Непаўторная вясна
Мабыць, у яго быў вельмі засмучаны выгляд, бо рыбак клапатліва спытаў:- Ты не хворы, хлопец?Ён схамянуўся:- Не. Я здалёк ішоў і стаміўся.І зноў так задумаўся, што калі пераехалі, то забыўся разлічыцца з рыбаком, хоць той у самым пачатку запрасіў за перавоз два рублі. Рыбак таксама змаўчаў, відаць, адчуўшы, што з хлопцам робіцца нешта нядобрае.Не распытваючы дарогі, Пятро рушыў па першай, што трапілася яму і вяла ад Дняпра на ўсход, у глыб лесу.У адрозненне ад правага берага, высокага і бязлеснага, левабярэжжа, ды і наогул увесь гэты куток у міжрэччы Дняпра і Сожа, - край лясоў, балот і пяскоў. Глеба тут неўрадлівая, пустая, і калгасы слабыя з самага свайго заснавання. Раённыя кіраўнікі, калі размова ідзе пра гэтыя калгасы, махаюць рукамі: «У міжрэччы? Што вы! Нічога там не зробіш! Пустэча! Туды і прыемна толькі з"ездзіць рыбку палавіць...»І, мабыць, сапраўды ездзілі ў гэтыя калгасы толькі «рыбку палавіць», раз назаўсёды пераканаўшы сябе, што ўзняць гаспадарку там немагчыма.Да вайны новага чалавека здзіўляў знешні выгляд вёсак у гэтым месцы: сярод лесу стаялі пахіленыя хаткі з беднымі агародамі, у той час калі ў вёсках стэпавых, за дваццаць-трыццаць кіламетраў ад лесу, хаты былі адна ў адну - вялікія, новыя, і навокал - багатыя сады. Пасля вайны выгляд вёсак перамяніўся. Гэта былі гады, калі ўсе будаваліся - і той, хто пагарэў, хто не меў дзе жыць, і той, у каго быў добры дах над галавой; усіх ахапіла гарачка будаўніцтва, і кожны лез са скуры, каб зрабіць дах большы і лепшы. Натуральна, што тыя, у каго лес быў пад бокам, адбудаваліся хутчэй і лепш. Калі яшчэ ўлічыць, што на правабярэжжы зніклі сады, то выгляд вёсак у бедным міжрэччы цяпер стаў значна прыгажэйшы. Ды і не такі ўжо ён бедны, гэты край! Недарма тут даволі густа сяліліся нашы продкі. Пясчаныя глебы, але затое колькі іншых выгод! Шырокія сенажаці, лясы, рэкі і азёры - старыкі. Трава і дрэва, рыба і звер - усё ёсць. З даўняга часу вёскі тут славяцца рыбаловамі, паляўнічымі, цеслярамі, бондарамі, кашарамі і іншымі майстрамі... Цікавая яшчэ адна акалічнасць. У гэтым кутку міжрэчча некалькі вёсак маюць назву Рудня: Рудня Марымонава, Рудня Каменева... І гэта не проста назва. Каля гэтых вёсак знаходзяць вялікія залежы «жужалю» - шлаку ад плавак. Некалі даўно-даўно вольныя казакі Багдана Хмяльніцкага ці, магчыма, нават раней яшчэ завозілі па Дняпры і Сожы з Крывога Рога руду ці, можа, знаходзілі яе дзе-небудзь бліжэй, а лесу на вугаль тут заўсёды хапала. І вось у гэтым лясістым кутку беларускай зямлі выплаўлялі яны зброю, каб біць ёю ворагаў.Няшчасны закаханы ішоў па гэтых мясцінах, безумоўна, не заўважаючы ні хараства іх, ні асаблівасцей, якія заўважыў аўтар і, захапіўшыся, адступіў ад тэмы. Сапраўды, скажаш ты, чытач, пры чым тут выгляд хат, рыбакі і бондары, казакі Багдана і руда, калі гаворка ідзе пра каханне? Дарэчы былі б яшчэ разважанні аб прыгажосці наддняпроўскіх дуброў і сасновых бароў, аб бярозах з першым золатам лісцяў, але ж аўтар сам сказаў, што герою было не да любавання прыродай. Што зробіш, дарагі чытач, у кожнага з нас свая слабасць, а гэтая слабасць, відаць, ёсць ва ўсіх - пры выпадку і без выпадку сказаць хоць некалькі слоў аб родных мясцінах, аб тых лясах, дзе прайшло тваё маленства, аб тых лугах, дзе ўпершыню мянташыў касу і адчуў, што пот салёны, аб тых палях і сцежках, па якіх бег на першае спатканне...