1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

Непаўторная вясна

- Што ты?! Мы толькі дагавор заключылі! Такі дагавор! Аб ненападзе і дружбе!Паведамленне пра вайну ў Польшчы ўсхвалявала Пятра, але зусім па-іншаму: ён, як і шмат хто з яго равеснікаў, прагнуў гераічнага подзвігу і лічыў, што героем можна стаць толькі на вайне. Гаспадыня спалохалася больш за ўсіх - за мужа-салдата. Ёй хацелася хутчэй даведацца, што гавораць людзі старэйшыя, паважаныя, і яна пабегла ў сельсавет. Выкарыстаўшы, што яны засталіся адзін на адзін, Люба без дзявочай сарамлівасці абняла Пятра.- Ведаеш, Пеця, я баюся, каб мяне не ўзялі ў армію.Пятра перасмыкнула ад гэтых слоў. Ён, як і ўсе яго сябры, лічыў службу ў арміі за гонар і з нецярплівасцю чакаў, калі яго прызавуць. Як жа ён мог паважаць чалавека, які баіцца арміі? Люба стала яму з гэтага моманту проста ненавіснай, і Пятро сур"ёзна задумаўся, як хутчэй пайсці адгэтуль. Дзіўная рэч! Тады, калі ён адчуў сябе пакутнікам, абражаным і прыніжаным, у яго хапіла рашучасці пайсці ад любага чалавека, а цяпер гэтай рашучасці не было: не мог ён на ласкавасць і цеплыню адказваць няўдзячнасцю і грубасцю нават чалавеку абрыдламу. Але і заставацца больш ён не мог тут, а таму вырашыў уцячы тайком, без тлумачэнняў.Гаспадыня вярнулася заспакоеная і зноў, прыветлівая, гаманкая, завіхалася па хаце, гатавала, мяркуючы па пахах, даволі смачны абед. Любу паклікалі да нейкай хворай дзяўчынкі. І Пятро выкарыстаў гэты момант. Выйсці з партфелем з хаты, не сказаўшы слова гаспадыні, было немагчыма. Тады ён зрабіў інакш: непрыкметна ўсунуў у партфель кепку, гэтак жа непрыкметна адчыніў акно на вуліцу і паклаў на падаконнік партфель. З хаты выйшаў як быццам прагуляцца. Пастаяў перад акном, пакуль не адвярнулася гаспадыня і не апусцела паблізу вуліца. Ціха ўзяў з падаконніка партфель і, азіраючыся, як злодзей, шмыгнуў у першы завулак. Вельмі баяўся сустрэцца з Любай, бо не ведаў, у які бок яна пайшла. Але яму пашанцавала: без прыгод ён дабраўся да лесу, абышоў па лесе вёску, выйшаў да Сожа і на рыбацкай лодцы пераправіўся на другі бок. Там, на лузе, ён адчуў сябе ў бяспецы і з прыемнасцю пераначаваў у стозе сена.IVМінулі восень і зіма. Для Пятра час гэты праляцеў хутчэй і весялей, чым для Сашы. Ён зноў ездзіў на практыку, самую адказную, пераддыпломную, і ездзіў у цікавае месца - у толькі што вызваленую Заходнюю Беларусь, амаль на самую мяжу, дзе будаваўся ладны ўчастак важнай дарогі. Паездка была ганаровая - не ўсіх туды паслалі, толькі траіх, самых надзейных і актыўных камсамольцаў. Там усё было незвычайнае: людзі, якія дваццаць год пражылі ў няволі, іх расказы аб барацьбе, звычаі, вечарынкі моладзі, якія сябры наведвалі ў вёсках, сама практыка амаль на ваенным аб"екце, блізкасць мяжы, за якой стаялі немцы... Усё гэта хвалявала маладую цікаўную натуру Пятра, рабіла жыццё разнастайным, багатым на ўражанні, многа было нечаканых сустрэч, новых захапленняў. У гэтым водавароце ён часам забываўся на Сашу і пісаў ёй рэдка: разы два ў месяц, па сутнасці, толькі адказваў на яе пісьмы, хоць раней пісаў амаль штодзень. Увогуле ён стаў больш стрыманы ў сваім каханні і, апраўдваючы сябе, лічыў гэта за адзнаку сталасці. Але хутчэй за ўсё гэта была юнацкая самаўпэўненасць.Саша напісала першая пасля таго, як ён так нечакана і з крыўдай пайшоў ад яе. Ён прыйшоў у Гомель і атрымаў пісьмо - стрыманае, але ласкавае, добрае, у якім яна па-сяброўску шчыра і па-даросламу мудра раіла не звяртаць увагі на дробязі, калі толькі ў сэрцы ёсць сапраўднае каханне. Ён узрадаваўся і адразу забыўся на ўсе свае крыўды. Але разам з гэтай радасцю прыйшоў той самаўпэўнены спакой, які часта губіць нават гарачае пачуццё.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34