1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

Непаўторная вясна

- Ты не спіш? Спі. Мяне зноў клічуць. - Яна пацалавала яго і, узяўшы ў рукі чаравікі, каб не стукаць абцасамі па падлозе, выйшла.Пятро з нейкай дзіўнай радасцю падумаў, што недзе зноў народзіцца чалавек, зноў прыйдзе радасць у хату, і ад думкі гэтай адразу зніклі яго трывога, неспакой, быццам ён раптам упэўніўся ў непераможнасці жыцця. Ён хутка заснуў. Прачнуўся на світанні ад дотыку Сашыных рук: яна лажылася побач. Цела яе было халоднае, і ўся яна пахла свежым сенам, дарожным пылам і ёдам. А праз гадзіну яе выклікалі зноў.За снеданнем Саша сказала:- Сёння прыняла двух цудоўных хлопчыкаў.- Зноў хлопчыкі! - без захаплення сказала Аня. - На вайну гэта, кажуць, калі родзяцца адны хлопчыкі...- Ніякай вайны не будзе! Усё гэта бабскія выдумкі! - сказаў Пятро аўтарытэтна, як належыць сталаму мужчыну сярод жанчын.Калі не лічыць начных думак і трывогі, ён сапраўды быў перакананы, што вайны не будзе, а калі вораг нападзе, то будзе разбіты адразу, за які тыдзень-два. Як і большасць яго равеснікаў, ён бязмежна верыў у магутнасць арміі, у якой будзе служыць.Саша цяжка ўздыхнула. Пасля прызналася Пятру:- Я ніколі нічога не баялася і ніколі не думала пра гэта... А цяпер баюся...- Чаго?- Вайны. Ведаеш, калі маеш шчасце, дык, мабыць, заўсёды баішся яго страціць... Праўда?У хуткім часе ёй давялося перажыць за сваё шчасце сапраўдны страх, а не толькі ўяўны - ад думак.Пасля выпускнога вечара будучыя тэхнікі-аўтамабілісты і дарожнікі паехалі за горад і там трапілі пад праліўны дождж. Пятро прастудзіўся і захварэў на двухбаковае запаленне лёгкіх. Па тым, якое кароткае было яго пісьмо - два нейкія сказы без знакаў прыпынку: «Сашок я захварэў запаленнем Ляжу ў Першасавецкай Цалую цябе», - і па тым, якой слабой рукой гэта было напісана - крывыя, разрозненыя літары, - Саша зразумела, што муж вельмі цяжка хворы. Разгубленая, спалоханая, яна прыбегла з амбулаторыі да гаспадыні і ўпершыню заплакала пры ёй; дагэтуль калі часамі і плакала, дык употай, каб ніхто не бачыў.- Чаго ты? - здзівілася гаспадыня.- Я вельмі баюся, што ён памрэ, - як дзіця, усхліпнула Саша.- Другога знойдзеш, - магчыма, хацела пажартаваць гаспадыня, але сама пасля была не рада: Саша адхіснулася, і вочы яе бліснулі іскрамі гневу і варожасці.- Як вам не сорамна, Аня! Вы самі пахавалі мужа. Я кахаю яго, ён мне даражэй за ўсё на свеце... даражэй жыцця...Ані да болю стала сорамна, яна таксама заплакала.- Даруй, Шурачка, хіба я хацела паганае сказаць, так... не ўтрымала языка... Божа мой, такі наш лёс жаночы!..- Я зараз жа паеду да яго. Яму будзе лягчэй, калі я буду пры ім...- Як ты паедзеш? А работа?- А што работа? Хіба што здарыцца за дзень-два? Я ж хутка вярнуся... Я толькі пабачу яго, суцешу...- Але ж закон гэты...Сапраўды, незадоўга перад гэтым выйшаў закон, згодна з якім за прагул, за спазненне на работу аддавалі пад суд. Сашу, добрасумленную ва ўсім, крыштальна чыстую, заўсёды страшыла думка, што і яна можа неўзнарок трапіць на лаву падсудных. А як яна дакажа, што ёй трэба было абавязкова ехаць, яны ж нават не запісаны ў загсе?- Не, я паеду. Што будзе - тое і будзе, а я не магу не ехаць.- То папрасі ў старшыні каня, я падвязу хоць цябе...- Дзе яго знойдзеш, старшыню! Ды і лепш, каб ніхто не ведаў. Я пайду да Рэчыцы... Паспею на рабочы поезд.- Проці ночы ў такую дарогу? Божачка мой! - спалохалася гаспадыня.- Аня, вы не адгаворвайце мяне. Я не маленькая. Што мне ноч!..

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34