Дзецi настаўнiцы
Кроплі расы заблішчалі на каўняры і на яе апушчаных бровах: яна сядзела з заплюшчанымі вачамі. Яны нецярпліва чакалі. Чакалі ад яе незвычайных слоў. Яна сказала:- Труну паставяць у фізкультурнай зале.Пакутліва перасмыкнуліся Вікіны вусны: яе абразіла, што цела маці паставяць у той зале школы, дзе заўсёды было шумна і весела.«Чаму ў фізкультурнай?» - хацела спытаць яна, але чамусьці не адважылася. Паглядзела на брата, спадзеючыся, што нешта скажа ён. Павел панурыў галаву і камячыў у руках вату яе кампрэса.Зарына сказала:- Трэба даць тэлеграму бацьку.- Але. Трэба зараз жа даць яму тэлеграму! - горача падтрымала Віка, ускочыла з канапы, усхваляваная, ступіла да старэйшай сястры, быццам тая сказала нарэшце самае галоўнае - тое, чаго яна, Віка, так напружана чакала.Павел са здзіўленнем паглядзеў на малодшую сястру.- Схадзі, Паўлік, на пошту, - ласкава папрасіла Зарына.Ён злосна шыбануў скамечаную вату. Падняўся, адвярнуўся да акна. Адсек:- Не пайду! Не хачу!- Паўлік! - са страхам і дакорам прашаптала Віка.- І не завіце мяне Паўлікам! Які, да чорта, я вам Паўлік? - сярдзіта крыкнуў ён.«Але, так зваць яго мела права толькі маці. Які ён Паўлік?» - падумала Зарына, гледзячы на шырокую спіну брата. Яна ўздыхнула:- Добра, Павел... Паша... Не злуйся. Не трэба... Я сама.Яна паправіла хустку, толькі цяпер страсянула з каўняра расінкі вады. Ён адвярнуўся ад акна і паглядзеў на яе. І раптам убачыў, як змяніўся яе твар: пабялелі шчокі, углыбіліся вочы, пацямнелі. Зарына пастарэла за адзін дзень.Паўлу стала сорамна. Ён прайшоў да дзвярэй, спыніўся там, сказаў, не ўзнімаючы вачэй:- Добра, я пайду. Дай адрас.Віка падбегла да этажэркі, схапіла тоўсты том слоўніка расейскай мовы, разгарнула і падала Паўлу канверт.Зарына сказала:- Напішы: «Памерла мама. Дзеці».Але, калі ён ужо адчыніў дзверы, спыніла яго.- Не, не трэба так. Напішы: «Памерла Арына Паўлаўна». І ўсё.Віка заціснула далонямі вушы, каб не чуць шматгалосага гоману, што далятаў з суседняга пакоя. Людзі абражалі гора. Навошта гэтыя недарэчныя памінкі? Пахаваўшы маці, яе маці, назаўсёды засыпаўшы матчыны ясныя вочы мёрзлай зямлёй, яны п"юць гарэлку. Якая пачварнасць! Гэта ўсё Зарына, яна ні ў чым не хоча адступіць ад звычаяў. «Так робяць усе», - адказала яна на яе, Вікіны, пярэчанні. Але хіба мала неразумных звычаяў?Віка на міг адняла далоні ад вушэй. О божа! Хутка яны заспяваюць! Успомнілася, як у школе расказвалі: калі памерла дырэктарава цешча, справілі такія памінкі, што пад канец старшыня сельпо і выкладчык фізікі Рыгор Навумавіч зацягнулі «Шумел камыш». Старшакласнікі смяяліся з гэтага выпадку. І яна, Віка, таксама смяялася. Яна смяялася? Цяпер ёй стала страшэнна сорамна за той смех. Яна павінна была абурыцца! Яна павінна была настойліва запярэчыць і супраць гэтых памінак. Але яна слабая, бесхарактарная. Яшчэ маці казала: «У цябе, Віка, характар - што разагрэты воск. З яго што хочаш можна вылепіць».Мама! Дзяўчына праглынула слёзы. Балюча глытаць. Яна нацягнула коўдру на галаву. Пасля пахавання ўрач і Зарына сілком паклалі яе ў пасцель.Здаецца, яны трохі сціхлі там. Хутчэй бы разыходзіліся!Скрыпнулі дзверы. Увайшоў бацька. Магчыма, ён не ведаў, што яна ляжыць у гэтым пакоі за шырмай. Ці забыўся. Задумлівы і засмучаны, ён прайшоўся ад дзвярэй да акна, спыніўся там, заклаўшы рукі за спіну. Віка падумала, што ён прыгожы, іх бацька: сярэдняга росту, каранасты, у генеральскім мундзіры, які вельмі яму да твару. А потым, на фоне акна, дзяўчына ўбачыла, што ў яго амаль зусім белая галава. І пашкадавала яго. Падумала: «Ён усяго на чатыры гады старэйшы за маму, а ўжо сівы. А ў мамы не было сівых валасоў. Мабыць, нялёгка яму жывецца...»