Дзецi настаўнiцы
Жывы думае пра жывое. Ён пра Валерыка і Віку. Ён яшчэ ўчора падумаў, калі яна прыпала да яго грудзей, што гэта сур"ёзная чулая дзяўчына магла б добра ўплываць на таго шалапута; яны - аднагодкі. Не, ён не думае пра сына. Нічога з ім не зробіцца. Ён думае пра Віку. Яна здольная. Трэба развіць яе здольнасці. Навошта ёй марнець у гэтай палескай глушы?Віка не зводзіла з бацькі чырвоных, запалёных ад плачу вачэй, крыху здзіўленая і ўражаная, што ён так доўга маўчыць. Няўжо яму няма чаго сказаць?Ён паклаў сваю вялікую руку на яе гарачы лоб, пагладзіў валасы. Ёй захацелася ўзяць і прыціснуць да сваёй шчакі гэту дужую руку, ад якой пахла тытунём і яшчэ нечым незнаёмым. Але яна стрымалася. Ён спытаў:- Баліць?Яна глытнула.- Здаецца, не так.- У цябе часта бывае ангіна?- Не часта, але бывае. Мы працавалі на ферме. Я распацела і напілася вады. У Паўла ніколі не бывае ангіны. Мама не помніць, каб у яго балела горла. Мама... - Яна асеклася, пакутліва здрыгануліся вусны. Ён суцяшальна пагладзіў яе галаву і перавёў размову:- Гэта твае малюнкі?Яна кіўнула галавой.- Ты добра малюеш.- Што вы! - Яна не ведала, як казаць яму - «ты» ці «вы», і пазбягала звароту, хоць ёй вельмі хацелася сказаць гэта дарагое слова - тата. Цяпер, калі няма мамы... Ён угледзеў малюнак над ложкам - першы жоўты кляновы ліст падае з дрэва - і падумаў, што ў малюнках пераважаюць асеннія матывы. Чаму? Ён сказаў:- У цябе амаль усюды восень.- Я люблю восень.Недарэчна было пытаць, чаму яна любіць іменна гэту пару года. Ён хацеў быў сказаць, што Пушкін таксама любіў восень, але адчуў, што гэта будзе наіўна - паведамляць тое, што агульнавядома. Сказаў пра сябе:- Малады я пісаў вершы. І таксама больш пра восень.Віка здзівілася.- Вы пісалі вершы?- Уяві сабе. Я марыў стаць паэтам. А жыццё зрабіла мяне ваенным. Жыццё і вайна, - уздыхнуў ён; дзяўчыне зноў стала шкада яго. - Тваё пакаленне будзе шчаслівым, яно не будзе ведаць вайны. Я ваенны - і веру ў гэта. І нішто не перашкодзіць кожнаму з вас выбраць сваю дарогу. Ты будзеш вучыцца!- Пасля дзесяцігодкі я паспрабую паступіць у мастацкі інстытут. Калі ў мяне ёсць хоць нейкі талент... Ніхто з сапраўдных мастакоў не бачыў маіх малюнкаў. Мама кажа, што гэта, можа, проста дзіцячае захапленне. Каб я не вельмі думала пра сябе...- Мама была добры педагог.«Мама была», - адразу прыгадаўся жоўты курганчык на заснежаных могілках.Яна закрыла рукамі твар. За сцяной чуліся сапраўды вясёлыя галасы. Яны, галасы гэтыя, стрымалі рыданні, бо з"явілася злосць на людзей, што п"юць на памінках яе мамы, на Зарыну, якая дазваляе ім вясёлую размову. «Яна павінна выгнаць іх. Выгнаць прэч! Трэба папрасіць тату, каб ён пайшоў і сказаў ім, што нельга так!»Але бацька ўзяў яе руку, правую; левай яна закрыла вочы і, зноў забыўшыся на памінкі, з незразумелым хваляваннем чакала, што ён скажа нешта незвычайнае. Ёй была прыемна гэта простая ласка: ён трымаў яе руку ў сваіх вялікіх мяккіх далонях і пяшчотна гладзіў тоненькія пальцы. Яна не памылілася - ён сказаў гэта незвычайнае:- Віка, я хачу, каб ты паехала са мной у Маскву.Колькі яна думала пра гэта! Колькі разоў ляцела туды - у марах і ў снах. Як чэхаўская Ірына. Толькі нікому не выказвала - баялася, каб мама, Павел не падумалі, што ёй хочацца да бацькі. Але цяпер... Зарына, напэўна, выйдзе замуж, да яе ўжо сватаўся механік РТС, перашкодзіла хвароба маці... Павел? Павел жыве сваім жыццём. А ёй трэба вучыцца!.. Няхай бацька вінаваты перад імі, але ж ён бацька. Жыццё такое складанае. Вунь у яго зусім белая галава і смутак у вачах. Яму таксама, відаць, нялёгка. Можа, праз сваю віну ён многа пакутаваў... І цяпер так шчыра просіць яе... А галоўнае - ёй трэба вучыцца! Вучыцца ў Маскве! Хто адмовіцца ад такой магчымасці?!