Дзецi настаўнiцы
- Месяц? - Яна паглядзела на яго з дакорам і страхам: «Вы ведалі месяц назад, што мама памрэ, і так спакойна паводзілі сябе, спакойна працавалі? Чэрствыя ў вас сэрцы!»Яна не сказала гэтых слоў. Яна заплакала зноў:- Вы ўсё ведаеце. І хаваеце ад мяне. Вы ўсё яшчэ лічыце мяне маленькай. А гаворыце пра дружбу. Якая ж ваша дружба? Чаго яна варта?- Не трэба, Віка, - разгублена папрасіў Павел. - Мы любім цябе. У цябе кволае здароўе.- Кволае! Яны шкадавалі маё здароўе! О божа...- Баліць горла?У чырвоных заплаканых вачах яе бліснулі іскры злосці.- Я не разумею вас! Не разумею! У такі час у вас быццам адзін клопат - пра маё здароўе. Ага! Цябе паставілі вартаваць мяне? - Яна ўсхапілася, ірванула павязку на шыі. На падлогу ўпала кампрэсная папера і жоўтая ад лякарстваў вата.- Я пайду! - Яна знергічна махнула марлевай касынкай.Але Павел прытрымаў яе за руку.- Я прашу цябе, - прамовіў ён ціха і мякка, нахіліўшыся, каб падняць з падлогі вату і паперу; выпрастаўшыся, сказаў больш сурова, уладна: - Не рабі глупства. Пачакаем Зарыну, - асцярожна, але настойліва пацягнуў за руку, прымусіў зноў сесці побач з ім.Віка ўпала на канапу, зноў заплакала, бязгучна, але - адчуваў ён - цяжка, несуцешна. І ў Паўла больш не было слоў суцяшаць яе. Ён, ледзь дакранаючыся, гладзіў яе плячо і думаў, што яна - слабая дзяўчына, характарам слабая, бязвольная, што яго, напрыклад, ніхто не здолеў бы ўтрымаць, ён даўно пайшоў бы, папоўз, які б хворы ні быў, каб пабачыць маці. Маці? Не, тое, на што ён глядзеў гадзіну назад, - гэта не маці ўжо. Незнаёмы васковага колеру нос і сінія сціснутыя вусны - вось што запомнілася. І яго больш не цягнула туды. Яму хацелася, каб маці ў яго памяці засталася жывая. Дурненькая Віка, яна не ведае, як гэта добра, каб можна было не бачыць яе мёртвую. Цераз галаву сястры ён глядзеў у дальні паўзмрочны куток пакоя, дзе вырысоўвалася кніжная паліца, і... убачыў маці, жывую.Убачыў у той момант іх жыцця, калі ён прычыніў ёй боль, нечакана і рашуча заявіўшы, што не пойдзе ў дзесяты клас, а паступіць на курсы трактарыстаў. Яна не злавалася, не крычала, не адгаворвала. Але ён помніць, як раптам упалі яе маленькія рукі... Яна сядзела там... Не, яна сядзела вунь там, каля грубкі. Ён перавёў туды позірк. І голас яе ўпаў таксама. Яна сказала амаль шэптам:- Падумай, сынок.Пасля, калі загаварылі аб перабудове школы, а ён паступіў у вячэрні дзесяты клас, маці сама згадзілася і ўсім казала, што Павел зрабіў разумна. Але прыгадаўся чамусьці толькі смутак - калі яна, напэўна, падумала, што сын не апраўдаў яе надзей. І такой засмучанай бачыў яе цяпер: яна сядзела каля грубкі ў старым плеценым крэсле, знясілена апусціўшы рукі... Ён жахнуўся: мёртвыя рукі. Акрамя носа і вуснаў ён убачыў яшчэ там, у бальніцы, яе рукі, таксама чужыя, незнаёмыя, белыя і сухія.Павел заплакаў, па-свойму, па-мужчынску: у горле рос, распухаў салёны і горкі камяк - ажно цяжка стала дыхаць, а грубка і дзверы раздваіліся і паплылі ў туманную далячынь. Ён успомніў іншыя выпадкі, калі быў непаслухмяны, упарты, шкадлівы, прыносіў мацеры шмат непрыемнасцей, і стала яму балюча, ён ненавідзеў сябе ў гэтую хвіліну.Яны абодва ўздрыгнулі, пачуўшы, што стукнулі дзверы. Адарваліся адно ад аднаго, застылі ў чаканні.Але, гэта яна, іх старэйшая сястра Зарына. Яна ўвайшла ў пакой, не абмёўшы снег з чорных валёнак, не атросшы сняжынак з каўняра і хусткі. Стомленай, села каля стала. Маўчалі. Вікін позірк прыцягнуў снег на Зарыніных валёнках - як ён хутка пачаў раставаць, на чырвонай дывановай дарожцы ўтвараліся малюсенькія люстэркі вады. Віка падумала, што Зарына заўсёды была надзвычай акуратнай - да педантычнасці. Як бы яна раней накінулася, каб хто з іх, малодшых, зайшоў у такім выглядзе ў пакой.