Непаўторная вясна

* Герой апавядання М.Горкага «Варанька Алесава» (рэд.).Саша павярнулася на ложку, і ён стаіў дыханне; у сэрцы затрапяталіся радасць і страх. Не, зноў цішыня. А час ляціць. Карацейшыя сталі на падлозе цені ад кветак, што стаялі на вокнах. Ужо даўно праспявалі першыя пеўні. За сцяной спрасонку нешта выгукнуў сын гаспадыні - мабыць, і ў сне ганяў кароў.Пятро ўрэшце не вытрымаў і шэптам паклікаў:- Саша!Яна не адказала.- Сашок!Ён, стаіўшы дыханне, падняўся і глянуў з-за грубкі.Святло месячыка падала на яе твар, на рассыпаныя па падушцы залатыя валасы.Саша спакойна спала.Яму стала сорамна за свае думкі, і ён хуценька вярнуўся на свой ложак.Саша разбудзіла яго раніцой даволі позна.- Ох, і соня ж! Прачынайся! - смяялася яна, тузаючы, як малога, за нос.Пятро расплюшчыў вочы, глянуў і анямеў ад захаплення: ён упершыню бачыў Сашу ў белым халаце, у марлевай касынцы (амбулаторыя была побач з кватэрай), і гэтае ўбранне так пасавала да яе, што яна здавалася казачна прыгожай.- Я ўжо колькі хворых прыняла, а ты ўсё яшчэ спіш! Уставай - снедаць будзем!Ён не вытрымаў, прыцягнуў яе да сябе і пацалаваў. Гэта ўбачыла праз адчыненыя дзверы гаспадыніна дачка. Выйшаўшы на двор, дзе маці рабіла нешта па гаспадарцы, малая адразу паведаміла ёй:- А ведаеш, мамка, яны цалуюцца.- Хто?- Цёця Шура і яе брат.Маці чамусьці ўзлавалася і накрычала на дачку: не падглядай, дзе не трэба.На снеданне гаспадыня падала халодную бульбу, гуркі і міску сыраквашы. Пятро не звярнуў увагі - звычайнае сялянскае снеданне, дома ён харчаваўся не лепш, да таго ж ён быў у такім радасным настроі, што наўрад ці заўважыў бы, калі б яму нават зусім не давалі есці цэлы дзень. Але Саша раптам пачырванела і здзіўлена сказала да гаспадыні:- Аня?! - і больш нічога не сказала, спадзеючыся, што гаспадыня зразумее і так. Але тая зрабіла выгляд, што нічога не разумее, і пачала мітусліва збірацца, каб некуды ісці.- У нас, Шурачка, няшчасце: каровы пачынаюць яшчурам хварэць. Работы нам цяпер, даяркам!.. Хворыя асобна стаяць у загоне, а здаровых у поле выгналі. Вось і бегай туды-сюды... Можа, я на абед не прыйду, дык вы тут самі...Пятро апетытна еў бульбу з гуркамі і, ні пра што не здагадваючыся, здзіўляўся, чаму Саша, такая вясёлая колькі хвілін назад, калі будзіла яго, палівала ваду на рукі, раптам нібы засмуцілася ці збянтэжылася. Яна амаль нічога не ела і не запрашала есці яго, як учора ўвечары. Сядзела моўчкі, хмурылася і ляпіла з хлеба шарыкі і зоркі.- Што з табой, Саша?- Нічога, - сярдзіта адказала яна і ўзнялася, але, відаць, схамянулася - ласкавая ўсмешка асвяціла яе твар. - Снедай і прыходзь да мяне ў амбулаторыю.Амбулаторыя размяшчалася ў былой кулацкай хаце, вялікай і пустой. Адна палавіна хаты служыла пакоем для чакання. Тут стаяў паўз сцяну доўгі ўслон і на падаконніку ляжалі часопісы і медыцынскія брашуры, на сцяне віселі плакаты - як даглядаць грудное дзіця. У пярэдняй палавіне - самой амбулаторыі - стаяў нізкі стол з рэгістрацыйнымі кніжкамі на ім, два венскія крэслы, старыя і моцныя, цвёрдая канапка, засланая чыстай прасціной і ў нагах цыраткай. За шклом невялічкай шафы паблісквалі розныя інструменты, бутэлечкі і шклянкі. Адным словам, было ўсё, як належыць ва ўстанове, дзе лечаць людзей. У пакоі гэтым, хоць хата стаяла вокнамі на поўдзень, заўсёды чамусьці было халаднавата, крыху вільготна і пахла цвіллю і лекамі. Але пахі гэтыя не раздражнялі, а Пятру здаваліся нават прыемнымі. Увогуле ён адчуваў сябе тут надзвычай утульна. Усведамленне, што гэта Сашына амбулаторыя, што Саша тут поўнаўладная гаспадыня і што ён мае права сядзець тут побач з ёй, такой блізкай і любай, радасна цешыла яго.