Непаўторная вясна
Непрыемная рэч гэтыя дзённікі! Пішаш шчыра, выстаўляеш сябе такім, які ты ёсць, - хаваешся з такім дзённікам, калоцішся, каб часам хто не прачытаў яго. Навошта ж пісаць? Пішаш няшчыра, прыхарошваеш сябе - даеш такі дзённік усім. Але зноў-такі навошта? Недарма людзі сталыя, з жыццёвым вопытам, вельмі рэдка вядуць дзённікі, а калі і робяць гэта, то пішуць не пра сябе, не пра свае пачуцці і перажыванні, а пра іншых людзей і пра розныя справы: мужчыны - пра дзелавыя размовы, жанчыны - пра сваіх дзяцей, пісьменнікі занатоўваюць трапныя словы, выразы, дэталі, нават цэлыя сюжэты.Пятро, хоць заснуў толькі на світанні, прачнуўся рана - разбудзіў шум дзіцячых галасоў. На другім баку вуліцы была школа. Ён успомніў, што сёння першае верасня, пачаліся заняткі. І хоць у яго быў яшчэ цэлы месяц вольны, ён адчуў: летні адпачынак скончыўся і сорамна яму зараз блукаць без работы, час пайсці дадому - памагчы бацькам у гаспадарцы, перапісаць справаздачу аб практыцы ці зрабіць яшчэ што-небудзь карыснае. Ён узрадаваўся такой думцы і прычыне, каб хутчэй пайсці адгэтуль. Але калі ён за снеданнем аб"явіў пра свой намер гасцінным гаспадыням, тыя страшэнна пакрыўдзіліся:- Як табе не сорамна, Пеця! Пабыў адзін вечар, і ўцякаць. А яшчэ казаў... Не, я проста не пушчу цябе, Пецечка, што хочаш. - Люба глядзела на яго такім закаханым позіркам, што ён збянтэжыўся і не мог настойваць на сваім. - Ты ж сам казаў: часу ў цябе многа і ты не ведаеш, што будзеш рабіць гэты месяц... Скажы, што табе не падабаецца ў нас?- Усё падабаецца, - адказаў ён, апусціўшы вочы ў талерку, дзе плавалі варэнікі ў масле.- Вы, Пеця, не крыўдзіце Любу, - падхапіла Маруся. - Яна і так, гаротная, засумавала тут адна. Яна сёння ўсю ноч заснуць не магла ад радасці, што вы прыйшлі... Хіба можна ад такой дзяўчыны ўцякаць?Люба чырванела ад задавальнення - любяць дзяўчаты, каб іх хвалілі! Пятро - ад прыкрасці за свае паводзіны і ад таго, што ён раптам, глянуўшы іншымі вачамі, убачыў, якая Люба непрыгожая: жоўтыя вочы, шырокія ноздры, вяснушкі на носе і пухлых шчоках, простыя і нейкія бясколерныя валасы.- А сумаваць ты ў нас не будзеш. Хочаш, давай па грыбы сходзім. У нас тут вельмі многа баравікоў. Ты любіш збіраць грыбы? Я дык страх як люблю! Пойдзем?- А табе ж на работу!- Ат, кажуць, работа не воўк, у лес не ўцячэ. Напрацуюся яшчэ. А грыбоў не стане. Чорт не схопіць гэтых хворых.Яна не разумела, што такімі разважаннямі аб рабоце ставіць сябе ў вельмі невыгоднае становішча перад гэтым рамантычна настроеным і сумленным хлопцам. Ён слухаў яе і думаў пра Сашу, пра яе працу. І тое, што Саша цэлымі днямі не бывала дома, праз што ён раўнаваў, пакутаваў і зрабіў глупства, уяўлялася цяпер як высакароднае служэнне справе.Аднак Любе ўсё-такі ўдалося ўгаварыць яго пайсці па грыбы, і яны прахадзілі па лесе гадзін да трох дня. Грыбоў сапраўды было шмат. Але больш часу яны патрацілі на дзіўную гульню: Пятро стараўся як-небудзь адысці ад Любы, якая ўсё больш і больш рабілася яму абрыдлай, і паблукаць аднаму, памарыць, падумаць, а яна ні на крок не адставала, быццам баялася, што ён уцячэ. І напэўна б уцёк, каб зноў не партфель, які яму не ўдалося ўзяць з сабой.Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт. Вярнулася крыху ўсхваляваная і паведаміла:- Перадавалі па радыё, што Гітлер напаў на Польшчу. Там ваююць... Дзядзькі баяцца, каб на нас не пайшоў... Кажуць, што ён хоча забраць Польшчу, каб да нашай граніцы дайсці.