Непаўторная вясна
- Але каб было не так... - Яна хацела сказаць «не так, як сёння», ды зноў не адважылася. - Ён... госць, Аня... Каб мне сорамна не было...- Эх, Шурачка! Хіба вы мяне не ведаеце? Мне ажно крыўдна слухаць.Саша не сказала Пятру, куды пойдзе, а па дарозе з фермы яе дагнаў спалоханы малады чалавек на фурманцы, ён ехаў па яе - кепска жонцы. І Саша, не папярэдзіўшы Пятра, паехала ў суседнюю вёску. Яна думала, што доўга не затрымаецца там.Пятро, у якога і без таго было пагана на душы, гадзіны дзве трываў: сядзеў у хаце і прымушаў сябе чытаць, хоць часцей, чым у часопіс, пазіраў у акно і прыслухоўваўся да крокаў у двары, да стуку весніц - ці не ідзе Саша? Але далей ён не мог сядзець і чакаць. Ён выскачыў, заглянуў у амбулаторыю - замок, у сад - пуста. Спытаў у дачкі гаспадыні, ці не ведае яна, куды пайшла цёця Саша.- Цёця Шура? Відаць, да хворага паклікалі, - зусім па-даросламу заспакоіла малая.Але яго чамусьці ўзлавала, што ўсе завуць яе Шурай. Ён не любіў гэтага яе імя і злосна сказаў дзяўчынцы:- Не Шура, а Саша. Запомні гэта.- А ўсе завуць - Шура.- Усе - дурні.Дагэтуль ён неяк саромеўся паказвацца на людзі, а тут смела пайшоў па вуліцах вёскі, заглядваючы ў вокны. Магчыма, яна дзе-небудзь у адной з гэтых хат? Можа, убачыць яго з акна, выйдзе і растлумачыць, чаму знікла? Дзе яна? Што робіць?..Калі надышоў вечар, сцямнела, у хатах запаліліся агні, незразумелы неспакой перарос у вельмі зразумелую страшэнную рэўнасць. А няма пакут цяжэйшых за пакуты рэўнасці! Пятро бегаў каля кватэры і амбулаторыі, не ведаючы, што рабіць, куды яшчэ кінуцца ў гэтай чужой вёсцы, сярод чужых людзей, якія - здалося яму - усе, як гаспадыня, ставяцца да яго непрыязна, варожа. Ад думкі, што Саша цяпер, магчыма, на спатканні з другім, у яго цямнела ў вачах, ён стагнаў, як ад болю, і паўтараў самыя бязлітасныя словы, якія скажа ёй. Ён успамінаў размову, якая ўдзень так узрадавала яго, і пераасэнсоўваў цяпер кожнае Сашына слова. «Ага, дык вось чаму ты сказала: «Мне здаецца, што мы ніколі не будзем разам». Цяпер мне зразумела, чаму табе так здаецца! І ты яшчэ хаваешся за прыгожыя ідэалы! Недарма хлопцы казалі, што вы ўсе такія... Не, не! Саша, мілая... Я веру табе! Ты не такая... Ты шчырая, ты добрая... Але дзе ты? Куды ты падзелася? Навошта ты здзекуешся з мяне?»Гаспадыня паклікала яго вячэраць. Ён адмовіўся. «Падавіся ты сваёй вячэрай, скнара гэтакая».Раптам і паводзіны гаспадыні Пятро звязаў са знікненнем Сашы. «Мабыць, сваяк нейкі яе... Таму яна і хоча хутчэй выжыць мяне... Я пайду, пайду... Але вы яшчэ ўспомніце мяне! - невядома каму пагражаў ён і, зноў расчулены, апраўдваў Сашу: - Глупства гэта ўсё. Не можа Саша так крывіць душой. Не такая яна... Але чаму яна не сказала, куды пойдзе? Чаму?»З такімі думкамі ён прасядзеў каля амбулаторыі да позняй ночы, пакуль у вёсцы не патухлі ўсе агні. Быў канец жніўня, і ночы ўжо аддавалі восенню. Адчуўшы, што холадна, ён пайшоў у хату. Праз кухню прайшоў не цішком, каб не разбудзіць гаспадыню, а знарок шумна, грукнуўшы дзвярамі. Лёг пад коўдру, але не мог ні сагрэцца, ні заснуць. Яго калаціла, як у ліхаманцы, і ён наіўна думаў, што добра было б сапраўды захварэць - на злосць ёй...Саша вярнулася амаль на світанні. Яна зайшла нячутна і на дыбачках кралася да свайго ложка.Ён спыніў яе гучным запытаннем:- Дзе ты была?Яна ажно ўздрыгнула ад нечаканасці:- Ты яшчэ не спіш? Цішэй.- Дзе ты была? - Голас яго задрыжаў ад перажытых пакут, болю і крыўды.