Непаўторная вясна

Хворыя не прыходзілі - амаль усе перабылі раніцой. Яны сядзелі ўдваіх і хораша гутарылі: успаміналі агульных сяброў, розныя смешныя здарэнні, расказвалі адно аднаму аб прачытаных за апошні час кнігах.- А я яшчэ раз перачытаў «Што рабіць?», і мне не спадабалася жыццё Веры Паўлаўны. Не разумею, чаму табе хочацца жыць так, як яна, - сказаў Пятро.- Не, я і зараз мару жыць так, як яна. Працаваць вось так, кахаць - і больш нічога.- І ніколі не мець дзяцей? - упершыню адважыўся ён на такое сталае пытанне.Яна здзіўлена паглядзела на яго.- Дзяцей? Я ніколі не думала пра гэта. - Яна памаўчала, задумліва кусаючы пазногаць. - Не, дзіця я хацела б калі-небудзь мець. Але, ведаеш, я вось гляджу на многія сем"і, дзе муж, жонка, дзеці, і мне страшна робіцца - як непрыгожа людзі жывуць!.. Я не хачу так жыць!Пятро падышоў і абняў яе ззаду за плечы, дакрануўся вуснамі да яе мяккіх валасоў, удыхаючы іх своеасаблівы, ап"яняючы водар.- Мы з табой будзем жыць прыгожа, Сашок.Яна неяк сціснулася ад гэтых слоў, быццам баронячыся ад удару, ссутуліла плечы.- А мне чамусь здаецца, што мы ніколі не будзем разам...- Ну што ты! - спалохаўся ён.- Я не магу ўявіць цябе... - Ёй, відаць, цяжка было вымавіць, і яна грэбліва зморшчылася і застукала трубкай фанендаскопа па стале, быццам жадаючы заглушыць яго, непрыемнае слова гэта, - мужам... Я не хачу, каб ты стаў, як усе... я мару, каб ты заўсёды быў вось такі... далёкі, жыў у маіх марах - і ўсё. Я баюся, што, калі здарыцца інакш, гэта знішчыць усё светлае, што ў нашых адносінах, што ў маёй душы... Усё-ўсё...- Сашок, жыццё ёсць жыццё. І наўрад ці будзем мы выключэннем. Мы - людзі.- О! Які ты стаў! - здзівілася яна і, энергічным рухам вызваліўшыся з яго абдымкаў, адышла да акна, села на падаконнік.Пятро сам здзіўляўся сваёй нечаканай смеласці і жыццёвай «мудрасці»: ніколі раней ён на такую тэму не адважваўся гаварыць і наогул разважаў інакш, прыкладна гэтак жа, як цяпер яна. Калі ж у яго з"явіліся такія думкі? Учора ён спалохаўся, што Саша стала залішне практычная і разважлівая, а сёння атрымлівалася наадварот: Саша думае па-ранейшаму, а ён - як усе. Гэтага «як усе» яны заўсёды баяліся.Наіўнае юнацтва! Табе здаецца, што ты выключнае, што ты самае разумнае, мудрае, не падобнае на ўсіх, і жаданні ў цябе недасягальныя! Не адразу да цябе прыходзіць разуменне, што «як усе» - гэта не дакор; мудрасць, разумнасць і чалавечая вартасць якраз у тым, каб раўняцца на ўсіх - на людзей, на калектыў, на чалавецтва. Не адразу ты пачынаеш разумець, што хараство не ў тваіх незямных марах, не ў тваім імкненні да выключнасці, а ў жыцці людзей і што людзі выпрацавалі самае прыгожае, высакароднае, карыснае, разумнае і ў навуцы, і ў мастацтве, і ў адносінах паміж сабой - у каханні, у сям"і. З разумення гэтых надзвычай простых ісцін і пачынаецца твая сапраўдная сталасць, юнак.Магчыма, што і Пятро ў той дзень зрабіў крок да сталасці, хоць крок той быў нязначны. Але шмат значыла ўжо і тое, што яго ўпершыню не спалохала думка, што ён разважае, як усе.- Ты чаму села там? - спытаў ён.- Цябе баюся, - гарэзліва адказала Саша.- А я цябе і там пацалую.Яна адгарадзілася рукамі.- Не падыходзь, людзі з вуліцы глядзяць. Цішэй, нехта сюды ідзе.Яна саскочыла з падаконніка, паважна села за стол. У амбулаторыю зайшла маладая жанчына, сарамліва прывіталася.- Табе, Пятро, прыйдзецца ісці пагуляць, - сказала Саша.Выходзячы, ён пачуў, як жанчына сказала: