Дзецi настаўнiцы
Доўга сядзелі моўчкі. Гэта рабілася пакутлівым. Віка нервова качала далонямі па стале хлебны камячок. Павел, з"еўшы каўбасы і сала, зліў сабе на талерку з патэльні тук і апетытна макаў бульбай. Віка раптам адчула, што ёй таксама хочацца есці, і кепска падумала пра сябе і пра ўсіх людзей - што яны, як жывёлы: страўнік мае ўладу над усімі пачуццямі, самымі святымі. Зрабілася так пагана і балюча, што захацелася памерці. Упершыню яна падумала, што смерць - гэта зусім не страшна. Але ў той жа час адчула, што па спіне быццам прагуляўся скразнячок. Не, істота яе пратэстуе супраць смерці! Хіба маці жыла не дзеля таго, каб даць жыццё і шчасце ёй, Паўлу, Зарыне, каб усе разам яны прадоўжылі матчына жыццё? Дзяўчына паклялася ў думках, што ва ўсім будзе падобна на маці.Зарына, якая пільна сачыла за сястрой, убачыла, што тая варушыць вуснамі - нешта шэпча сабе.І тады старэйшая сястра сказала тое - самае галоўнае, да чаго яна рыхтавалася ўсю раніцу. Сказала Паўлу:- Бацька кліча Вікторыю ў Маскву.Павел падняў ад талеркі галаву і паглядзеў на бацьку, ды так пранікліва, быццам хацеў пераканацца, ці шчыра ён кліча. Генерал не вытрымаў сынавага позірку і, каб схаваць вочы, наліў у чаркі яшчэ. Ён хваляваўся.- У госці?- Не. Каб яна вучылася там.Павел узяў сваю чарку, выплеснуў гарэлку ў рот і жорстка сказаў Зарыне:- А што, ты і твае таварышы - дрэнныя настаўнікі?- У Вікі - талент. Яна малюе. Ёй трэба вучыцца, і яна хоча вучыцца. Ты - культурны чалавек, Павел, і табе не трэба доўга тлумачыць, - горача, але яўна разгублена, без бацькоўскай цвёрдасці, пачаў даводзіць генерал. - Каб яна мела магчымасць развіваць свой талент, ёй акрамя звычайнай школы патрэбны спецыяльныя настаўнікі - мастакі. Ты...Генерал хацеў сказаць, што ён, Павел, і Зарына ўжо дарослыя людзі, а Віка - яшчэ дзіця, што - вельмі можа здарыцца - Зарына выйдзе замуж, ажэніцца ён, Павел... Пачаў нават казаць, але асекся: не ён выгадаваў іх!Павел паглядзеў на Віку. Сястра маўчала, нават на твары яе нічога не адбівалася, рысы быццам скамянелі.Павел сказаў з грубай абыякавасцю:- Што ж, калі яна хоча... пажыць з мачыхай - няхай едзе.Віка ўздрыгнула, бліснула на яго вачамі. У бацькі пачырванелі залысіны і вушы. Ён абразіўся за жонку. Пастараўся сказаць як мага спакайней:- Так нельга, Павел. Калі хто вінаваты, дык гэта я. А Лідзія Яўгеньеўна тут ні пры чым. Яна культурная, разумная жанчына...- Яшчэ б! Падчапіць генерала...Ён прапусціў злосныя словы сына і дакончыў думку:- ...Кандыдат навук. Працуе ў інстытуце... Піша зараз доктарскую. Рэдка і дома бывае. Ты, Віка, будзеш галоўным чынам з Валерыем.Дзіўна, як ён, вопытны чалавек, выхавацель, які не раз выхваляўся, што ведае шляхі да сэрца любога салдата, не разумеў, што гаворыць зусім не тое. Словамі сваімі ён закранаў самае балючае ў сэрцах дзяцей. Павел хмыкнуў і з"едліва кінуў Віцы:- Давай, сястра, ляці! Будзеш няньчыць ёлупа ў вузкіх штоніках. Бацькам, бач, няма калі...Віка скінула са стала шклянку і пабегла ў другі пакой. Генералаў твар пабялеў, а шыя налілася крывёю. Яшчэ больш, чым за жонку, ён абразіўся за сына - можа таму, што Павел сказаў горкую праўду. А яшчэ больш яго абразіў тон. Даўно ўжо ніхто з ім так не гаварыў. Ён адвык ад такіх слоў і ад такога тону. І таму з натугай стрымаў гнеў. У думках, праўда, закрычаў: «Шчанюк! Малакасос! Не забывай, хто я і хто ты. Нішто не дае табе права забываць, што я твой бацька, а Валерый - твой брат...» Але сказаць гэта ўголас не пасмеў. Ён баяўся сына. Гэта боязь з"явілася з моманту сустрэчы, калі Павел, як чужому, працягнуў яму руку і больш не выявіў ніякіх пачуццяў. Генерал сказаў спакойна: