Непаўторная вясна
З сабой, акрамя грошай, завязаных у насавой хустачцы, яна ўзяла белы халат, бо ведала, што без яго цяжка будзе прайсці ў бальніцу.Яна не ішла, яна бегла, адна сярод ночы і сярод поля. Над ёй было зорнае неба, бязмоўнае і бясконца далёкае, а да самай дарогі падступалі пасевы высокага спелага жыта, пшаніцы, ячменю. Збажына жыла: у ёй нешта шапталася, звінела, уздыхала. Гэтая блізкасць нечага жывога бадзёрыла і адначасова страшыла. З-пад ног час ад часу ўзляталі начныя птушкі, ледзь не б"ючы крыламі па твары. Спачатку Саша палохалася, нават ускрыквала ад страху, потым прывыкла і не звяртала ўвагі.«Чаго мне баяцца, калі хворы Пеця? Слаўны мой, любы, каб я была гэтай птушкай, я даўно прыляцела б да цябе... Я не магу ляцець - я буду бегчы. Бегчы!.. А чаго бегчы? Усё адно прыйдзецца чакаць поезда. А калі спазнюся? Лепш раней прыйсці...»Дзе-нідзе пачалі жаць, і на полі стаялі бабкі, здалёк падобныя ў цемры на постаці людзей. Адна з такіх постацей раптам прыўзнялася і кінулася ўцякаць. Саша спалохалася і таксама пабегла. Бегла так, што здавалася, сэрца вось-вось выскачыць з грудзей. Але яна падумала пра Пятра - і страх знік. Праходзячы паўз вёску, яна зноў убачыла, як з прыдарожнай лаўкі ўсхапіліся і пабеглі дзве постаці. Яна падышла так блізка, што добра разгледзела дзяўчыну і хлопца - закаханых, і раптам здагадалася, чаму яны ўцякаюць. Каб не несці халат у руцэ, яна надзела яго і выглядала белай зданню. Яна скінула халат, пайшла павольней. На ўсходзе заружавела неба: канчалася кароткая летняя ноч...Старому вартаўніку пры бальніцы Саша сказала, што яна практыкантка, і як пропуск паказала халат. Яна баялася спытацца ў каго-небудзь з сясцёр, дзе ён ляжыць, - а раптам скажуць, што яго ўжо няма! - і цішком абыходзіла ўсе палаты аддзялення па чарзе. Адчыніла дзверы адной палаты і ўбачыла ў куце схіленую перад ложкам постаць сястры, і адразу кальнула ў сэрца: ён там! Яна хутка пайшла да ложка. Хворыя ўзнімалі галовы і са здзіўленнем глядзелі на яе. На гук крокаў павярнулася сястра. Саша пазнала Любу і... спынілася, варожае пачуццё варухнулася ў яе грудзях: Пятро расказваў, як Люба хацела прывабіць яго.- Ты? - крыху здзіўлена спытала Люба. - Гэта ён цябе клікаў увесь час - Саша, Саша? Цяпер я разумею. - Яна крытычна агледзела Сашу, іранічна ўсміхнулася.Дзякуючы дапамозе бацькі, дырэктара саўгаса, Любе ўдалося пераехаць у горад, і цяпер яна працавала старшай сястрой аддзялення. А галоўнае - у горадзе яна мела жаніхоў і была ўпэўнена, што хутка выйдзе замуж. Жыццё ў горадзе, жаніхі, пасада - усё разам давала ёй падставы ганарыцца, весці сябе важна і глядзець на такіх, як Саша, «вясковых», з вышыні свайго ўяўнага становішча. Праўда, на Пятра яна хоць і была злосная, але да хворага ставілася ўважліва і нават пахвалілася сёстрам, што хлопец гэты некалі ад кахання траціў розум і пехатой за паўсотні кіламетраў бегаў да яе ў вёску. З"яўленне Сашы крыху ўзлавала яе. «Жонка!» - зняважліва падумала яна і спытала:- Дык ты сапраўды выйшла за яго? Ён тут, калі яму рабілася лягчэй, расказваў, што жанаты. Дзяўчаты не верылі... Дзіця яшчэ... Я таксама не верыла...Але Саша не слухала яе. Яна стаяла за два крокі ад ложка і не зводзіла позірку з твару Пятра. Ён ляжаў нерухома, з заплюшчанымі вачамі, быццам спаў, але яго засмяглыя, патрэсканыя ад гарачкі губы раз-пораз крывіліся ад болю, зрэдку пакутліва перасмыкаўся ўвесь твар і ўздрыгвала цела, нават пунсовыя плямы на запалых шчоках у гэты міг знікалі, і шчокі ўраз рабіліся бяскроўна-бледнымі.