1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34

Непаўторная вясна

- Ведаеш, ты менш хадзі цяпер, няхай возяць... А то будзеш бегаць у дальнія вёскі, асабліва зімой...- Чаму - менш?..- «Чаму, чаму»! Ты ведаеш - чаму...- Дурненькі ты... Ты нічога не разумееш. Хадзіць трэба больш. Гэта карысна і мне, і яму...- Ёй!Саша засмяялася:- Які ты ўпарты. Усё адно...Поле перад імі ляжала роўнае, голае, толькі з аднаго боку позірк цешыла маладая рунь азіміны, а з другога - як кінуць вокам - цягнуліся шэрая пожня і чорная ралля. Ніводнай жывой істоты, калі не лічыць адзінокага трактара, што поўзаў удалечыні, на схіле ўзгорка, чорным жуком. З-за таго ж узгорка выглядалі верхавіны таполяў у прыдняпроўскай вёсцы.- Колькі разоў я цябе сустракала тут і праводзіла! За аднаго паўгода! Адны сустрэчы і расставанні... Хаця б месяц пажылі разам! - У голасе Сашы гучалі дакор і скарга.- Дурань я, што паехаў пасля хваробы на працу. Я ж мог быць дагэтуль з табою. На паўтара месяца паляцеў у такую далеч.- Я ж казала табе. Ты - упарты...- Ды хіба я не хацеў застацца! Сашок! - Ён узяў яе за локаць, сціснуў і прытуліўся шчакой да яе пляча. - Але гэты закон... Баяўся, што будуць непрыемнасці...- Мы ўсяго баімся. І калі мы ўжо не будзем баяцца?- Саша, мілая, дамаўляліся не гаварыць пра сумнае.Саша ўздыхнула:- Я і дагэтуль не занесла ў сельсавет тры рублі.Успамін пра тое, як яны колькі дзён назад пайшлі ў сельсавет запісацца і як у іх не аказалася трох рублёў заплаціць пошліну, заўсёды смяшыў іх. Але цяпер і гэты ўспамін здаўся Пятру вельмі сумным: у яго наогул не было грошай. Ён і дагэтуль быў па-студэнцку бедны, і Саша дала яму на дарогу. Каб змяніць тэму размовы, ён успомніў пра іншае:- Смешна, як мой бацька крычаў, што толькі дурні жэняцца перад арміяй, калі я сказаў дома, што ажаніўся. Ім цяжка зразумець. Яны ніколі не зразумеюць, што інакш і быць не магло ў нас... Праўда, Сашок?- А я сваім і дагэтуль не прызналася.- Ты напішы ім.- Каму? Бацьку і мачысе?- Сястры. І маім напішы...- А што напісаць?- Маці толькі прасіла. Ты зразумей... - Яму здалося, што яна не хоча пісаць.- Я разумею, я напішу, сёння ж напішу, - заспакоіла яго Саша.Раптам яны змоўклі. Угары над імі пачулася сумнае курлыканне. Яны спыніліся, узнялі галовы і ў чыстым блакіце неба ўбачылі жураўлёў, роўны клін іх аддаляўся на поўдзень. Жураўлі курлыкнулі толькі адзін раз, але так жаласна і працягла, быццам развітваліся з нечым вельмі родным. Далей ляцелі моўчкі. Саша доўга позіркам праводзіла іх. Пятро ўбачыў, як па шчоках у яе скаціліся слёзы. Ён асцярожна паклікаў яе. Саша закрыла твар далонямі, а калі адняла рукі - вочы былі сухія.- А ўсё-такі гэта цяжка... Вельмі цяжка... Божа мой! Тры гады! Народзіцца і вырасце дзіця! А цябе не будзе!..- Саша, любая мая, харошая... Я ж праз год прыеду ў водпуск... Мне ж дадуць водпуск. Я буду старацца, буду прасіць... Ты не хвалюйся. - Ён адчуваў, што суцяшае яе наіўна, але іншых слоў не знаходзіў.- Ну, добра, пойдзем. У цябе яшчэ вялікая дарога. Добра, калі сядзеш на машыну.Яны выйшлі на шлях, абсаджаны маладымі бярозкамі, клёнікамі і таполямі. Дрэўцы стаялі ўжо голыя - дзе-нідзе сіратліва трапяталі адзінокія лісцікі, і ад гэтага дарога здавалася яшчэ больш маркотнай і пустой.- Можа, вернешся, Сашок? - нясмела прапанаваў Пятро. - Табе цяжка будзе...- Мне?.. А табе? Не, я пайду яшчэ. Я далёка пайду... Каб я магла вось так ісці з табой увесь час... усё жыццё...- Я буду адчуваць цябе заўсёды побач... - Ён абняў яе за плечы, прытуліў да сябе, і так яны ішлі ўзбоч шырокага шляху, разбітага і пыльнага нават увосень.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34