Непаўторная вясна
- Вось пруць, гады!- Сілішча! Што ты хочаш!- За дзень Галандыю, за другі - Бельгію... Ангельцаў у мора кульнулі...- Храновыя ваякі супраць іх... Каб стаялі насмерць - не ішоў бы так!- Супраць нас не пайшоў бы так! Назад пакаціўся б!- Тэхнікі, відаць, малавата ў французаў... У немцаў танкі вунь усюды...- Не ў адной тэхніцы сіла... Камандзіры ні к чорту! А калі генералы ў кусты, дык што рабіць салдату? Салдату трэба каманда...Пятро таксама выказваў нейкія меркаванні і нават вызначыўся сваімі ведамі аб нямецкай ваеннай тэхніцы, пра якую вычытаў у часопісах. Так яны пагутарылі і разышліся. А цяпер вось гэтая трывога, гэты неспакой у душы. Чаму? Францыя!.. Парыж!.. Як гэта далёка для хлопца, які нават у Маскве быў толькі праездам, нікуды асабліва не ездзіў і не надта глыбока разбіраўся ў міжнародных справах! Але разам з тым як гэта і блізка - блізка сэрцу юнака, які толькі са школьнай парты! Ніводную краіну мы не ведаем са школьных год так, як Францыю. Ужо з першых класаў, з першых чытанак мы дазнаваліся пра Парыжскую камуну, з кніг глядзелі на нас партрэты герояў-камунараў, на ўсё жыццё запаміналіся прозвішчы - Варлен, Дэлеклюз, Дамброўскі. Потым гісторыя, тая школьная гісторыя сярэдніх вякоў і новая, у якой Францыі адводзілася добрая палавіна, бо Францыя дала Рабесп"ера і Марата, дала рэвалюцыю 1848 года і, нарэшце, Парыжскую камуну.Нават у самага кепскага вучня, які кідаў школу пасля сямі-васьмі класаў, на ўсё жыццё захоўваліся ў памяці ўсе гэтыя гістарычныя падзеі. А ў тых, хто вучыўся далей, веды аб Францыі бясконца пашыраліся.За гісторыяй - літаратура. Спачатку Жуль Верн і Гюго, потым - Бальзак, Ралан і Анры Барбюс. Мы любілі герояў іх кніжак і праз іх палюбілі Францыю.Пятро ўявіў Парыж так, як можна ўявіць гэты горад па прачытаных кнігах і фільмах, уявіў, як ідуць па ім чужыя салдаты, грубыя і нахабныя, як усе заваёўнікі, і сэрцу стала балюча - балюча за далёкіх незнаёмых французаў, мусіць, такіх жа хлопцаў, як ён сам, і такіх жа жанчын і дзяўчат, як яго Саша. Саша! Мілая, слаўная Саша! Ён пяшчотна паглядзеў на жонку, прыслухаўся да яе роўнага дыхання. І раптам з"явілася думка, упершыню такая недарэчная: «А што, калі яны пачнуць вайну супраць нас? Прыйдуць сюды, на нашу зямлю, як прыйшлі ў Парыж?»Што ж гэта будзе? Разбурыцца шчасце, вось гэтае яго шчасце, якое ён толькі што спазнаў? Адарвуць яго ад Сашы, вось ад гэтых яе мяккіх валасоў, якія нават пахнуць шчасцем, ад яе рук, такіх пяшчотных...Яму зрабілася жудасна ад гэтай думкі. Вайна, яе ўяўная рамантыка можа вабіць толькі дзяцей і юнакоў; для чалавека, які зразумеў сэнс жыцця і ўведаў шчасце, вайна не можа не быць страшнай і агіднай.Пятро стараўся адагнаць гэтую жудасную думку. «Ніколі яны сюды не прыйдуць! Мы будзем біць іх на іх зямлі, калі яны адважацца напасці, на сваю не пусцім», - ён быў перакананы ў гэтым непахісна. Мы ўсе верылі, што будзем біць ворага на яго зямлі.Каля хаты спынілася фурманка. Конь, якога, відаць, вельмі гналі, з палёгкай фыркнуў. «Зноў па Сашу», - падумаў Пятро. Рэдка выпадала ноч, каб яе не выклікалі да парадзіхі.Ціхі, але настойлівы стук у шыбу і нясмелы голас:- Доктарка!Саша адразу прачнулася, асцярожна ўзнялася і, адчыніўшы фортку, прашаптала невядомаму чалавеку за акном:- Іду. Не стукайце.Яна збіралася паціху, каб не разбудзіць Пятра, мяркуючы, што ён, як звычайна, спіць. Але Пятро паклікаў яе.