Дзецi настаўнiцы
Ён пастаяў каля акна і зноў прайшоўся. І раптам пачаў разглядаць малюнкі - яе, Вікіны, малюнкі. Іх многа на сценах, і для кожнага яе эцюда, эскіза, замалёўкі Павел зрабіў прыгожыя рамкі - і з розных парод дрэва, рознай формы. Павел любіў яе малюнкі і шчыра казаў, што зайздросціць яе таленту.Бацька адышоў да другой сцяны, і Віка з-за шырмы не бачыла яго, але па асцярожнаму скрыпу ботаў чула, дзе ён ступіў, які малюнак разглядае. Яна напружана ўслухалася, забыўшыся на галасы за сцяной, на памінкі. Ён дайшоў да шырмы і заглянуў за яе. Віка не здолела прыкінуцца, што спіць. Яна сустрэла яго позірк расплюшчанымі вачамі.- Ты тут? - спытаў ён і як бы разгубіўся.Яго цягнула да малодшай дачкі. Ён на пахаванні быў увесь час побач з ёй. І тут пакінуў памінальны стол, каб знайсці Віку. У яго нарадзіліся нейкія асаблівыя пачуцці да яе. Можа таму, што яна адна, калі ён прыехаў, абняла яго і заплакала. Не, хутчэй таму, што яна больш, чым Зарына і Павел, падобна на маці. Ён глянуў на дачку, як толькі зайшоў у дом, і ў яго скаланулася сэрца: як яна падобна на Арыну! - на тую маладзенькую студэнтку педтэхнікума, з якой ён сустрэўся амаль трыццаць год назад... У той міг ён востра адчуў сваю віну перад ёй. Дагэтуль ён лічыў, што вінавата яна сама, яе ўпартасць, непрымірымасць. Яму здавалася, што яна павінна была зразумець і дараваць. Вайна. Ён быў начальнікам палітаддзела. Ліда - яго памочнікам па камсамолу. Яму было ўсяго трыццаць чатыры гады. Калі гэты раён у сорак трэцім вызвалілі, ён прыехаў і некалькі дзён жыў дома. Арына расказвала, як яна жыла ў час акупацыі з двума дзецьмі - батрачыла. Ад той пабыўкі нарадзілася яна, Віка. Ён не прызнаўся тады, што там, у арміі, яго чакае Ліда. Ён напісаў пра гэта Арыне пазней, калі ў Ліды нарадзіўся сын - Валерый. Ліда не трымала яго. Наадварот, яна адсылала яго да сям"і. «Там трое дзяцей, а ў мяне - адно, і я маладая». Але Арына не магла прыняць, дараваць: занадта многа яна пакутавала, чакаючы яго. Гэта ён зразумеў толькі цяпер, калі яе няма. Гордая ў сваім горы, яна спачатку нават вяртала яму назад грошы, якія ён высылаў на дзяцей. Потым грошы не вярталіся. А год пяць назад яна напісала, што пабудавала за іх дом. Вось гэты вялікі дом, на чатыры пакоі.Ён глядзеў на Віку і зноў бачыў Арыну. Успомнілася пахаванне. На ім было вельмі многа народу. Сабраліся не толькі местачкоўцы, але прыйшлі і з многіх навакольных вёсак. Арына дваццаць пяць год настаўнічала тут, і яе любілі. Жанчыны, вучаніцы плакалі. Ён чуў размовы за спіной, калі ішлі да могілак.«Цяжкае жыццё пражыла нябожчыца», - уздыхнула нейкая старая.«Але прыгожае! Сумленнае!» - адказаў малады голас гучна, падкрэслена; генерал зразумеў - гэта знарок для яго.Жанчыны ўвогуле пазіралі на яго не вельмі прыязна.Чамусьці ён уявіў там, на могілках, сваё пахаванне. Ваенны аркестр, салют. Будуць гаварыць прамовы генералы. Але хто заплача па ім? Ліда? Сын? Ці заплача Валерык? Хлопец адбіваецца ад рук, у яго дзіўныя захапленні.Яму зрабілася холадна ад думкі пра сына, пра сваё пахаванне. Ён увесь задрыжаў. Віка ўпала на труну. Жанчыны паднялі яе. Ён абняў дачку, яна адчула, як ён дрыжыць, і гэта яшчэ больш зблізіла іх.Генерал баяўся, што мог прастудзіцца ў дарозе, - ляцеў да Мазыра ў халодным ваенным самалёце. Яму не хацелася захварэць тут. За сталом ён выпіў поўную шклянку гарэлкі (даўно ўжо не выпіваў гэтулькі), каб сагрэцца. І - дзіўна! - цяпер адчуваў сябе зусім хораша.