Непаўторная вясна
- Да мяне прыходзіў бацька, і я аддала ўсе грошы яму, - і пасля паўзы дадала: - А пасля пашкадавала. Я даведалася, што ён збіраецца жаніцца. Дзесяць год прайшло, як памерла маці, і раптам... надумаў стары... Я напісала яму злоснае пісьмо.IIХата, як большасць хат у нашых больш-менш багатых вёсках, мела дзве палавіны: «заднюю», у якой ледзь не палову займала руская печ, і «пярэднюю» - светлую. Гэтая прасторная святліца з мноствам фікусаў, аганькоў, руж, пальмаў, якімі былі застаўлены ўсе вокны і палавіна падлогі, і была кватэрай Сашы. Сама гаспадыня з дзецьмі жыла ў «задняй».Яны на пальчыках прайшлі праз кухню. Не запальваючы лямпы - даволі светла было ад месячыка, - Саша падвяла Пятра да вялікага драўлянага ложка, што стаяў за грубкай, і сказала:- Ты будзеш спаць тут.Яе маленькі, белы, як у бальніцах, ложак стаяў з другога боку грубкі, каля акна, што выходзіла на вуліцу. Пятро хутка раздзеўся, нырнуў пад свежую, крыху вільготную прасціну, якая прыемна пахла мылам, балотнай вадой, нейкімі лекамі, і, стаіўшы дыханне, слухаў, як за грубкай раздзявалася Саша. Якое гэта непаўторнае і ні з чым не параўнанае адчуванне - упершыню чуць, як за тры крокі ад цябе, у адным пакоі, раздзяецца дзяўчына, якая здаецца для цябе, закаханага, прыгажэйшай за ўсіх на свеце, якая стала для цябе самай любай і дарагой! Ты ўяўляеш яе ў адной кашулі - і гэта чысцейшыя ўяўленні, уласцівыя юнацтву, у іх няма і кроплі непрыстойнасці. Гэта самае высокае чалавечае адчуванне, якое, на жаль, мы часта страчваем у сталыя гады, калі многае для нас робіцца звычайным, будзённым і мала што можа ўжо ўсхваляваць па-сапраўднаму.Сэрца ў Пятра спачатку быццам спынілася на міг, а потым пачало біцца радасна-трывожна, як заўсёды, перад невядомай, таямнічай, але - адчуваем мы - вялікай падзеяй у жыцці.Саша лягла.Пятро зноў замёр у чаканні гэтага невядомага.Яна спытала:- Ты не спіш яшчэ? - і ўздыхнула, а праз хвіліну пажадала: - Добрай ночы.Ён адказаў:- Добрай ночы.І, яшчэ больш усхваляваны, хлопец пачаў з юнацкай наіўнасцю думаць - шукаць захаваны сэнс і ў яе запытанні, і ва ўздыху, і ў пажаданні. Чаму яна спытала, ці не спіць ён? Хіба можна так хутка заснуць, нават і вельмі стомленаму чалавеку? Ці не з іроніяй яна спытала? Чаму так цяжка ўздыхнула? Ён прыгадаў гаворкі сваіх старэйшых сяброў-студэнтаў аб тым, што мужчына павінен быць смелым і рашучым у любых абставінах. Але іх рашучасць у адносінах да дзяўчат заўсёды абурала Пятра, бо гэта было не што іншае, як нахабства. Ён ніколі не быў нахабным. А Саша для яго была - святое. Сашы ён баяўся сказаць нявінны жарт, параіць пачытаць кніжку, у якой закраналіся такія вось пытанні. А калі аднойчы пачалі размову пра «Ціхі Дон», то далікатна абміналі ўсе «нявінныя» мясціны.Але чаму яна ўздыхнула? Гэтае пытанне не давала спакою. Ён успамінаў кожнае яе слова за гэты вечар. Пачаў шукаць іншы сэнс у запрашэнні і нават у тым, як яна здзівілася і разгубілася, калі ён знянацку з"явіўся перад ёй у садзе. Зноў прыгадаліся «тэарэтычныя» разважанні сяброў аб дзяўчатах, іх непрыстойныя думкі, якія заўсёды абражалі Пятра - абражалі за Сашу. З адным сябрам ён з-за гэтага пасварыўся назаўсёды.Але пры ўсёй сваёй узнёсласці і юнацкай сарамлівасці ён добра разумеў, што ўрэшце іх каханне павінна прыйсці да таго, што яны стануць мужам і жонкаю. Такі закон прыроды. Але ці хоча гэтага Саша? Каб яна думала стаць зараз яго жонкай, ёй не было б патрэбы выдаваць яго за брата. Сумленны ва ўсіх сваіх паводзінах і пачуццях, Пятро канчаткова адмовіўся ад думкі, што яму варта праявіць рашучасць, смеласць і пайсці да Сашы. Гэта можа абразіць яе, скампраметаваць: гаспадыня, відаць, не спіць. Аднак не зусім упэўнены, што Саша не жадае гэтага, ён наіўна чакаў, што яна прыйдзе сама, чакаў, як Палканаў*, уяўляючы, як гэта можа здарыцца, толькі думкі яго былі куды больш чыстымі і прыгожымі.