1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

Непаўторная вясна

Раней ён ніколі не расказваў сябрам пра Сашу. Два гады тыя ведалі, што ён амаль кожны вечар бегае на спатканні да нейкай Сашы ажно некуды ў Залінейны раён, але ніхто з іх ні разу не бачыў яе. Цяпер ён расказваў пра яе ахвотна і многа, паказваў маленькую фотакартачку, якую яму ўдалося атрымаць ад яе, і называў «мая Саша». Ён у размовах быццам бы выхваляўся, што і ў яго ёсць дзяўчына, як і ў кожнага з яго сяброў. Аднак, кажучы «мая Саша», ён цяпер значна менш, чым раней, думаў пра тое, што калі-небудзь яна будзе яго жонкай. Ва ўсякім разе, у яго не было жадання ехаць у вёску другі раз, тым больш што Саша жыла ў той самай гаспадыні і зноў у пісьмах хваліла яе. Гэта яго крыўдзіла, бо гаспадыню ён ненавідзеў. Настаўніка, да якога прыраўнаваў, Пятро ўспамінаў рэдка і нават забыўся імя яго. Але каб ён ведаў, што гэта сапраўды такі сур"ёзны сапернік, то, безумоўна, адчуваў бы і думаў інакш і не быў бы такі заспакоены. Мы заўсёды кахаем мацней, калі адчуваем, што каханню нашаму нешта пагражае.У Сашы гэтыя месяцы жыццё было больш аднастайнае. Але яна таксама не сумавала. Смутак - занятак гультаёў, а дзяўчына працавала ўдзень, вучылася ўвечары: марачы аб інстытуце, яна паступіла ў дзесяты клас вячэрняй школы і хадзіла штодзень за шэсць кіламетраў у суседняе мястэчка. Акрамя таго, у яе таксама былі сябры і лепшы сярод іх - Уладзімір Іванавіч. Ён запрашаў яе на школьныя вечары, на танцы ў клубе, на лыжныя кросы. У доўгія зімовыя вечары, калі не было заняткаў у школе, прыходзіў да яе на кватэру, але заўсёды з сябрам-настаўнікам. Саша ні аб чым не здагадвалася, а ён не гаварыў пра свае пачуцці. Толькі аднойчы спытаў:- Аляксандра Фёдараўна! Праўда, што юнак, які прыязджаў да вас, ніякі не брат ваш?Саша пачырванела: ёй цяжка было хлусіць.- Не, няпраўда. Пятро - мой брат.Уладзімір Іванавіч, відаць, паверыў, бо ніколі больш не вяртаўся да гэтай тэмы.Першая раскрыла яго пачуцці і намеры гаспадыня.- А што, Шурачка, Лялькевіч добры чалавек?- Добры.- Кахае ён цябе моцна.- Што вы, Аня!..- Ды хіба я не бачу? Хлопец ажно сохне. А што? Чалавек ён сур"ёзны, лепшага мужа не знойдзеш. Жыве з адной маці. Дом свой, сад вялікі... лепшая ў вёсцы гаспадарка...Саша засмяялася: ніколі ў жыцці яна не думала пра свой дом і сад, і размовы такія здаліся ёй недарэчнымі і сапраўды смешнымі. Яна пажартавала наконт усяго гэтага, але пасля пачала пазбягаць Уладзіміра Іванавіча: у школу не хадзіла, а калі ён прыходзіў, то выдумляла, што ёй трэба бегчы да хворага ці парадзіхі. Неяк у амбулаторыю да яе прыйшла яго маці, маленькая, гаманкая і простая да наіўнасці старая. Паскардзілася, што баліць у грудзях, баляць ногі. Саша паслухала яе, дала лекаў са сваёй амбулаторнай аптэкі. А старая ўсё скардзілася, што цяжка ёй адной, гаспадарка вялікая - карова, свіння, куры, качкі, а здароўя няма. І раптам не то параіла, не то папрасіла:- Выходзілі б вы, Шура, замуж за майго Валодзю. Жылі б мы з вамі душа ў душу.Саша разгубілася. Яе абразіла гэтае сватанне старой. «Зноў каровы, свінні... Як гэта агідна!» - абурылася яна ў думках, не ведаючы, што адказаць.- Каб выйсці замуж, трэба кахаць чалавека, - нарэшце сказала яна простую ісціну.- Ах, Божачка! - завохкала старая. - А хіба ж Валодзя мой не кахае цябе? Ды я табе, Шура, скажу, што ён і дня не можа пражыць, каб не пабачыць... У любы мароз бяжыць сюды.«Галоўнае, што Валодзя кахае, а да маіх пачуццяў - што ёй!.. Ці кахаю я яе сына - пра гэта не пытае», - падумала Саша ўсё з тым жа пачуццём абразы.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34