Непаўторная вясна
- А чаго ёй любіць мяне, калі... - Ён не скончыў, але Саша здагадалася, што ён хацеў сказаць, і пакрыўдзілася да слёз:- Як табе не сорамна!Яго суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы яе поўныя слёз. У іншых абставінах ён, напэўна, страшна ўсхваляваўся б, калі б адчуў, што пакрыўдзіў яе. І цяпер у яго з"явілася моцнае жаданне прыгарнуць яе, пашкадаваць і памірыцца. Але рашэнне пайсці, якое ўзнікла нечакана, рабілася ўсё больш цвёрдым, і ён не даў волі сваім пачуццям.Саша зразумела яго так, што ён пойдзе назаўтра, раніцой, і гэта крыху супакоіла яе, а можа, перадумае за ноч? Але калі яны прыйшлі на кватэру, Пятро адразу ж пачаў збіраць свой партфель - укладаць дзённікі і вершы.- Ты куды? - здзівілася Саша.- Пайду, - упарта паўтарыў ён.- Зараз? - Яна глядзела на яго спалоханымі вачамі. - Увечары няма поезда. І машын ужо не будзе на Рэчыцу. Куды ты пойдзеш?- А я і не пайду на тваю Рэчыцу! Па гэтай агіднай дарозе!.. - Ён раптам адчуў сябе ў ролі пакутніка, а вядома, што нішто не надае гэтулькі ўпартасці і рашучасці, асабліва ў юнацтве, як адчуванне, што ты пакутуеш. Пятро адварочваўся і глытаў слёзы, шкадуючы самога сябе, але цяпер, безумоўна, ужо ніякія ўгаворы спыніць яго не маглі.- Куды ж ты пойдзеш?- Пайду цераз Дняпро да Сожа, а там будзе відаць: можа, паеду на параходзе, можа, пайду далей - на шашу.- Ты звар"яцеў! Праз лес і балота проці ночы? Не пушчу! Не пойдзеш! - Яна рашуча загарадзіла дзверы.Ён іранічна ўсміхнуўся і ўзяў у рукі партфель, надзеў кепку, намерваючыся выходзіць, але не ведаючы, як прайсці міма яе:- Ты камандуй кім іншым...- Ты - дурань.- Вядома, я - дурань, бо ёсць разумнейшыя...- Божа мой! - прастагнала яна, але, відаць, зразумела, што затрымаць яго немагчыма, і саступіла з дарогі. - А абед? Ты пойдзеш без абеду? - раптам успомніла яна.Але роля ўяўнага пакутніка - страшная і смешная роля: чалавек такі бясконца выдумляе сабе новыя пакуты.- Не трэба мне твой абед! - Ён сказаў гэта з такой злоснай упартасцю, што Саша жахнулася: нейкая недарэчнасць можа загубіць іх каханне, дружбу. Папрасіць, паклясціся, што яна кахае аднаго яго, што ўсё, што ён выдумаў, - глупства? Не, у яе таксама ёсць гордасць! І хоць ёй, магчыма, было ў сто разоў цяжэй, чым яму, і хацелася заплакаць наўзрыд, яна стрымана і сурова сказала:- Што ж, калі ты такі - ідзі!Яму вельмі хацелася спытаць - які такі, але пабаяўся, што гэта можа стаць крокам да прымірэння.- Дай я пакладу яблык на дарогу...- Не трэба мне яблыкі тваёй прагнай гаспадыні!- Яблыкі не гаспадыні, яблыкі мае. - Яна падышла, сілком узяла з яго рук партфель і пайшла за занавеску, дзе стаяў яе ложак. Выйшла адтуль і, аддаючы партфель левай рукой, адначасова працягнула правую.- Ідзі. Будзь здароў. - Яна баялася, каб не заплакаць, і хацела, каб хутчэй усё гэта скончылася.Ён моцна сціснуў яе руку і, не могучы з-за слёз вымавіць слова, хутка павярнуўся і пайшоў, абмінуўшы на кухні спалоханую і здзіўленую дачку гаспадыні, якая, мусіць, чула іх размову.Пятро пайшоў праз сад і, калі ўжо выйшаў на дарогу, раптам пачуў ззаду Сашын голас:- Пеця!Ён спыніўся. Яна падышла, пільна паглядзела ў вочы яму, напэўна, чакаючы, што ён скажа. Пятро маўчаў. Тады яна абняла і моцна пацалавала - упершыню пацалавала сама. Потым павярнулася і ўподбег рушыла назад.Ашаломлены, ён ледзь не кінуўся следам за ёй, але ўпартасць перамагла. Наіўная юнацкая ўпартасць!IIIМожна ўявіць, што ён адчуваў, калі ішоў па пыльнай дарозе, цераз пустое асенняе поле, да Дняпра. Але самая страшная думка прыйшла на высокім крутым беразе, з якога ён аглядаў шырокія прасторы прыдняпроўскіх лугоў, густа застаўленыя стагамі. Чаму з"явілася такая думка? Магчыма, ад вострага адчування далечыні. Калі мы адчуваем даль - азіраемся з вышыні, едзем стэпам, - заўсёды прыходзяць самыя нечаканыя думкі. Яна прыйшла раптоўна, з нейкім вельмі балючым штуршком сэрца: а што, калі яе пацалунак - гэта развітанне назаўсёды, апошняе «бывай»? Чым больш ён думаў пра гэта, успамінаў падрабязнасці, тым больш пераконваўся, што гэта так. І адразу пацямнелі для яго і сонца, і яснае неба, і сіняя дняпроўская вада... Калі стары рыбак перавозіў яго цераз Дняпро, Пятру хацелася, каб вузкі човен, які ў народзе называюць душагубкай, перакуліўся. Не... загінуць зусім яму не хацелася, хоць і вялікая роспач была ў душы. Хацелася, каб рыбаку здалося, што ён утапіўся, а ён у сапраўднасці каб неяк непрыкметна выплыў. Гэта трэба было яму для таго, каб потым як-небудзь падглядзець употайкі, як сустрэне вестку пра ягоную смерць Саша. Ці засталася ў яе сэрцы хоць кропля былога кахання? Калі не - тады справа іншая, тады можна тапіцца і назаўсёды, бо жыццё яму здавалася немагчымым без яе, без яе кахання...