Непаўторная вясна
- Цёткі! Да Холмеч далёка? - баючыся натрапіць на людзей з той вёскі, дзе працуе яна, яго Саша, бо такія людзі абавязкова пачалі б дазнавацца, да каго ён едзе, Пятро хітра пытаўся пра адлегласць да суседняга мястэчка. Пытаўся проста так - для забаўкі, бо ўжо дакладна ведаў ад гаваркога стрэлачніка, колькі кіламетраў не толькі да Холмеч, але да кожнае вёскі па гэтым шляху.- Да вечара паляжы - бліжэй будзеш, - засмяялася адна з маладзіц.- Відаць, дадому так спяшаецца, а маці недзе чакае не дачакаецца, - з дакорам сказала старая. Мабыць, яны бачылі яго тут, на гэтай лаўцы, калі яшчэ ехалі ў горад, бо самая маладая зноў пажартавала:- Да нявесты нябось даўно пяшком дабег бы.Словы яе ўкалолі хлопца, яму стала сорамна за тое, што ён ляжыць. Пятро ўзяў партфелік і адышоў убок, каб не чуць іх смеху і жартаў. Але неўзабаве пад"ехаў і спыніўся грузавік, і жанчыны, загрымеўшы бітонамі, пачалі шумна залазіць у кузаў. Пятро падышоў і спытаў у шафёра, ці можна пад"ехаць.- Пяць рублёў, - буркнуў тоўсты чырванатвары чалавек, больш падобны на дырэктара маслазавода, чым на шафёра.Гэта было дорага, а тым больш для беднага студэнта, у якога ў кішэні ляжала ўсяго нейкая дзесятка; за гэтыя грошы яму трэба было вярнуцца са свайго няблізкага падарожжа назад. Таму ён уедліва сказаў чырванатвараму вадзіцелю:- Дзякую за ласку, - і рушыў назад, да пераезда.Жанчынам, мабыць, стала шкада юнака. Яны нешта сказалі шафёру і паклікалі:- Ідзі садзіся. Чаго там! Можа, пасватаешся да нашых дзяўчат!Шафёр таксама лагодна крыкнуў:- Гэй, ты! На гонары далёка не паедзеш! Садзіся. Давязу.Пятро не азірнуўся. Толькі калі машына рушыла і крыху асеў пыл, ён павярнуўся і шпарка закрочыў следам за ёй, туды, дзе канчаўся невялікі сасняк і адкрывалася шырокае поле.Хто ішоў па дарозе ад Рэчыцы на Лоеў, той ведае, якая гэта сумная і цяжкая дарога, асабліва ў летнюю спёку. Яна цягнецца па голай, як стэп, раўніне і нават першыя трыццаць кіламетраў - да Холмеч - абмінае зялёныя аазісы вёсак, дзе падарожны мог бы напіцца з калодзежа сцюдзёнай вады і адпачыць у цені вербаў ці вішняку. Ні дрэўца, ні кустоў, ніводнай рачулкі, ёсць некалькі равоў, па якіх сцякае ў Дняпро вясновая вада, ды ў жніўні яны заўсёды сухія. Але самае пакутлівае на той дарозе - гэта ўвесь час бачыць недалёка злева густую сцяну лесу, а з узгоркаў, бліжэй да лесу, паміж яркай зеляніны лугу, - паласу вады, што спакусліва паблісквае на сонцы. Але да Дняпра - два-тры кіламетры. І, вядома, не ў кожнага пешахода хапае волі падоўжыць свой шлях на некалькі кіламетраў, каб пакупацца. Раней дарога вяла паўз самы Дняпро, праз вёскі Жмураўка, Заспа, Левашы, але нейкі дарожны начальнік, які, мабыць, ніколі не хадзіў пехатой, вырашыў пракласці яе полем, каб зрабіць больш простай, кароткай і нібыта больш праезджай вясной і ўвосень. Ды ад гэтага яна не стала ні карацейшай, ні больш праезджай у непагоду. Добра, што ў наш шчаслівы час, калі ўсюды столькі машын, нават закаханыя паэты не ходзяць пехатой. А ці добра? Прайсці аднаму па добрай дарозе і ў добрым настроі - хіба не прыемна гэта? Колькі перадумаеш усяго, як хораша памарыш, паспрачаешся са сваімі праціўнікамі! А колькі варыянтаў новай рэчы - я маю на ўвазе нашага брата, пісьменніка, - можа з"явіцца ў выніку гэтага роздуму, колькі нечаканых і цікавых сюжэтных ходаў раптам знаходзіш. Ніхто табе не перашкаджае, ты можаш размаўляць са сваімі героямі, гаварыць за іх, прыслухоўвацца да іх галасоў, спяваць, не маючы слыху, складаць вершы, не маючы таленту, - адным словам, можаш рабіць, што хочаш. Амаль нідзе не адчувае чалавек сябе больш вольным, як у дарозе, і асабліва сярод шырокага поля, калі ўсё відаць далёка навокал і ты ўпэўнены, што ніхто не чуе тваіх думак.