1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

Непаўторная вясна

Надвячоркам пайшоў дождж, па-майску цёплы, дробны, але спорны - той вясновы дождж, што змывае апошні снег у гушчарах і на схілах узгоркаў, бруд на дарогах і пасля якога трава пачынае расці так, што відаць, як варушыцца на зямлі зляжалае мінулагодняе лісце.У такі дождж, ды яшчэ перад святам, усе сядзяць дома; дзеці, дарослыя, моладзь займаюцца дробнымі і прыемнымі хатнімі справамі ці вядуць лагодныя гутаркі - без плётак і непрыемнасцей, гэткія ж чыстыя і цёплыя, як дождж.Да гаспадыні прыйшлі суседкі, не выходзілі з хаты дзеці. Таму Саша і Пятро, жадаючы, як усе закаханыя, быць далей ад людскога вока, схаваліся ў амбулаторыі, у той вялікай і пустой хаце, дзе прыемна пахла вільгаццю і лекамі. Дождж шумеў за акном, ласкава і аднатонна барабаніў па шыбах. Змрок, як заўсёды ў хмурны вясновы дзень, хутка запаўняў хату, шафа з белымі шклянкамі расплылася ў дзіўную здань. У хатах, на другім баку вуліцы, запальваліся лямпы, і праз сетку дажджу вокны расплываліся ў жоўтыя шырокія кругі.Святла яны не запальвалі. Ім святла не патрэбна было. Сядзелі на канапцы, абняўшыся, і расказвалі пра сваё жыццё за восем месяцаў, што не бачыліся. Яны быццам баяліся, што нешта ці нехта можа перашкодзіць ім расказаць аб усім, што бачылі, што перадумалі, што адчувалі, і расказвалі таропка, перапыняючы адно аднаго, і зусім нечакана пераходзілі з тэмы на тэму.- Аднойчы там, у Заходняй, я стаяў на граніцы, - расказваў Пятро, - глядзеў на той бок... Убачыў нямецкага вартавога... І, ведаеш, мне стала трохі страшна, што так блізка ад нас людзі, якія ваююць...- Ах, як яны там ваююць! - перапыніла Саша. - Якая там вайна!- Гэта, праўда, не тое, што ў нас на фінскай. Сядзяць у гэтых «лініях», дзе, кажуць, нават трамвай пад зямлёй ходзіць, п"юць каву ды віно і для забаўкі... страляюць... Увесь час паведамляюць - перастрэлка патрулёў, ды і ўсё...- А ведаеш... Я табе не пісала пра гэта. Я таксама прасілася на фінскую. Падала заяву ў ваенкамат. Мяне выклікалі. Ваенком паглядзеў на мяне, паківаў галавой і кажа: «Ідзі, дзіця, працуй, дзе працуеш...» Так і сказаў: дзіця...- Правільна ён зрабіў, ваенком твой... Ты ведаеш, як там цяжка было? З нашага тэхнікума ездзілі трое... снайперы. Цяпер вярнуліся... Яны расказвалі, якая там зіма была...- У нас таксама сады павымярзалі. Калгасны малады сад напалавіну загінуў...- Там людзі ў снезе ляжалі. Ды не адзін дзень і не два... - Пятро быццам баяўся, што яна можа паехаць туды, і адгаворваў. Потым схамянуўся - у самога было гэткае ж жаданне. Памаўчаў, тулячы яе да сябе, аднак шчыра прызнаўся: - А я рад, што цябе не ўзялі. Ты магла б згубіцца ў гэтым чалавечым моры, забыла б мяне, і я не знайшоў бы цябе...- Дурненькі!.. Я ніколі не забуду цябе. Калі ты пайшоў у мінулым годзе, я плакала...Яна засаромелася свайго прызнання, змоўкла, а ў яго гэтыя словы выклікалі такое замілаванне, такі прыліў пяшчоты, што ён да болю сціснуў яе худзенькія плечы.- Ой, задушыш, - са смехам вызвалілася яна з яго абдымкаў і адышла. - Чакай, нехта гаворыць там. Можа, да мяне...На вуліцы было ўжо зусім цёмна, дождж ішоў, як і раней, - дробны, густы. Ад хаты гаспадыні даносіліся галасы. Саша падышла да акна, прыслухалася. Калі галасы сціхлі, вярнулася назад на канапку.- А я не жартавала ў пісьме. Да мяне сапраўды сваталіся... Ды не сам жаніх, а яго маці. - І яна расказала ўсё.Гісторыя гэта была смешная, але Пятра яна ўстрывожыла. Ён раптам зразумеў, што маглі б скласціся так абставіны, што ён страціў бы сваю Сашу, асабліва пасля яго недарэчнага ўчынку. Ён моцна сціснуў Сашыны рукі і горача зашаптаў:

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34