1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

Непаўторная вясна

- Сашанька, я хачу, каб ты была мая, назаўсёды мая... Каб ніхто... нішто... ні разлукі, ні войны... ніякія выпадковасці... нішто не магло разлучыць...Яна абняла яго і прыгарнула да сваіх грудзей, дзе моцна білася сэрца.- Я буду твая, Пеця... Твая... Назаўсёды... І ты мой...Блізкасць прынесла Пятру тое асаблівае адчуванне шчасця, якое, відаць, чалавек перажывае толькі аднойчы. Ён адчуваў сябе самым шчаслівым з усіх людзей, якіх ведаў і бачыў, і яму было шкада тых, хто не спазнаў яшчэ такога шчасця. Гэта быў час самага высокага ўзлёту ўсяго найлепшага, што было ў яго душы, і разам з тым - час, калі знікалі яго наіўныя юнацкія мары і ўяўленні. Упершыню па-сапраўднаму адчуў ён прыгажосць жыцця, жаночага цела, чалавечых адносін. Ён хадзіў у стане нейкага незвычайнага ап"янення: увесь свет здаваўся яму ў гэтыя майскія дні, дарэчы, халодныя і непрыветлівыя, казачна чароўным, а ў цэнтры гэтага свету - яго сонцам, зоркай - была Саша, асвятляла сваім ззяннем, грэла сваім цяплом... Ён ішоў за Сашай у амбулаторыю, праводзіў да хворых у самыя дальнія вёскі і доўга чакаў дзе-небудзь на ўскраі, калі яна вернецца. І чакаць яму таксама было радасна, бо больш ужо не з"яўлялася неразумная беспадстаўная рэўнасць, якая мучыла яго раней. Яна знікла разам з блізкасцю, разам з усведамленнем, што Саша - яго жонка. Словы «муж» і «жонка», якія раней ён не любіў і лічыў грубымі, цяпер здаваліся самымі прыгожымі. Ён ганарыўся тым, што ён муж, і калі пачуў, як гаспадыня гаварыла адной жанчыне: «А гэта - муж доктаркі», - яму было надзвычай прыемна.Аднойчы ён сядзеў каля хаты гаспадыні, радаваўся першаму цёпламу дню і пераконваў сябе, што бачыць, як расце лісце на ліпах і трава пад нагамі... Пры незвычайнай узнёсласці адчуванняў хацелася, каб і навокал усё было незвычайным. Да яго падышоў малады чалавек, прывітаўся і нясмела сеў на гэтую ж лавачку з другога краю. Пятро не адразу пазнаў у ім Уладзіміра Іванавіча. Калі ж пазнаў, пачаў разглядаць з бесцырымоннай цікаўнасцю - так, што настаўнік, старэйшы за яго не менш як гадоў на пяць, збянтэжыўся. Убачыўшы гэтую яго збянтэжанасць, Пятро ўспомніў, які самаўпэўнены, спрытны і вясёлы быў настаўнік у мінулым годзе, на валейбольнай пляцоўцы, і адчуў сябе пераможцам, шчаслівейшым, а значыцца, больш дасціпным і спрытным. «Гэта табе не ў валейбол гуляць. Я пакажу, які я табе бука». І ён пачаў размову з настаўнікам такім тонам, якім дарослыя размаўляюць з дзецьмі.- Як справы, таварыш педагог?- Нічога, дзякую, - сур"ёзна і паважна адказаў Уладзімір Іванавіч.- Вы што выкладаеце?- Матэматыку.- О, гэта вельмі сур"ёзны прадмет, тут трэба ўмець варушыць мазгамі.- Вядома, - згадзіўся настаўнік.- Ну, і як адчувае сябе ваша матэматыка?Пытанне было неразумнае, здзек і насмешка яўныя, але ўсё адно Ўладзімір Іванавіч не знайшоў, што адказаць так, каб Пятру стала няёмка.- Як адчувае?..- Ну, як ведаюць яе вучні, напрыклад?- Добра ведаюць.- Горш ці лепш за настаўніка? - Пятро ва ўпор глядзеў на свайго былога саперніка, і ў вачах яго скакалі чорцікі.Настаўнік зразумеў, што весці далей размову з гэтым звар"яцелым ад шчасця юнаком немагчыма. Ён не адказаў, апусціў галаву і хвіліну задумліва стукаў тонкім пруцікам па наску свайго чаравіка, счышчаючы вясновую гразь. Потым узняў галаву і рашуча сказаў:- А цяпер вы адкажыце на адно маё пытанне. Але шчыра.- Калі ласка.- Кім вы даводзіцеся Аляксандры Фёдараўне?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34