Дзецi настаўнiцы
- Цяжка табе, Павел, будзе ў арміі з тваім характарам.Зарына з болем падумала: «Няўжо ён не ведае, не помніць, што Паўлавы аднагодкі даўно служаць, а яго не ўзялі з-за скалечанай нагі?»Яна была ўпэўнена, што Павел скажа пра гэта. Але ён сказаў іншае:- А гэта будзе залежаць ад таго, хто будзе камандаваць мной. Напрыклад, пад ваша камандаванне я не хацеў бы трапіць.Бацька глынуў паветра. На дужай шыі напяліся сінія вены. Зарыне стала шкада яго, і яна сказала брату з дакорам:- Павел!Хлопец моўчкі выцер ручніком вусны і падняўся з-за стала. Пайшоў на кухню.Бацька паківаў галавой і ўздыхнуў.- Ён добры - Павел, - па-мацярынску ласкава сказала Зарына. - Яго любяць у калгасе. Ён лепшы трактарыст.Бацька не адказаў: ён думаў пра Віку. Пачулася, што яна плача. Ён паспяшаўся, каб супакоіць. Але Віка не плакала. Яна стаяла каля акна і глядзела на вуліцу. Зноў ішоў снег. Генерал стаў побач і таксама доўга ўглядаўся ў белую каламуць. Мяцеліца супакойвалася.Ён паклаў руку на плячо дачкі, каб гэтай ласкай падмацаваць словы, якія хацеў сказаць. Плячо яе ўгнулася, вызваляючыся ад яго рукі. Яна адступіла ўбок і сказала першая, нясмела, але цвёрда:- Я не паеду.Ён не чакаў гэтага, не падумаў нават, што Павел мог так адразу зрабіць на яе такі ўплыў. Разгубіўся. Сказаў павучальна:- Трэба быць гаспадаром сваіх слоў, Віка.Яна рэзка павярнулася да яго і... закрычала:- А вы... вы былі гаспадаром сваіх слоў? Вы...Не скончыла - пабегла да ложка, упала тварам на падушкі, і худыя яе плечы затрэсліся ад плачу.Генерал згорбіўся, быццам баючыся яшчэ аднаго ўдару, постаць яго ўраз пастарэла. Ён наблізіўся да ложка, паклікаў:- Віка!Папярэджваючы яго ўгаворы, яна паўтарыла:- Я не паеду! Я не магу паехаць!У пакой зайшла Зарына. Следам за ёй - Павел, зноў у сваёй ватоўцы, ад якой пахла саляркай.- Я пайшоў, - сказаў ён Зарыне. - Трэба яшчэ два рэйсы зрабіць, - і павярнуўся, каб выйсці.- Я паеду сёння, Павел, - ціха паведаміў бацька і як бы пачаў апраўдвацца: - Я вымушаны. Праз два дні мне трэба ехаць у далёкую камандзіроўку. Такая служба ваенных, - і цяжка ўздыхнуў. Павел вярнуўся ад дзвярэй і першы, проста і ахвотна, працягнуў руку:- То бывайце. Шчаслівай дарогі.Генералу нясцерпна захацелася абняць сына, прыціснуць да грудзей. Але ён баяўся, што заплача, а яму не хацелася паказваць сыну сваю чалавечую слабасць.Віка падняла галаву і глядзела на бацьку і брата сумнымі вільготнымі вачамі. Паціснуўшы бацькаву руку, Павел падышоў да яе, абняў, чмокнуў у гарачую шчаку і сказаў:- Ты малайчына, Віцька. Я люблю цябе.Генерал зразумеў: гэта ўхвала таму, што яна адмовілася ехаць, і цяпер ужо ніякія яго ўгаворы не дапамогуць. Падумаў чамусьці пра тое, што і Павел, і Віка кажуць яму «вы», як чужому, далёкаму чалавеку. Сціснулася, балюча зашчымела сэрца. У яго быў ужо раней сардэчны прыступ, і ён вельмі баяўся, каб нешта падобнае не здарылася тут, у хаце дзяцей. Ён асцярожна сеў на канапу і доўга сядзеў у глыбокай задуме, адчуваючы сябе адзінокім і няшчасным.Схамянуўся - у пакоі нікога не было. Дочкі сядзелі на кухні, абняўшыся.Генерал паглядзеў на свой кішэнны залаты гадзіннік - падарунак Лідзіі Яўгеньеўны да дня нараджэння.- Мне пара.- Я збегаю папрашу ў старшыні машыну, - сказала Зарына.- Не трэба. Я пайду пехатой.- Перамятае дарогу.- Нічога. Тут недалёка.Яму раптам захацелася прайсці па той дарозе ад мястэчка да станцыі, па якой ён многа разоў хадзіў малады, калі Арына Паўлаўна прыехала сюды настаўнічаць. Можа, яшчэ таму хацелася аднаму, што дарога вяла міма могілак.