Непаўторная вясна
Саша прысела на ложак і, узяўшы яго руку, прыціснулася да яе шчакой.Нехта з хворых сказаў з захапленнем:- Ого!Другі цяжка ўздыхнуў, прагнучы гэткай жа простай і шчырай ласкі.Люба ўсміхнулася зноў-такі з іроніяй і паправіла пузыр з лёдам на галаве хворага.- У яго сорак адзін тэмпература. Увесь час лёд трымаем, - сказала яна суха, мабыць, жадаючы падкрэсліць, што не пяшчота трэба хвораму, а клапатлівы догляд. - Рэдкі па цяжкасці выпадак двухбаковай пнеўманіі. Чакаем крызісу... Ты падзяжурыш каля яго, так?- Я буду тут...- Доўга быць тут Бася Ісакаўна не дазволіць. Мне і так мала не будзе, што пусціла цябе... Але бяру на сябе...Саша ўспомніла, што калі яны хадзілі сюды на практыку, то ўсе вельмі баяліся гэтай суровай Басі Ісакаўны, галоўнага лекара. Але цяпер яна нікога не баялася.«Ніхто мяне адгэтуль не выганіць. Не пайду, - вырашыла Саша з упартай рашучасцю. - Я адна маю права быць пры ім».Яна ўпэўнена паправіла падушку, коўдру... Глядзела, як пакутліва адбіваецца боль на яго твары, і сама адчувала гэты боль дзесьці глыбока ў грудзях. Пятро стагнаў - яна пяшчотна гладзіла яго рукі, шчокі, быццам хацела гэтак суцішыць боль. Суседзі-хворыя з павагай размаўлялі з ёй, распытвалі, адкуль яна, расказвалі, як прывезлі Пятра, як ён трызніў усе гэтыя дні, скардзіліся на свае хваробы. Яна ім сумленна адказвала, давала парады, нават некага выслухала... Але пасля не магла ўспомніць, пра што яе пыталі, што яна адказвала, навошта кагосьці выслухвала: гэта смешна - ёй, фельчарыцы, выслухваць хворага пасля вопытных лекараў! Але тады Саша не думала пра гэта. Яна была ўдзячна гэтым людзям, што яны цёпла і клапатліва гавораць пра Пятра, і хацела зрабіць ім што-небудзь добрае, памагчы... Але што б яна ні рабіла, з кім бы ні размаўляла, яна ні на міг не адрывала вачэй ад мужа. Думка аб тым, што ён можа памерці, не вытрымаць таго, што называецца страшным словам «крызіс», больш не прыходзіла. Такая думка не магла з"явіцца, пакуль яна бачыла, як ён дыхае, стогне, крывіцца ад болю. Яго жыццё - гэта яе жыццё, а нават безнадзейна хворы чалавек думае толькі пра жыццё. Толькі пра жыццё! Саша думала, як Пятро зноў прыедзе да яе і яна ўжо больш нікуды не адпусціць яго. Ён хацеў ехаць некуды ажно ў Беласток, куды яго назначылі пасля тэхнікума. Не, не трэба яму ехаць... Яны будуць хадзіць разам па полі, сядзець у садзе... Цяпер паспелі яблыкі... Потым яна возьме адпачынак, і яны паедуць на параходзе. Саша ўспомніла, як перад хваробай ён ад"язджаў ад яе. Ехалі разам да Рэчыцы - Сашу выклікалі ў райздраў. Доўга чакалі парахода, Пятро сказаў, што холадна. Яна накінула яму на плечы сваю шарсцяную хустку. Ён, захутаны, заснуў, паклаўшы галаву ёй на калені. А потым прыйшлі нейкія дзяўчаты-сакатухі, засмяяліся і разбудзілі яго... «Магчыма, ён і прастудзіўся тады, у тую ноч?»Пятро раптам застагнаў і паклікаў:- Мама! - потым сказаў нешта незразумелае: - На Ягадным не праедзем, не! Пойдзем!..«Мама»... У Сашы сціснула ў горле, яна і ўзрадавалася яго голасу, і раўніва жадала, каб ён паклікаў яе.Праз хвіліну ён расплюшчыў вочы, доўга глядзеў на яе, як бы пазнаючы, потым квола ўсміхнуўся і прашаптаў:- Саша! - І тут жа паскардзіўся, як скардзіцца дзіця маці: - Мне вельмі балюча, Саша.- Балюча, Пеця, балюча, я ведаю. - Яна нахілілася і пацалавала яго ў гарачыя засмяглыя губы.Люба заглянула ў палату і сказала:- Ты пакармі яго, ён нічога не есць. Можа, ад цябе возьме...