Дзецi настаўнiцы
Бацька казаў тое ж, пра што яна думала:- Я хачу, каб ты зразумела мяне. Ты не маленькая і разумная дзяўчына. Але, я вінаваты... перад мамай, перад вамі. Колькі я перажыў, каб ты ведала... Мне балюча было думаць... Ты зразумей мяне. Я ўвесь час хацеў, каб хто-небудзь з вас быў са мной. Я прасіў маці адпусціць Зарыну, Паўла. Цяпер я хачу, каб ты, ты была са мной. Каб я радаваўся, гледзячы на цябе. Я дапамагу табе вучыцца. Адразу ж сапраўдныя мастакі паглядзяць твае малюнкі... Паступіш у студыю, потым - у акадэмію. Але... Я веру, што ў цябе талент.Генерал доўга яшчэ ўгаворваў дачку паехаць з ім. Віка не ўсё чула - яна ўжо хадзіла па музеях Масквы. Ён убачыў, што позірк яе блукае недзе ў прасторы, і спыніўся. Паглядзеў на яе, пакуль яна не вярнулася аднекуль здалёк, нясмела спытаў:- Ну як, Віка?- Я параюся з Зарынай і Паўлам.У яго радасна ёкнула сэрца: дачка згаджалася.Снедалі позна.Генерал некалькі разоў у прысутнасці старэйшай дачкі нецярпліва паглядаў на гадзіннік, не разумеючы, чаму яна не падае снедаць. Потым зразумеў: чакалі Паўла. Зарына чакала. Ёй хацелася, каб за сталом сабралася ўся сям"я.Павел на досвітку пайшоў на працу - трэба было прывезці з лугу сена.Пакуль ён не вярнуўся, у доме панавала жалобная цішыня. Зарына маўкліва поркалася на кухні. Бацька паўшэптам расказваў Віцы пра Маскву, каб замацаваць яе згоду.Павел прынёс радасць працы і жыцця. Загрукаў на ганку, абабіваючы снег з валёнак, кінуў у сенцах нейкую цяжкую рэч, ад чаго ажно ўздрыганула ўся хата. Гучна павітаўся з Зарынай:- Добрай раніцы, Зорка.Генерал не стрымаўся - выйшаў у пярэднюю, каб паглядзець на сына. Павел кіўнуў яму, як малазнаёмаму госцю. Шапка і каўнер яго зашмальцаванага кажушка былі зацярушаны сенам. Цёплы пакой адразу напоўніўся пахамі саляркі, сена, жалеза, дрэва, аўчыны, снегу. І - дзіўна - яны не перамешваліся, гэтыя пахі, яны нібы напластаваліся адзін на адзін: унізе, каля самай падлогі, - снег, зіма, угары - сена, тонкі водар лета. Толькі слабейшыя з іх хутчэй знікалі, быццам раствараліся ў цеплыні пакоя. Натуральна, што першы «растаў» снег. Самым трывалым быў пах машыны - саляркі.Павел мыўся на кухні і на поўны голас расказваў Зарыне:- Ты ведаеш... ехалі цераз рэчку і раптам - як бухне... Як з гарматы. Лёд трэснуў. Ты не ўяўляеш, як бубухнула. Я ніколі не чуў, каб так... Хлопцы мае - Іван і Ціхан - як зайцы... Быццам ветрам здзьмула іх з трактара на бераг. Спалохаліся, што правалімся.- А ты, вядома, застаўся?- Не кіну ж я трактар.- А каб сапраўды праваліўся?- Ды ну, глупства! Паўметра лёду.За стол селі моўчкі.І адзін Павел адразу накінуўся на ежу. Віка глянула на яго варожа - такім апетытам ён абражаў яе жалобу. Быццам з галоднага краю з"явіўся! Быццам не ўчора пахавалі маму!Зарына сказала:- Можа вып"еце, мужчыны? - і паставіла на стол пачатую паўлітэрку гарэлкі. Віка і на яе паглядзела са здзіўленнем. Павел, запхнуўшы ў рот вялікую падсмажаную бульбіну, у адказ сцвярджальна прамычаў. Бацька на правах старэйшага ўзяў бутэльку, наліў яму і сабе. У Зарыны спытаў:- Табе наліць?- Не, я не буду.Бацька падняў чарку. Хацеў сказаць: «За светлую памяць маці нашай», але глянуў на Віку, убачыў, што вочы яе напоўнены слязамі, што яна вось-вось разрыдаецца, і нічога не сказаў. Моўчкі зрабіў невялікі глыток. Павел гэтак жа моўчкі выпіў чарку да дна.Віка нічога не ела. Зарыну гэта хвалявала. Зусім можа змарнець хворае дзяўчо. Але сказаць сястры, папрасіць, каб тая з"ела хоць што-небудзь, баялася: скажы - заплача і ўцячэ з-за стала.