне. Глядзіце тут пільна, я мігам злётаю.— I Анатоль, не трацячы часу, пабег.— Пайду змяню Паўліка,— сказаў Данік, перадаючы Лёню пісталет.— Глядзі з гэтага боку. На світанні яны могуць пусціць па нашых слядах сабак. Майце на ўвазе,— папярэдзіў ён так, быццам перад ім быў вялікі атрад, якім ён камандаваў,— калі што — будзем біцца да апошняга патрона. Да апошняга!А патронаў гэтых было ў іх не густа, ды і зброі — адзін нямецкі аўтамат і два пісталеты.— I не здаваттгта жывымі!Саша ўздрыгнула ад братавых слоў і мімаволі глянула ў неба: ці падае снег? Няхай бы засыпаў усе сляды! Снег ішоў па-ранейшаму, але вецер сціхаў, і лес шумеў неяк па-новаму, больш спакойна і мірна.Данік, пэўна, злавіў гэты яе рух, бо падышоў і ціха спытаў:— Можа, табе пайсці?— Куды?— Дадому. Пакуль ноч.— Не. Я астануся з вамі! — рашуча адказала Саша. Данік пастаяў, падумаў і нічога больш не сказаў. Ідучы на варту, прыпыніўся каля нябожчыка, цяжка ўздыхнуў:— Эх, Цішка, Цішка!Саша ў адзіноце села на пень. Прыслухалася — што ў яе душы? Не было ні страху, ні таго вострага болю і жалю, якія яна адчула, убачыўшы маленькую чорную ранку на спіне таго, каго ўжо няма. Цяпер душу запаўняў жалобны смутак. Але гэта быў смутак не па адным Ціхану. Яна падумала: колькі вось такіх маладых, як ён, што толькі пачалі жыццё і яшчэ не ўведалі сапраўднага чалавечага шчасця, ляжаць цяпер на полі вайны, і снег засыпае іх целы. Каля многіх няма нават сяброў. Можа, і Пеця... Не, не, Пеця жывы, сэрца яе чуе, што ён жывы, што ён думае пра яе і сваю маленькую дачушку. «Родны мой, любы мой! Калі мы атрымаем ад цябе вестачку? Калі пачуем твой голас? »Прыйшоў Павел. Спыніўся перад целам друга, і Саша бачыла, як уздрыгваюць яго плечы ад нямога плачу. Пасля ён сеў побач з ёй і пачаў гаварыць — маўчаць было цяжка:— На станцыю ішлі — ён такі вясёлы быў. Усё жартаваў. Расказваў, як ён у Бабурыхі яблыкі краў. «Сяджу, кажа, на яблыні, зрываю лепшыя яблыкі, кладу за пазуху, а яна, старая ведзьма, як з-пад зямлі і ўжо з крапівой. «Злазь, кажа, чортаў сын, буду пякучкай хвастаць». А ён, Цішка, у адказ: «Чакай, бабуля, абтрушу ўсю яблыню — тады злезу, каб было за што кару прымаць». I пачынае трусіць. «Не трусі!» — крычыць яна. «Хвастаць не будзеш?» — «Не буду, толькі не трусі».— «Маці не скажаш?» — «Скажу!» — «Ах, скажаш! Дык вось табе!» I на старую — град яблык. «Не скажу, не скажу, толькі злазь хутчэй!» Дамовіліся, што яна адыдзе да хлява, тады ён злезе... Маці ўсё-такі яна сказала, парушыла ўмову. «I маці, кажа, гарачых мне ўсыпала!.. Яна і цяпер яшчэ не саромеецца часам ручніком ці чым іншым нада мной памахаць». Хлопцы смяюцца: «Каб яна, мат твая, ведала, каго б"е. Перад табой усе здраднікі дрыжаць, спаць спакойна не могуць... » — Павел схамянуўся, што расказвае недарэчы, што ўжо няма паміж іх вясёлага Цішкі, і прыціх.— Які чалавек быў!— Што мы скажам маці? — уголас падумала Саша. Цяпер гэтая думка выклікала не менш пакутлівы боль. Павел не адказаў. Саша шэптам паўтарыла яго словы: — Які чалавек быў!