Непаўторная вясна
...Лес скончыўся, і пачалося сухое балота з высокім куп"ём, старымі абгарэлымі пнямі і з вялікімі абгароджанымі стагамі сена. Дарога цераз балота была ледзь прыкметная - вузкая сцежка. Магчыма, што гэтая панурасць і бязлюддзе краявіду схамянулі хлопца і нібы апрытомілі: куды ён ідзе? Куды выводзіць гэтая сцежка? Дзе ён будзе начаваць?«У стозе, - цвёрда вырашыў ён, усё яшчэ адчуваючы сябе ў ролі пакутніка. - Сярод балота... З ваўкамі, чарцямі і лесунамі... На злосць табе», - пагразіў ён Сашы. Але ўспамін аб ваўках прымусіў яго глянуць назад на сонца. Яно вісела нізка над лесам, чырвонае, зацягнутае смугой ці дымам, - магчыма, недзе гарэлі лясы ці тарфянікі. А такая смуга і такая цішыня і бязлюддзе выклікаюць трывогу, страх: здаецца, што недзе здарылася ці можа здарыцца вялікае няшчасце. Адчуўшы гэтую трывогу, Пятро падумаў, што яму варта вярнуцца і пераначаваць дзе-небудзь у прыдняпроўскай вёсцы. Ён сеў на пень, змораны фізічна і душэўна. Бура, якая бушавала ў душы ўсю дарогу, пакрыху сціхала. Ён адчуў, што хоча есці і піць, асабліва піць, і ўспомніў пра яблыкі, якія паклала ў яго партфель Саша. Праўда, ён яшчэ хвілін колькі з глыбокім філасофскім роздумам вырашаў: можа ён есці гэтыя яблыкі ці не? Нарэшце вырашыў, што мае права з"есці. Хлопец адкрыў партфель - і кроў ударыла яму ў твар... Спачатку ён разгубіўся горш, чым пры ўсіх іншых абставінах дагэтуль. Потым абурыўся. Як? Яна адважылася пакласці яму грошы пасля таго, як бадай што выгнала? Што гэта - здзек, насмешка? Не трэба яму яе грошай!Ён злосна скамячыў пяцёркі і выкінуў іх пад куст. А сам, не дакрануўшыся да яблык, з ранейшай рашучасцю пайшоў далей па вузкай і няроўнай сцежцы.Але хутка яго апанавала сумненне: ці правільна ён зрабіў, выкінуўшы грошы? І каму, нарэшце, патрэбны такі жэст сярод балота? Яму стала шкада грошай, але не таму, што гэта грошы, якіх у яго заўсёды не хапала, а таму, што гэта - Сашыны грошы, яе першы заробак за сумленную працу - за лячэнне людзей, за дапамогу пры родах (а гэта заўсёды здавалася яму асабліва ганаровым і пачэсным). Нарэшце, разважыўшы, ён пераканаў сябе, што, безумоўна, Саша паклала іх шчыра, каб памагчы яму. Як проста яна сказала, калі ён прызнаўся, што застаўся без грошай на практыцы: «А ты мог бы напісаць мне, і я прыслала б табе...» Яшчэ невядома, ці значыць той пацалунак апошняе «бывай», можа, зусім наадварот.Узбадзёраны гэтай думкай, ён вярнуўся назад, хоць і прайшоў ужо з кіламетр, знайшоў і забраў грошы. Любоўна разгладзіў скамечаныя паперкі і паклаў у кішэню, вырашыўшы, што траціць іх не будзе, пакіне на памяць, калі нават больш не ўбачыць Сашы. Але абставіны прымусілі яго пазней парушыць зарок і купіць за гэтыя грошы сабе чаравікі, бо старыя за час падарожжа зусім стапталіся.Падсілкаваўшыся яблыкамі, узбадзёраны сваім разумным учынкам, ён рушыў далей і яшчэ дацямна мінуў балота, густы сасновы лес і прыйшоў у вялікую незнаёмую вёску. Спытаўшы назву вёскі, даведаўся, што знаходзіцца на беразе Сожа. Гэта ўзрадавала. Але варта было падумаць пра начлег, бо параход на Гомель, як сказалі яму, будзе толькі раніцой. Ён ішоў па вёсцы, выбіраючы хату, куды можна было б зайсці папрасіцца пераначаваць, і выдумляў прычыну, куды і адкуль ён ідзе, каб даць пераканальныя тлумачэнні гаспадарам. І раптам - неспадзяваная сустрэча. Гэта часта здараецца, што мы сустракаем знаёмых там, дзе зусім не думаем убачыць іх. Белакосая пышнагрудая дзяўчына ў квяцістай сукенцы нечакана выйшла з двара, каля якога Пятро прыпыніўся, і яны адразу пазналі адно аднаго. Некалі ў маленстве разам вучыліся - у пятым і шостым класах, потым бацькі яе - работнікі саўгаса - некуды паехалі ў іншы саўгас, і яны не бачыліся колькі год. Сустрэліся зноў у горадзе, у медыцынскім тэхнікуме, дзе Люба вучылася на адным курсе з Сашай. Але яны не сябравалі, больш таго, Саша не любіла гэтай сваёй аднакурсніцы, і Пятро, каб дагадзіць Сашы, пазбягаў яе, а калі, здаралася, і сустракаліся, то віталіся, гаварылі адно аднаму два-тры словы і разыходзіліся. І вось сустрэліся ў іншых абставінах...