Непаўторная вясна
- А я думала - гэта доктар з Рэчыцы.Пятро выйшаў у сад. У былым кулацкім садзе, які займаў не менш за гектар, стаялі вуллі калгаснай пасекі.Пасечнік, мужчына сярэдніх год, няветліва спытаўся ў Пятра:- Ты кім даводзішся доктарцы?- Я? Братам.- Але, расказвай казкі. Ведаем мы такіх братоў, самі былі такія!..Вярнуўшыся ў амбулаторыю, калі жанчына выйшла, Пятро расказаў пра размову з пасечнікам.Саша засмяялася:- А мне ўсё адно, няхай думаюць, што хочуць. Гэта я ўчора спалохалася. Мне цяпер толькі перад Аняй няёмка: яна, відаць, пакрыўдзілася...Такое прызнанне вельмі спадабалася Пятру. Яны зноў гутарылі пра будучыню, спрачаліся, па-рознаму ўяўляючы яе ці, правільней кажучы, уяўляючы даволі туманна, кніжна. Але, нягледзячы на гэта, размова надзвычай акрыліла Пятра, напоўніла самымі лепшымі надзеямі. Ён, як кажуць, узнёсся на сёмае неба.Ды такі настрой быў нядоўга.Гаспадыня на абед не прыйшла. Саша сама прагрымела ў печы засланкай, чыгунамі і зазірнула ў свой пакой, дзе сядзеў Пятро, зноў нечым збянтэжаная.- Пачакай хвіліначку.Яна некуды выбегла і хвілін праз колькі вярнулася з клуначкам у руках.- Боршч нясмачны, давай будзем піць сырыя яйкі і есці яблыкі.І Пятро раптам усё зразумеў. Зразумеў, што гаспадыня не ад беднасці падала такі сняданак, што дагэтуль карміла яна сваю кватарантку добра, смачна. А халодная бульба з гуркамі і нейкі нішчымны боршч на абед - усё гэта пратэст супроць яго прыезду. Немаведама чаму жанчына неўзлюбіла яго з першай хвіліны і вось так выяўляе сваю непрыязнасць і, магчыма, такім чынам хоча хутчэй выправадзіць. Хлопцу стала вельмі крыўдна - крыўдна за Сашу, за сябе, няёмка перад дзяўчынай. Ён знарок пайшоў мыцца, хоць у гэтым не было патрэбы, - абы толькі адцягнуць час, калі трэба садзіцца за стол, і неяк супакоіцца. Ён ведаў чалавечую прагнасць, скупасць, бачыў розных людзей, яго бацька быў не надта шчодры чалавек, але такі ўчынак гаспадыні, якую, дарэчы, Саша ў пісьмах хваліла, проста ашаламіў яго. Ён сеў за стол не з радасным пачуццём жаданага госця, а з прыкрым, балючым пачуццём - а ў юнацтве яно асабліва вострае! - госця няпрошанага, дармаеда, які есць чужы хлеб. І хоць ён ведаў, што яйкі і яблыкі Саша купіла, лягчэй ад гэтага не рабілася. Ён стараўся не падаць выгляду, што ўсё разумее, нешта гаварыў, спрабаваў жартаваць і смяяцца, аднак баяўся глянуць Сашы ў вочы.Дзяўчына таксама адчувала сябе няёмка. Знік той светлы настрой, які з"явіўся ў часе размовы ў амбулаторыі. Каб неяк развеяць няёмкасць і асудзіць гаспадыню, Саша сказала:- Я думаю мяняць кватэру, - але, уздыхнуўшы, прызналася: - Хоць мне шкада: тут усё побач.Пад «усім» яна разумела амбулаторыю: ніколі раней мяняць кватэры яна не думала, бо была вельмі задаволена і самой кватэрай і гаспадыняй.Пятро не адказаў - зрабіў выгляд, што яго мала цікавяць яе кватэрныя справы.Саша адразу ж пасля абеду пайшла на ферму, каб пагутарыць з гаспадыняй. Яна ішла злосная, з намерам рашуча заявіць Ані, што калі яшчэ раз будзе такая бульба і такі боршч - яна больш сталавацца ў яе не будзе, за свае грошы знойдзе кватэру ў любым месцы. Але рашучасці ў Сашы хапіла толькі, пакуль не ўбачыла гаспадыню. Ані яна сказала далікатна і сарамліва:- Вы не думайце, Аня... Я заплачу вам за ўсё, пакуль будзе... брат...Хітрая жанчына прыкінулася здзіўленай і добрай.- А хіба я, Шурачка, кажу што? Эх! Ды няхай будзе месяц. Колькі хоча... Чалавек добры, ціхі... Хіба ён мне замінае? Я заўсёды гасцям рада. Толькі вось што час такі - хвіліны вольнай не маю...