Непаўторная вясна
На наступны дзень Сашу яшчэ да снедання павезлі ў суседнюю вёску. Прыехаў па яе сам старшыня калгаса, тоўсты вясёлы чалавек, які, убачыўшы Пятра, раптам пачаў віншаваць дзяўчыну і вельмі збянтэжыў гэтым іх абаіх. Саша паабяцала хутка вярнуцца, але не вярнулася і на абед. Тады, не маючы больш сіл сумаваць і думаць ліха ведае што, Пятро пайшоў у тую вёску, куды яна паехала. Яму «пашанцавала». Ён сустрэў Сашу ў канцы вуліцы. Яна стаяла з нейкім маладым чалавекам і весела размаўляла. У Пятра ёкнула сэрца, але ён рашуча наблізіўся. Саша здзівілася, убачыўшы яго.- І ты тут? - спытала яна і пачырванела.Гэта ўзмоцніла яго падазронасць, ён тут жа ўспомніў, што і роды пазаўчора яна прымала ў гэтай жа вёсцы. Кроў балюча стукнула ў скроні.- Знаёмцеся, - сказала яна. - Гэта мой... брат.Малады чалавек, які, аднак, быў гадоў на пяць старэйшы за Пятра, з усведамленнем уласнай годнасці працягнуў руку і назваў увесь свой «тытул»:- Настаўнік Уладзімір Іванавіч Лялькевіч.Пятро ў адказ буркнуў адно імя.- Хадзем, Аляксандра Фёдараўна, пагуляем у валейбол, у школе якраз мае калегі і вучні старэйшых класаў сабраліся, - прапанаваў настаўнік.Саша адразу згадзілася, і гэта яшчэ больш балюча разанула па сэрцы юнака. «Яна з радасцю згаджаецца, не думаючы, што я прыйшоў па яе, што я не абедаў...»Сарамлівы ад прыроды, Пятро заўсёды адчуваў сябе няёмка і быў нязграбны сярод людзей незнаёмых, асабліва ў прысутнасці дзяўчат і жанчын. Тым больш цяжка было яму знаёміцца з настаўнікамі і настаўніцамі ў такім душэўным стане: ён не мог вымавіць слова, не мог адказаць на жарт. Да таго ж ён не ўмеў гуляць у валейбол. Упершыню гэты недахоп здаўся яму страшэнна ганебным. Пятро згараў ад сораму. Ён сядзеў збоку і з рэўнасцю глядзеў, як весела гуляюць на пляцоўцы. Не адводзіў вачэй ад Сашы і Ўладзіміра, заўважаючы кожны іх рух, ловячы кожнае слова, якое яны гаварылі адно аднаму. Яны гулялі ў адной камандзе, былі ўвесь час побач і, як здавалася Пятру, знарок білі па мячы адначасова, каб дакрануцца адно да аднаго. І ўвесь час весела смяяліся. Між іншым, Пятро пачуў, як Уладзімір сказаў ёй:- Што гэта ваш брат такі бука? А яшчэ студэнт!Саша ішла дадому вясёлая, узрушаная гульнёй і гарэзліва пазірала на свайго каханага, разумеючы, чаму ён такі. А Пятро ішоў пануры, маўклівы, злосна збіваў дубцом прыдарожны быльнік, узнімаў пыл нагамі, не шкадуючы сваіх ненадзейных чаравікаў і адзіных штаноў.- Чаго ты сапеш, як кавальскі мех? - са смехам спытала Саша.Ён не адказаў.- Ці не раўнуеш ты часам? - жартавала далей яна. - Вось гэта мне падабаецца! А ты ж увесь час даказваў, што гэта - перажытак... а ты - чалавек новы, перадавы... І раптам... заразіўся перажыткамі? Ха-ха-ха... - смяялася яна. - Чаму ты маўчыш?Яму нечага было сказаць, бо сапраўды ён увесь час сцвярджаў, што рэўнасць - гэта ганебная пляма мінулага, якая непазбежна павінна знікнуць у людзей сацыялістычнага грамадства. Але гаварыць няпраўду Пятро не хацеў: «Няхай ведае, што ўсё з-за яе паводзін». Ён яшчэ доўга ішоў моўчкі, не адказваючы на Сашыны кпіны і жарты, потым сумна сказаў:- Я пайду.- Куды? - не зразумела Саша.- Да бацькоў. Куды ж я магу яшчэ пайсці!Саша адразу змоўкла - куды падзелася яе гарэзлівасць! Яна не ведала, што адказаць. Не магла сказаць: «Ідзі», бо гэта значыла б бадай што выгнаць яго, і не магла прасіць - не дазваляла гордасць. Яна ўздыхнула:- Цябе чамусьці неўзлюбіла Аня.