1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

Непаўторная вясна

Размова гэтая прымусіла яе сур"ёзна задумацца. Упершыню з"явілася трывога за свой лёс, страх перад будучыняй. Як павернецца жыццё? Раней яна не думала пра замужжа і нават лічыла, што гэта нешта непатрэбнае ці, ва ўсякім разе, неабавязковае. Цяпер яна пачынала разумець, што гэта неабходна і непазбежна. Так нечакана дзяўчына перайшла ў сваіх думках і поглядах у сталую жанчыну.Яна напісала пісьмо Пятру і папрасіла яго прыехаць. Ён сур"ёзна адказаў, што баіцца гаспадыні. Саша запэўніла, што гаспадыня будзе ласкавай, як добрая цешча, і жартаўліва пагразіла, што, калі ён не прыедзе, яна выйдзе замуж, бо да яе сватаюцца. Гэта не на жарт спалохала Пятра. Ён у гэты час працаваў над дыпломным праектам - праектаваў дарогу з усімі неабходнымі пабудовамі: дамамі даглядчыкаў, гасцініцай, бензакалонкамі, рамонтнай майстэрняй - адным словам, такую дарогу, якая і да нашых дзён ёсць толькі ў праектах і аб якой і зараз мараць уласнікі машын і ўсе шафёры. Чарцілі і вылічалі выпускнікі з натхненнем, хоць ведалі, што па іх праектах нічога не будзе пабудавана, а праекты згрызуць мышы ў тэхнікумаўскай бібліятэцы. Але ўсё адно дыпломны праект, дыпломная работа - больш разумны і дзейсны метад праверкі ведаў, чым экзамены, калі зноў пачынаецца тое ж «зубрэнне», што і ў час навучання, і калі ўсё наспех вызубранае забываецца праз дзве гадзіны пасля экзамену. Пры дыпломным праекце студэнты ўпершыню самастойна, з усёй адказнасцю пачынаюць тварыць, а тварыць без натхнення нельга. Хлопцы праводзілі ў чарцёжнай па дванаццаць гадзін. Пятро ж, калі вырашыў ехаць да Сашы, заставаўся там па дваццаць гадзін, каб падагнаць праект і выкраіць час на паездку. Ён шкадаваў патраціць лішнюю хвіліну на абед і не хадзіў у сталоўку - купляў булачку, кавалак каўбасы і абедаў у чарцёжнай, адначасова робячы разлікі. Ён заставаўся там да глыбокай ночы і часам тут жа за сталом засынаў. Аб такой вар"яцкай рабоце яго сказалі дырэктару, і той загадаў вартаўніку выганяць усіх і зачыняць чарцёжную ў дзевяць гадзін вечара. Тады Пятро пачаў прыходзіць у шэсць гадзін раніцы, калі чарцёжную адчынялі для ўборкі. Такім чынам ён за колькі дзён зрабіў тое, што планавалася зрабіць за месяц.Напярэдадні Першага мая ён паехаў да Сашы. Ехаў спакойна, без хваляванняў і лішніх думак. Пехатою не пабег ад Рэчыцы - дарога гразкая, а цэлую ноч чакаў на прыстані, у халоднай і бруднай зале, парахода.Потым цярпліва плыў паўдня, любуючыся разлівам Дняпра. А Дняпро цудоўны ў гэты час! Ён разліваецца на многа кіламетраў ушырыню, залівае лугі, лазнякі. Дубы на нізкім левым беразе стаяць па голле ў вадзе, а правы бераг ужо не выглядае такім абрывістым і высокім. Параход ідзе бліжэй да абрыву, і з верхняй палубы відаць вуліцы вёсак - гразкія, але ажыўленыя і па-вясноваму прыгожыя. І ўсюды дзеці гуляюць у «клёка» і ў мяча.Саша шчыра ўзрадавалася яго прыезду. Яна, безумоўна, не кінулася цалавацца, а стрымана падала руку, але радасць адбілася ў яе на твары і ў вялікіх блакітных вачах. Яна прыжмурыла іх у вясёлай усмешцы і сказала да гаспадыні:- Ну вось, Аня, зноў прыехаў «брат». - Яна так сказала слова «брат», што гаспадыня весела засмяялася.- Ды брат жа, брат! Не дваюродны, а самы родны, - праспявала яна, прыветліва паціскаючы хлопцу руку.Гэтыя яе весялосць і прыветлівасць адразу, у адзін момант, прымірылі з ёй Пятра. Ён зразумеў, што яна, як добры друг Сашы, усё ведае і цяпер, напэўна, будзе ставіцца да яго гэтак жа прыхільна і шчыра, як і да сваёй кватаранткі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34